Закрыть
image description
Проект Национальной библиотеки Беларуси к 80-летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков.
Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцскіх  захопнікаў.
 Project of the National Library of Belarus for the 80th anniversary of the liberation of Belarus from the Nazi invaders.
image description
image description
Монумент "Мужество" Мемориального комплекса "Брестская крепость-герой". Скульптор А.П. Кибальников.
Манумент "Мужнасць" Мемарыяльнага комплексу" Брэсцкая крэпасць-герой". Скульптар А.П. Кібальнікаў.
The monument "Courage" of the Brest Hero Fortress Memorial Complex. Sculptor A.P.Kibalnikov.
image description
Минск. Монумент Победы.
Мінск. Манумент Перамогі.
Minsk. The Victory Monument.
image description
Минск. Проспект Независимости 9 мая.
Мінск. Праспект Незалежнасці 9 мая.
Minsk. Independence Avenue on May 9th.

Анлайн-рэсурсы аб Вялікай Айчыннай вайне

Гісторыя беларускага народа поўная трагічных падзей. З часам многія з іх сціраюцца з памяці людзей і становяцца здабыткам архіваў. Аднак ёсць падзеі, якія забываць нельга. Адна з іх – Вялікая Айчынная вайна – небывалая па сваіх маштабах і жорсткасці барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая абярнулася для нашай краіны цяжкім выпрабаваннем, мільённымі чалавечымі ахвярамі і вялізнымі матэрыяльнымі стратамі. Беларусь памятае і шануе Вялікую Перамогу, да якой ішлі 1418 доўгіх дзён (22 чэрвеня 1941 г. – 9 мая 1945 г.). Кожны год, асабліва ў дні памятных падзей, мы зноў і зноў звяртаемся да далёкіх тых гадоў, каб не забываць… Памяць аб вайне заклікае нас да адказнасці за мір не толькі на беларускай зямлі, але і на ўсёй нашай планеце. Да гэтага заклікаюць акцыі і мерапрыемствы, запланаваныя для правядзення ў арганізацыях і ўстановах Беларусі ў рамках Года гістарычнай памяці.

Пра Вялікую Айчынную вайну выдадзены тысячы кніг, зняты дакументальныя і мастацкія фільмы, пастаўлены шматлікія спектаклі. Подзвіг народа знайшоў адлюстраванне ў таленавітых творах музычнага і выяўленчага мастацтва, увекавечаны ў манументальнай скульптуры. У той жа час, з развіццём інфармацыйных тэхналогій з'явілася яшчэ больш магчымасцей узнавіць, захаваць і зрабіць даступнай інтэрнэт-карыстальнікам гераічную гісторыю гэтага ўсенароднага подзвігу.

У беларускай інтэрнэт-прасторы цяпер даступна значная колькасць рэсурсаў аб ваенных падзеях і іх удзельніках, партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі, барацьбе падпольных арганізацый з фашыстамі. Асноўнымі ініцыятарамі і стваральнікамі гэтых інфармацыйных рэсурсаў з'яўляюцца архівы, музеі і бібліятэкі. Каштоўнымі інфармацыйнымі анлайн-рэсурсамі становяцца ўласныя сайты ваенна-гістарычных музеяў па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны, якія актыўна развіваюць і папаўняюць віртуальны кантэнт, ствараюць лічбавыя калекцыі дакументаў і іншых артэфактаў, забяспечваюць доступ да іх аддаленым карыстальнікам. Спынімся на найбольш важных і інфарматыўных з іх.

Гэта найперш сайт Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – першага ў свеце музея, прысвечанага самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя, і адзінага ў Беларусі, створанага яшчэ ў гады фашысцкай акупацыі (1944). Дзейнасць музея накіравана на захаванне, вывучэнне і прапаганду дакументальных і матэрыяльных сведчанняў аб подзвігу і ахвярах беларускага народа ў гады вайны ў імя захавання міру на зямлі. Сайт музея ў дадзеным выпадку гэта не толькі інструмент пазіцыяніравання ўстановы на рынку музейных паслуг, канал камунікацыі з рэальнымі і патэнцыйнымі наведвальнікамі, але і важны інфармацыйны рэсурс, які забяспечвае адкрыты доступ усім зацікаўленым да інфармацыі аб музейных фондах і калекцыях, аб навукова-даследчай, экспазіцыйнай і культурна-асветніцкай дзейнасці ўстановы.

