Навука і інавацыі
Сучасная беларуская навука – гэта магутная інтэлектуальная індустрыя, якая развіваецца з прыцэлам на практыку, на ўкараненне вынікаў даследаванняў ва ўсе сферы народнай гаспадаркі краіны. Рэкамендацыі вучоных леглі ў аснову найважнейшых нацыянальных праграм: па атамнай энергетыцы, космасе, рэсурсазберагальных тэхналогіях, развіцці сяла і малых гарадоў Беларусі.
Беларусь уваходзіць у лік дзяржаў з высокім узроўнем навукова-тэхнічнага развіцця. За апошнія гады ўдалося захаваць і ўмацаваць навуковы патэнцыял краіны. Па стане на канец 2017 г. у рэспубліцы акрэдытаваны 222 навуковыя арганізацыі, у тым ліку 76 арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 36 – Міністэрства адукацыі, 25 – Міністэрства аховы здароўя, 13 – Міністэрства прамысловасці, 9 – Дзяржаўнага камітэта ваеннай прамыслолвасці, 63 арганізацыі іншай ведамаснай падпарадкаванасці. Доля занятых навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі – каля 0,6% ад занятых у эканоміцы. Колькасць даследчыкаў у разліку на 1 млн жыхароў у 2016 г. складала 1776 чалавек.
Адной з прыярытэтных задач дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі з'яўляецца фарміраванне эфектыўнай арганізацыйнай мадэлі айчыннай навукі. Яна павінна ўяўляць сабой цэласную сетку тэхнічна абсталяваных, укамплектаваных кваліфікаванымі кадрамі, дастаткова вялікіх і ўстойлівых у фінансавым плане арганізацый, якія выконваюць фундаментальныя даследаванні сусветнага ўзроўню і ствараюць прыкладныя распрацоўкі па прыярытэтных напрамках развіцця навукі і тэхналогій з высокім узроўнем канкурэнтаздольнасці.
Важнае месца ў інавацыйнай інфраструктуры займаюць навукова-тэхнічныя цэнтры, якія павышаюць эфектыўнасць узаемадзеяння навукі і вытворчасці. Дзейнасць вучоных накіравана на рашэнне задач па мадэрнізацыі прамысловасці і фарміраванні новай інавацыйнай эканомікі, стварэнне новых вытворчасцей 5-га і 6-га тэхналагічных укладаў.
Сярод прыярытэтных напрамкаў развіцця інавацый у краіне – рэсурсазберагальныя і энергаэфектыўныя тэхналогіі, прамысловыя біятэхналогіі, нанаматэрыялы і новыя крыніцы энергіі, медыцына і фармацыя, інфармацыйныя і аэракасмічныя тэхналогіі, тэхналогіі вытворчасці, перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі, экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне.
Вялікая ўвага надаецца інфармацыйнаму забеспячэнню навукі і інавацый. Найбуйнейшымі бібліятэкамі краіны створана база даных "Вучоныя Беларусі. Гэта карпаратыўны фактаграфічны інфармацыйны рэсурс, які змяшчае даныя аб асобах, якія маюць вучоныя ступені доктара/кандыдата навук, вучоныя званні; навуковых работніках і выкладчыках ВНУ, – аўтарах навуковых публікацый; інфармацыю пра навуковыя арганізацыі і іх структурныя падраздзяленні, а таксама вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе працуюць вучоныя.
Звесткі аб беларускіх навукоўцах і спецыялістах навукова-тэхнічнай сферы і вытворчасці: біяграфіі, галіна навуковай і вытворчай дзейнасці, дасягненні, узнагароды, спіс асноўных навуковых публікацый, бібліяграфічныя апісанні патэнтаў на вынаходніцтвы і карысныя мадэлі Рэспублікі Беларусь прадстаўлены ў базе даных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі "Вынаходнікі Беларусі".
З мэтай развіцця супрацоўніцтва навукоўцаў-суайчыннікаў, якія працуюць у Беларусі і па-за яе межамі, абмену ідэямі і вопытам на Нацыянальным навукова-тэхнічным партале Рэспублікі Беларусь прадстаўлены праект віртуальнага месца сустрэчы "Беларускія навукоўцы за мяжой".
2017 год у Беларусі быў абвешчаны Годам навукi.
Дзейнасць у сферы навукі і інавацый заканадаўча рэгулюецца.
Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі. ЗаконРэспублікі Беларусь
Аб навуковай дзейнасці. Закон Рэспублікі Беларусь
Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Закон Рэспублікі Беларусь
Навукоўцы Беларусі. База даных
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Нацыянальны навукова-тэхнічны партал Рэспублікі Беларусь