28 красавіка 1945 года. 11 дзён да Перамогі
На тэрыторыі Германіі часці Чырвонай арміі і саюзнікаў злучыліся. Заклікі да 1 Мая. Чырвоная армія рухаецца з баямі па Берліне. Ганаровы грамадзянін горада Брэста С.М. Крывашэін. Газеты: “Звязда” (№ 78), “Советская Белоруссия” (№ 77), “Совецкая радзіма” (№ 69).
Газеты БССР у гэты дзень выйшлі з асабліва радаснай весткай, якая здарылася 25 красавіка: у раёне горада Таргау (Германія) “часці Чырвонай арміі злучыліся з саюзнымі нам англа-амерыканскімі войскамі”. Гэту падзею віталі кіраўнікі СССР, Вялікабрытаніі і ЗША ў сваіх зваротах да саюзных армій і савецкія людзі на фронце і ў тыле (“Звязда”, № 78, с. 4; “Советская Белоруссия”, № 77).
Як стала вядома значна пазней, у гэты дзень 75 гадоў таму ў канцлагеры Дахау недалёка ад Мюнхена (у зоне дзеяння саюзнікаў) падпольная арганізацыя зняволеных падняла паўстанне і сарвала план знішчэння вязняў, якія яшчэ заставаліся тут жывымі. На наступны дзень сюды ўвайшлі амерыканскія войскі.
Цэнтральныя газеты БССР на першых палосах апублікавалі “Заклікі Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) на 1 Мая 1945 года”, у якіх партыя звяртаецца да народаў Еўропы і свету, воінаў Чырвонай арміі, рабочых, калгаснікаў, інтэлігенцыі і г.д. Усё гэта будзе гучаць з трыбун падчас першамайскай дэманстрацыі, якая, як звычайна ў савецкія часы, будзе шматлюднай, а напярэдадні хуткай перамогі – асабліва ўрачыстай.
Працягваецца сесія Вярхоўнага Савета СССР, апублікаваны агляды пасяджэнняў Савета Саюза і Савета нацыянальнасцей. Асвятляецца праца канферэнцыі ААН, апублікавана выступленне В.М. Молатава, кіраўніка савецкай знешняй палітыкі, народнага камісара па замежных справах СССР, на прэс-канферэнцыі і яго адказы на пытанні карэспандэнтаў (“Звязда”, № 78; “Советская Белоруссия”, № 77).
На рэках і каналах Палескай вобласці актыўна вядуцца сплавінныя працы. Да вайны гэтай справай займаліся мужчыны, а цяпер сплаўшчыкі-мужчыны, што засталіся ў тыле, перадаюць свой вопыт жаночым брыгадам (“Советская Белоруссия”, № 77).
“Совецкая радзіма” (№ 69) таксама дзеліцца са сваімі чытачамі навінамі: працягваецца сацыялістычнае спаборніцтва па веснавой сяўбе паміж раёнамі Бабруйскай вобласці; калгасы завяршаюць сяўбу ранніх яравых культур; завод па вырабе шкла “Камінтэрн” высокімі тэмпамі аднаўляецца і неўзабаве мае намер наладзіць вытворчасць вельмі запатрабаванай у БССР прадукцыі; прадпрыемствы рыхтуюцца адсвяткаваць 1 мая перавыкананнем планавых паказчыкаў.
На 4-й старонцы газеты “Звязда” (№ 78) – вялікі артыкул “Аб рэпертуары Опернага тэатра”, дзе распавядаецца пра пастаноўкі беларускіх опер “Алеся” і “Міхась Падгорны” Я. Цікоцкага, оперы Дж. Расіні “Севільскі цырульнік”, у якой вызначыліся талентам народныя артысты БССР Л.Ф. Аляксеева, І.М. Балоцін, А.Д. Арсенка, М.І. Дзянісаў. Рыхтуецца да пастаноўкі знакавая для тэатра опера Ж. Бізэ “Кармэн” (рэжысёр – Б. Пакроўскі), якая прымеркавана да дваццаціпяцігоддзя вакальна-сцэнічнай дзейнасці Ларысы Александроўскай (у адной з папярэдніх публікацый была прэзентавана кніга з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Ларыса Пампееўна Александроўская”, выдадзеная ў Мінску да гэтай падзеі).
Але ўсё роўна ці на оперным спектаклі, ці за працай ля станка, ці за рулём трактара або ў інстытуцкай аўдыторыі не-не і мільгане думка: “Як там нашы ў Берліне? Ці хутка?”
Карціна няўхільнага руху нашых войскаў у гэтым горадзе – пяхоты, танкаў, артылерыі, прадстаўлена ў рэпартажы савецкага кінарэжысёра і журналіста Рамана Кармэна, апублікаваным у “Известиях” і перадрукаваным у газеце “Звязда” (№ 78, с. 4). Аўтар правёў адну з начэй напярэдадні непасрэднага штурму Берліна ў штабе генерал-лейтэнанта танкавых войскаў С.М. Крывашэіна. Цікава, што гэты генерал меў пэўнае дачыненне да Беларусі. Войскі пад яго камандаваннем прымалі ўдзел у вызваленні Брэста. Сёння там ёсць вуліца, названая ў яго гонар, ён ганаровы грамадзянін горада, Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага ўнесла звесткі пра яго ў базу даных “Краязнаўства Берасцейшчыны”. Пасля вайны Сямён Маісеевіч, удзельнік і Грамадзянскай, і Вялікай Айчыннай, напісаў некалькі кніг, некаторыя з іх захоўваюцца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі, у адной з іх маюцца звесткі аб падзеях і людзях, звязаных з Беларуссю, – “Междубурье: Воспоминания” (Варонеж – Белгарад, 1964).
У сваёй кнізе “Ратная быль: Записки командира механизированного корпуса” (Масква, 1962) С.М. Крывашэін піша пра апошнія дні вайны: “В жесточайших боях под Москвой, под Ленинградом, на крутых берегах Волги не один из нас мечтал побывать на реке Шпрее и добить врага в Берлине”. “И вот мы пришли к Шпрее, – працягвае ён, апісваючы баі і сам горад на яе берагах. – Гитлеровцы обороняются с невиданным еще упорством. Все улицы пересечены баррикадами, завалены каменными глыбами. «Стреляет» каждое окно в доме, каждый камень развалины: это не город, а огнедышащее многоголовое чудовище, извергающее сталь и огонь из всех своих пастей. По существу, в нём нет ни площадей, ни скверов – везде окопы, блиндажи, огневые позиции пехоты, артиллерии и танков… Огромные клубы чёрного дыма поднимаются и висят над Берлином. Город горит…” (с. 235–236).
Павольна ідзе прасоўванне нашых войскаў па Берліне. Кожны дом савецкім салдатам даводзіцца адваёўваць, праяўляючы знаходлівасць, кемлівасць і мужнасць, выкарыстоўваючы любы выступ сцяны, комін, каб своечасова схавацца, засцерагчыся ад кулі і ў адказ – не прамахнуцца.
11 дзён засталося да Перамогі…