Сайт Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» закліканы садзейнічаць увекавечанню подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пабудаваная як ваенны аб'ект, Брэсцкая крэпасць перажыла пажары дзвюх сусветных войнаў, а сёння  з'яўляецца месцам памяці і міру. Тут у адзіным комплексе аб'яднаны месцы баёў, руіны, збудаванні крэпасці і музейныя экспазіцыі. Віртуальны кантэнт накіраваны на раскрыццё фондаў і калекцый, на асвятленне шматаспектнай дзейнасці ўстановы па захаванні гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, аб мужнасці і гераізме абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў 1941 г. Сайт дазваляе ажыццявіць віртуальныя туры па мемарыяльным комплексе, азнаёміцца з мультымедыйнымі праектамі, сярод якіх мастацка-тэматычная выстава «22.06.1941. Трагедыя. Мужнасць. Подзвіг», рэалізаваная сумесна з Музеем Перамогі (г. Масква) да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і абароны Брэсцкай крэпасці.

Сайт Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» адкрыты ў ліпені 2004 года да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Матэрыялы і дакументы экспазіцыі комплексу расказваюць аб бязвінных ахвярах Другой сусветнай вайны. Акрамя матэрыялаў, якія тычацца непасрэдна трагедыі Хатыні, на сайце шмат іншай фактаграфічнай інфармацыі, у тым ліку пра:

населеныя пункты, знішчаныя разам з жыхарамі ў перыяд фашысцкай акупацыі Беларусі і не адноўленыя пасля Вялікай Айчыннай вайны;
населеныя пункты, знішчаныя разам з жыхарамі ў перыяд фашысцкай акупацыі Беларусі і адноўленыя пасля Вялікай Айчыннай вайны;
населеныя пункты, знішчаныя з часткай насельніцтва ў перыяд фашысцкай акупацыі Беларусі і не адноўленыя пасля Вялікай Айчыннай вайны;
населеныя пункты, знішчаныя з часткай насельніцтва ў перыяд фашысцкай акупацыі Беларусі і адноўленыя пасля Вялікай Айчыннай вайны.

У асобны раздзел выдзелены інфармацыйныя матэрыялы аб «Мемарыялах Смутку і Памяці», якія ўстаноўлены ў розных абласцях краіны.

Да 70-годдзя Хатынскай трагедыі Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь і Беларускі фонд свету пры падтрымцы Расійскага фонду садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням «Гістарычная памяць» стварылі электронную базу даных «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны». База даных змяшчае звесткі аб беларускіх вёсках, знішчаных поўнасцю і часткова з насельніцтвам і без жыхароў. Пабудавана па алфавітным прынцыпе і складаецца з дзвюх частак: інфармацыйнай і ілюстрацыйнай. Інфармацыйная частка БД змяшчае наступныя палі:

• назва населенага пункта;
• сучасная адміністрацыйная падпарадкаванасць (вобласць, раён);
• ваенная савецкая адміністрацыйная падпарадкаванасць (вобласць, раён);
• колькасць напярэдадні вайны: двароў, насельніцтва;
• колькасць знішчаных: двароў, насельніцтва;
• дата знішчэння;
• пасляваенны лёс вёскі (адноўлены ці не адноўлены);
• пошукавыя дадзеныя крыніц (архіўныя дакументы, літаратура і інш.).

Ілюстрацыйная частка БД змяшчае дакументы розных фарматаў, якія пацвярджаюць факты спалення:

• лічбавыя копіі архіўных дакументаў;
• гуказапіс Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў;
• фатаграфіі помнікаў, устаноўленых на месцах знішчаных вёсак;
• тэкставыя запісы і гукавыя файлы ўспамінаў выратаваўшыхся жыхароў спаленых вёсак.

