Закрыть
image description
image description
image description
image description

16 лютага 1945 года. 83 дні да Перамогі

Тэатральныя пастаноўкі. Кароткія навіны з розных абласцей Беларусі. Анонсы культурных мерапрыемстваў. Газеты: «Звязда» (№ 31); «Віцебскі рабочы» (№ 17).

У гэтыя лютаўскія дні ў Беларусі адбылася значная культурная падзея – пасля трохгадовага перапынку адноўлены Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага ў Мінску) прыступіў да актыўнай творчай дзейнасці. Адзін з лепшых тэатраў рэспублікі паказаў магілёўскаму гледачу вадэвіль В. Дыхавічнага «Вясельнае падарожжа», пастаноўку па апавяданні Ф. Кноррэ «Сустрэча ў цемры», камедыю «Свая сям'я, або Замужняя нявеста» А. Шахоўскага, А. Грыбаедава і М. Хмяльніцкага. У бліжэйшых планах – пастаноўка п'ес рускай і сусветнай класікі. («Звязда», № 31). А ў Беларускім дзяржаўным тэатры імя Якуба Коласа (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа) у Віцебску пастаўлена новая п'еса К. Крапівы «Проба агнём», напісаная ім у 1943 г .; яе прэм'еру трупа паказала яшчэ ў эвакуацыі. Ролі выконвалі вядучыя артысты Беларусі П. Малчанаў, Е. Радзялоўская, А. Шэлег. («Віцебскі рабочы», № 17).

З рубрыкі «Коратка» у газеце «Звязда» (№ 31) пералічым некаторыя паведамленні: у Палескай вобласці працуе 22 дзіцячыя садкі і 5 ясляў, хутка адкрыецца яшчэ шэраг; у гарадах Гомельскай вобласці закладзена некалькі інкубатарных станцый для вырошчвання куранят; у раённым цэнтры Ветрына Віцебскай вобласці (цяпер у складзе Полацкага раёна) хуткімі тэмпамі адраджаецца сетка культурна-асветных устаноў – нядаўна адкрылася 5 клубаў, 11 хат-чытальняў, 26 чырвоных куткоў. Па ўсёй Беларусі арганізаваны розныя курсы: у Полацкай вобласці рыхтуюць 800 будучых механізатараў, у Брэсцкай – настаўнікаў пачатковых класаў, у Мінску – рахункаводаў. Сярод анонсаў культурнай праграмы – першая серыя кінафільма С. Эйзенштэйна «Іван Грозны», опера «Алеся» Я. Цікоцкага, канцэрт народнай артысткі БССР і СССР Л. Александроўскай.

Да Перамогі засталося 83 дні ...