Цяпер у БД размешчана інфармацыя аб больш чым 9 тыс. населеных пунктаў. Праца па ўдакладненні спіса спаленых вёсак, напаўненні базы інфармацыяй працягваецца. Аўтары запрашаюць карыстальнікаў прыняць удзел у інфармацыйным дапаўненні трагічных старонак у гісторыі нашай краіны.

Спецпраект Выдавецкага дома «Беларусь сёння» і Нацыянальнага архіва Беларусі «Партызаны Беларусі. Подзвігі і лёсы партызан у дакументах» створаны з мэтай увекавечыць памяць аб народных мсціўцах. У базе даных дакументы партызанскіх атрадаў, якія змагаліся з фашызмам на тэрыторыі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і іншых краін. Стваральнікі праекта кожны дзень дадаюць новыя імёны і архіўныя дакументы ў летапіс партызанскай гісторыі. Усяго ў базе даных інфармацыя аб больш як 187,74 тыс. героях.

У 2019 годзе да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА) і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны рэалізавалі сумесны праект «Партызанскі летапіс. Рукапісныя партызанскія часопісы». У створаным рэсурсе прадстаўлены алічбаваныя ўнікальныя нумары рукапісных партызанскіх часопісаў, якія сёння часта з'яўляюцца адзінымі дакументамі аб ваенных падзеях, якія захаваліся да нашага часу. Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках паміж баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах… Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі, напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра побыт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для ўзняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу, старанна бераглі – загарнуўшы ў мешкавіну, закопвалі ў зямлю ў скрынях з боепрыпасамі.

Праект «Да 65-годдзя Перамогі. Вялікая Айчынная. Беларусь» - спецыяльная юбілейная рубрыка сайта «Архівы Беларусі». Стварэнне рубрыкі з'яўляецца ўкладам дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь у правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з увекавечаннем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, садзейнічае фарміраванню больш поўнай інфармацыйнай карціны з адлюстраваннем дакументальных першакрыніц, пашырэнню ведаў па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, забеспячэнню доступу віртуальных карыстальнікаў да матэрыялаў, павелічэнню цікавасці да нацыянальнай гісторыі і выхаванню патрыятызму ў беларускіх грамадзян. Рэсурс складаецца з 3-х асноўных раздзелаў, у якіх размешчаны наступныя матэрыялы:

• Даведачная інфармацыя аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі і СССР, а таксама храналогія Другой сусветнай вайны ў цэлым.
• Прадстаўніцкая інфармацыя аб 27 архіўных выданнях (даведніках, зборніках дакументаў, гісторыка-аналітычных даследаваннях), якія змяшчаюць звесткі аб Вялікай Айчыннай вайне ў Беларусі.
• Віртуальная выстава дакументаў, якія захоўваюцца ў 12 дзяржаўных архівах Рэспублікі Беларусь.

Усяго прадстаўлена 405 дакументаў (электронных варыянтаў першакрыніц), большасць якіх знаходзяцца ў сховішчах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (262 адзінкі) і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (89 адзінак). Экспазіцыя складаецца з 9-ці тэматычных блокаў, у якіх адлюстроўваюцца розныя этапы і аспекты Вялікай Айчыннай вайны.

Да 70-годдзя Перамогі ў вайне архіўнымі ўстановамі Беларусі рэалізаваны праект «Партызанскія зоны на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», які таксама ў выглядзе спецыяльнай рубрыкі прадстаўлены на сайце «Архівы Беларусі». Распрацоўка гэтага праекта абумоўлена імкненнем прадставіць для шырокай аўдыторыі сеткі інтэрнэт больш поўную інфармацыю аб гераізме беларускага народа ў барацьбе з фашысцкай агрэсіяй, паказаць з дапамогай дакументальных крыніц адметную асаблівасць партызанскага руху ў Беларусі – выгнанне захопнікаў з вялізных тэрыторый і аднаўленне ў гэтых раёнах даваеннага ўкладу. У рамках праекта алічбавана больш за 300 дакументаў і матэрыялаў, прадстаўленых Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Беларускім навукова-даследчым цэнтрам электроннай дакументацыі. Матэрыялы згрупаваны па тэмах, якія адлюстроўваюць розныя аспекты функцыянавання партызанскіх зон і партызанскага руху ў Беларусі. Даецца інфармацыя аб баявой, гаспадарчай, грамадскай дзейнасці партызан і грамадзянскага насельніцтва. Акрамя фотадакументаў і тэкставых матэрыялаў (каля трэці з іх з'яўляюцца рукапіснымі) прадстаўлены карты, аўдыё- і відэаматэрыялы (фрагменты з радыёперадач і дакументальных фільмаў).

Цікавым уяўляецца праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.», рэалізаваны да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Кантэнт праекта – 100 штодзённых аглядаў, падрыхтаваных па публікацыях у цэнтральных газетах («Советская Белоруссия», «Звязда»), абласных («Большэвік Палесся», «Віцебскі рабочы», «Совецкая радзіма») і ў некаторых раённых газетах («Бальшавіцкая трыбуна»), «Калгаснік Заслаўшчыны», «Ленінская праўда», «Совецкі патрыёт», «Сцяг сацыялізма» і інш.), якія выходзілі ў перыяд з 30 студзеня па 9 мая 1945 г. Аўтары аглядных матэрыялаў акцэнтуюць увагу чытачоў не столькі на ваенных падзеях, якія вяліся ўжо далёка за межамі Беларусі, на заходніх франтах, колькі на вяртанні насельніцтва Беларусі да мірнага жыцця, адраджэнні разбураных і спаленых гарадоў і пасёлкаў, аднаўленні прамысловасці і сельскай гаспадаркі, культурнага і спартыўнага жыцця, навуковай дзейнасці. Агляды змяшчаюць спасылкі на алічбаваныя копіі газет з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Візуальны шэраг прадстаўлены фатаграфіямі ваенных фотакарэспандэнтаў з адкрытых крыніц інтэрнэту і алічбаванымі ілюстрацыямі з газет. Матэрыялы праекта даступны як на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў раздзеле «Усе навіны», так і ў выглядзе спецыяльнай рубрыкі на тэматычным сайце «Беларусь у інфармацыйнай прасторы».

Асаблівая роля ў стварэнні рэгіянальных краязнаўчых рэсурсаў ваенна-патрыятычнай тэматыкі належыць публічным бібліятэкам, якія з'яўляюцца асноўнымі цэнтрамі стварэння, захоўвання і прадастаўлення краязнаўчай інфармацыі ў сваіх рэгіёнах. Прычым многія бібліятэкі актыўна ўдзельнічаюць у пошукавых экспедыцыях, якія арганізуюцца музеямі і архівамі, ваенна-гістарычнымі клубамі і іншымі ініцыятыўнымі арганізацыямі. Вынікам гэтай дзейнасці становіцца рэалізацыя інтэрнэт-праектаў краязнаўчай тэматыкі, стварэнне электронных баз даных і іншых паўнатэкставых інфармацыйных рэсурсаў, якія папулярызуюць гістарычную і культурную спадчыну краю.

Асаблівай увагі заслугоўвае вопыт публічных бібліятэк Магілёўскай вобласці, якімі створаны дзясяткі інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны. Для зручнасці карыстальнікаў з мэтай аб'яднання і сістэматызацыі звестак на адзінай інфармацыйнай платформе Магілёўскай абласной бібліятэкай створаны даведнік па інтэрнэт-рэсурсах бібліятэк рэгіёна «Краязнаўчы партал Магілёўскай вобласці». Ажыццявіць пошук неабходнай інфармацыі можна двума спосабамі: па тэрытарыяльным прынцыпе, выбраўшы раён, які цікавіць, або з дапамогай тэматычнага рубрыкатара, які складаецца з 10 раздзелаў, уключаючы раздзел «Вялікая Айчынная вайна». У раздзеле прадстаўлена больш за 30 інфармацыйных рэсурсаў, якія даюць нагляднае ўяўленне аб ваенных падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі вобласці. Асобным блокам пад назвай «Праз вайну, скрозь памяць, праз лёсы» прадстаўлены інфармацыйныя матэрыялы аб вайне, створаныя Магілёўскай абласной бібліятэкай, пачынаючы з 2009 г. Яны згрупаваны па відавой або тэматычнай прыкмеце і размешчаны ў 12 раздзелах: метадычныя і інфармацыйныя распрацоўкі, базы даных, віртуальныя выставы, буктрэйлеры, вайна ў мастацтве і інш.). Найбольш прадстаўнічы рэсурс – карпаратыўная база даных «Жывая памяць пакаленняў», сфарміраваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі і Магілёўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на аснове матэрыялаў, па крупінках сабраных бібліятэкарамі вобласці ў выніку шматгадовай пошукавай краязнаўчай дзейнасці. Асноўны масіў інфармацыі інтэрнэт-рэсурсу складаюць успаміны больш за тысячу ветэранаў, удзельнікаў і сведкаў падзей Вялікай Айчыннай вайны – ураджэнцаў і жыхароў Магілёўскай вобласці, а таксама ўдзельнікаў яе абароны і вызвалення. Матэрыялы прадстаўлены тэкставымі дакументамі, аўдыё- і відэафайламі, дапоўнены біяграфіямі, фатаграфіямі, дакументамі ваенных гадоў, франтавымі лістамі, артыкуламі з перыядычных выданняў і зборнікаў. База даных складаецца з пяці тэматычных раздзелаў: «Я памятаю», «Галасы вайны», «Асобы Перамогі», «Палявая пошта», «Нашчадкі аб вайне». Унутры кожнага раздзела прыводзіцца пайменны спіс персаналій у алфавітным парадку.

«Вуліцы герояў» – краязнаўчая фактаграфічная база даных Магілёўскай абласной бібліятэкі ўключае звесткі аб 73 персаналіях – удзельніках вайны, у гонар якіх названы бульвары, вуліцы і завулкі г. Магілёва.

У базе даных «Вайна пазбавіла іх юнацтва» змяшчаюцца біябібліяграфічныя звесткі аб юных героях Вялікай Айчыннай вайны – ураджэнцах Магілёўскай вобласці.

Цэлая серыя праектаў, звязаных паміж сабой адзінствам мэт і задач, рэалізавана пошукава-даследчым краязнаўчым цэнтрам «Вайна. Памяць. Пошук» Асіповіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі:
Працягнем кнігу «Памяць»;
Ты ж выжыў, салдат...;
Сямейная хроніка вайны;
Лісты з фронту – малітва аб Перамозе;
Я памятаю дзяцінства: ішла вайна;

Яны вярнуліся пераможцамі;

Увянчаныя славай;
і інш.

Электронны рэсурс «Ураджэнцы і землякі Горацкага краю на франтах Вялікай Айчыннай вайны» створаны Горацкай раённай бібліятэчнай сеткай. Пры падрыхтоўцы базы даных выкарыстаны дакументы з фонду бібліятэкі, Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, копіі дакументаў і інфармацыйныя рэсурсы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці, матэрыялы са свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт. База даных складаецца з чатырох тэматычных раздзелаў: «Вайна на Горацкай зямлі», «Яны прайшлі па той вайне», «Лісты з фронту», «Помнікі».

Прадставім некалькі рэсурсаў, створаных бібліятэкамі іншых абласцей Беларусі. Гісторыка-патрыятычны мультымедыйны праект «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944» Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна створаны з мэтай актывізацыі пошукавай працы на тэрыторыі Віцебскай вобласці і захавання памяці аб пакаленні пераможцаў у Вялікай Айчыннай вайне. Праект падрыхтаваны на аснове дакументальных крыніц з фондаў бібліятэкі і ўключае інфармацыю з энцыклапедычных і даведачных выданняў, архіўных, картаграфічных дакументаў, апублікаваных раней у перыядычным друку артыкулаў аб героях Вялікай Перамогі. Прапанаваныя матэрыялы аб'ядноўваюць у сабе хроніку вызвалення гарадоў і вёсак, знаёмяць з воінскімі фарміраваннямі і асноўнымі наступальнымі аперацыямі, якія адбываліся на тэрыторыі Віцебшчыны, дзейнасцю баявых атрадаў, партызанскіх фарміраванняў і легендарных падпольшчыкаў.

Паўнатэкставая база даных «Рэха Перамогі» – гэта краязнаўчы рэсурс, створаны Гомельскай абласной бібліятэкай, які дае магчымасць не толькі прасачыць з першакрыніц гісторыю святкавання юбілеяў Перамогі ў Гомельскай вобласці, але і ўбачыць, якімі падзеямі былі напоўнены дні напярэдадні 9 Мая. БД змяшчае адсканаваныя арыгіналы артыкулаў і іх бібліяграфічнае апісанне з газет рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў (з 1945 года), а таксама раённага ўзроўню (з 1970 года). У структуры рэсурса «Рэха Перамогі» вылучаны 3 раздзелы: «Дзень Перамогі»; «Падзеі. Факты»; «Персаналіі». Асобным блокам выдзелены раёны Гомельскай вобласці. Унутры кожнага раёна змешчаны ўсе артыкулы, якія адносяцца да дадзенага раёна па ўсіх раздзелах базы. Артыкулы размешчаны ў зваротнай храналогіі гадоў.

Значны аб'ём паўнатэкставай інфармацыі па тэме прадстаўлены ў калекцыі Ляхавіцкай раённай ЦБС Брэсцкай вобласці «Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна». Алічбаваныя фрагменты дакументаў, артыкулы з кніг і перыядычных выданняў, сабраная фактаграфічная інфармацыя складаюць кантэнт 19 раздзелаў: акупацыйны рэжым, злачынствы захопнікаў; вёскі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны; спаленыя вёскі; генацыд яўрэйскага насельніцтва; вязні канцлагераў; партызанскі рух, антыфашысцкае супраціўленне; падпольны друк, газета «Савецкі патрыёт»; ветэраны вайны – жыхары і ўраджэнцы краю; у вайны не жаночы твар; пісьмы з фронту;  вайна ў сэрцах нашчадкаў і інш.

Паўнатэкставая база даных Маларыцкай раённай ЦБС «Вехі памяці і славы: Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Маларытчыны» аб'яднала матэрыялы аб удзельніках вайны, франтавіках, дзецях вайны, лёсах эвакуіраваных на тэрыторыі Маларыцкага раёна. База даных змяшчае алічбаваныя артыкулы з перыядычных выданняў, раздзелы кніг, дакументальныя крыніцы, успаміны і інш. Кантэнт прадстаўлены ў выглядзе тэкставых дакументаў, фота- і відэаматэрыялаў, згрупаваных па 14 асноўных раздзелах, што дазваляе з найбольшай паўнатой і зручнасцю выкарыстоўваць краязнаўчыя інфармацыйныя рэсурсы.

Больш інфармацыі пра электронныя рэсурсы бібліятэк Беларусі, прысвечаныя гераічным і трагічным старонкам Вялікай Айчыннай вайны, можна знайсці ў раздзеле «Рэсурсы бібліятэк» сайта «Беларусь у інфармацыйнай прасторы».

Шматлікія і разнастайныя па форме і зместу – гісторыка-патрыятычныя рэсурсы Расійскага сегмента інтэрнэт прасторы. Спынімся на некаторых з іх, галоўным чынам на тых, якія змяшчаюць беларускі кантэнт.

Сайт «Победа. 1941–1945», размешчаны на агульнарасійскім партале «Архівы Расіі», уключае экспазіцыю найбольш значных архіўных фотадакументаў, якія раскрываюць веліч і гістарычную значнасць подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, інфармацыю аб складзе і аб'ёмах фотадакументаў ваеннага перыяду, якія захоўваюцца. Выяўленнем архіўных фотадакументаў ваеннага перыяду займаліся пяць федэральных архіваў і 86 дзяржаўных архіваў суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, якія захоўваюць у сваіх фондах каля 4,5 мільёнаў фотадакументаў, у тым ліку значную частку па ваеннай тэматыцы. Адбор фотадакументаў на сайце ажыццяўляўся з улікам іх унікальнасці, інфармацыйна-змястоўнай і тэматычнай значнасці, а таксама фізічнага стану. Рэсурс «Перамога. 1941–1945» адкрыты ў лютым 2004 г., у цяперашні час у тэматычным каталогу прадстаўлены каля 2000 фотадакументаў, якія суправаджаюцца інфармацыяй аб месцы, даце, аўтарах здымкаў і ўдзельніках ваенных падзей, захаваных на фотадакументах, а таксама звесткамі аб месцы іх захоўвання. Асаблівую ваенна-гістарычную і мастацкую каштоўнасць уяўляюць размешчаныя ў экспазіцыі работы вядомых франтавых фотакарэспандэнтаў – Я. Халдэя, А. Кнорынга, М. Альперта, Я. Халіпа і інш., а таксама шэраг рэдкіх фотаздымкаў, аўтары якіх не ўстаноўлены. Прадстаўлены таксама фатаграфіі прэс-службы арміі ЗША, фатаграфіі, забраныя ў палонных салдат вермахта, фотаматэрыялы, сабраныя прадстаўнікамі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі. У маі 2012 г. быў створаны новы раздзел «Кінадакументы», у якім размешчаны фрагменты з кінадакументаў. Унутры раздзела 10 тэматычных блокаў, дзе кожны кінафрагмент забяспечаны наступнай інфармацыяй: кароткая анатацыя, архіўны нумар і назва кінадакумента, з якога ўзяты фрагмент, імя рэжысёра, назва студыі, год стварэння, працягласць фрагмента ў хвілінах. Наведвальнікам сайта прапанаваны пералік спасылак на інтэрнэт-рэсурсы з калекцыямі дакументальных фатаграфій перыяду Другой сусветнай вайны. Прадастаўлена магчымасць пазнаёміцца з фотадакументамі з архіваў Маскоўскага дома фатаграфіі, Цэнтральнага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Санкт-Пецярбурга, нацыянальных архіваў ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі.

Афіцыйны сайт «Победа! 75» сабраў усю інфармацыю, звязаную са святкаваннем кожнай гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў. Тут прадстаўлены відэа і фатаграфіі парадаў Перамогі, пачынаючы з 1945 года. У раздзеле «Навіны» змяшчаецца інфармацыя аб падрыхтоўцы да святкавання 75-гадовага юбілею Перамогі, а таксама аб мерапрыемствах, акцыях і спартыўных спаборніцтвах, якія праходзілі ў гонар гэтай падзеі. Наведвальнікам партала прадстаўлены таксама франтавыя фатаграфіі, фільмы пра вайну, песні ваенных гадоў і апавяданні пра гарады-героі і гарады воінскай славы. Карыстальнікі могуць праслухаць зводку Інфармбюро, выбраўшы дзень, які іх цікавіць, прагаласаваць за лепшую песню ваенных гадоў, азнаёміцца з архіўнымі фатаграфіямі і кінахронікай часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Абагульнены банк даных «Мемарыял» змяшчае інфармацыю аб абаронцах Айчыны, якія загінулі і прапалі без вестак у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Галоўная мэта дадзенага праекта – дапамагчы людзям даведацца пра лёс загінуўшых або зніклых без вестак родных і блізкіх, знайсці інфармацыю аб месцах пахавання. У рамках праекта ў электронным выглядзе захоўваецца больш за 13,7 млн лістоў архіўных дакументаў, звыш 42 тыс. пашпартоў воінскіх пахаванняў і больш за 1000 тамоў Кнігі Памяці. Работы па папаўненні банка даных прадаўжаюцца.

Анлайн калекцыя«Вторая мировая война в архивных документах»фарміруецца на базе інфармацыйных рэсурсаў Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б.М. Ельцына (Санкт-Пецярбург), якія адлюстроўваюць перадгісторыю, ход і вынікі Другой сусветнай вайны. Выяўленне і алічбоўка дакументаў ажыццяўляюцца на аснове айчынных, трафейных і замежных архіўных фондаў. Упершыню прадстаўлена шырокае кола гістарычных дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні ў федэральных архівах (Расійскім дзяржаўным вайсковым архіве, Расійскім дзяржаўным архіве сацыяльна-палітычнай гісторыі, Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, Расійскім дзяржаўным архіве найноўшай гісторыі і інш.), у беларускіх дзяржаўных архівах, а таксама ведамасных архівах Міністэрства замежных спраў, Міністэрства абароны, Службы ваеннай разведкі Расіі. Сярод іх дакументы вышэйшых дзяржаўных і партыйных органаў, знешнепалітычнага і ваенных ведамстваў СССР, данясенні разведкі, трафейныя нямецкія і французскія дакументы, ваенныя карты, фатаграфіі і кінахроніка, дакументы замежных архіваў – усяго больш за 300, многія з іх упершыню ўведзены ў навуковы абарот.

Электронная калекцыя «Память о Великой Победе»фарміруецца Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б.М. Ельцына з 2010 г. У склад калекцыі ўключаны афіцыйныя дакументы, фота- і кінахроніка, газеты ваеннага часу, кнігі, выданні агітацыйна-прапагандысцкага характару, зборнікі артыкулаў, біяграфіі, сведчанні ўдзельнікаў баявых дзеянняў і працаўнікоў тылу, іх асабістыя дакументы, выявы баявых і працоўных узнагарод, помнікаў і мемарыяльных комплексаў. Матэрыял размешчаны ў тэматычных раздзелах, забяспечаных кароткімі анатацыямі. Частка матэрыялаў даступна ў электроннай чытальнай зале. У адборы і падрыхтоўцы матэрыялаў калекцыі бралі ўдзел каля 40 арганізацый рознай ведамаснай прыналежнасці, у тым ліку Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая прадаставіла электронныя копіі асобных перыядычных выданняў партызанскага і падпольнага друку для раздзела «Вайна на старонках прэсы».

Вялікі аб'ём ілюстрацыйных матэрыялаў, якія маюць дачыненне і да падзей на тэрыторыі Беларусі, можна знайсці ў рэсурсе пад назвай «Военный альбом». Гэта прыватны праект, які мае на мэце стварэнне лічбавага архіва фатаграфій Другой сусветнай вайны і забеспячэнне да яго зручнага доступу. Фатаграфіі захоўваюць арыгінальны памер, добра сістэматызаваны і забяспечаны па магчымасці дэталізаванымі тэкставымі апісаннямі. Адкрыты рэсурс у 2009 г.

Всенародный исторический депозитарий «Лица Победы» – гэта праект, рэалізаваны Музеем Перамогі ў Маскве і разлічаны на захоўванне інфармацыі аб больш чым 150 мільёнаў лёсаў. Праект мае міжнародны статус, грамадзяне любой краіны могуць унесці звесткі аб сваіх блізкіх у гістарычны дэпазітарый і ўвекавечыць подзвіг пакалення, якое перамагло фашызм.

«Письма Победы»– інтэрактыўны праект АТ «Масква Медыя» да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, мэта якога – сабраць галоўны электронны архіў лістоў ваенных гадоў на сайце, захаваць яго і забяспечыць карыстальнікам аддалены доступ. Гэтая калекцыя – самая маштабная рэтраспектыва перапіскі ваенных гадоў, у якой ужо сабрана больш за мільён лістоў і якая пастаянна папаўняецца.

Вялікая Айчынная вайна – самая разбуральная і кровапралітная вайна не толькі ў гісторыі нашай краіны, але і ўсяго чалавецтва. Яна абумовіла вынікі Другой сусветнай вайны і прынесла свету Перамогу над фашызмам.