Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

24 красавіка 1945 года. 15 дзён да Перамогі

Жорсткія вулічныя баі ў Берліне. Поспехі на Дрэздэнскім кірунку. Міжнародная канферэнцыя ў Сан-Францыска. Умовы атрымання дапамогі і пенсій для сем’яў вайскоўцаў. Газета: “Уперад” Лідскага раёна (№ 23).

З аператыўных зводак. Войскі 1-га Беларускага фронту, працягваючы наступленне на паўночным захадзе ад Берліна, авалодалі гарадамі Крэмен, Флатаў, Вельтэн, Наўен. На паўднёвым усходзе ад Берліна войскі фронту фарсіравалі раку Даме і занялі прыгарады Адлерсхоф, Рудаў, Альт-Глініке, Бансдорф, дзе спалучыліся з войскамі 1-га Украінскага фронту, што прыйшлі з поўдня. Адначасова войскі фронту вялі вулічныя баі ў паўночнай і ўсходняй частках Берліна, заняўшы пры гэтым шэраг гарадскіх раёнаў, Сілезскі вакзал і гарадскія кварталы, размешчаныя на поўнач ад і на ўсход ад вакзалу. На Дрэздэнскім напрамку войскі 1-га Украінскага фронту авалодалі горадам Грос-Хайн. Наша авіяцыя аказвала падтрымку наземным войскам, якія ўдзельнічалі ў баях за Берлін. Бомба-штурмавымі ўдарамі савецкія лётчыкі знішчалі танкі, аўтамашыны, артылерыйскія і мінамётныя батарэі і батарэі зенітнай артылерыі праціўніка. У паветраных баях за дзень збіта 26 нямецкіх самалётаў.

А цяпер перанясемся за акіян. Злучаныя Штаты Амерыкі, Сан-Францыска. 24 красавіка 1945 года. Сонечны і без таго заўсёды ажыўлены горад становіцца яшчэ больш ажыўленым, пярэстым і шматмоўным. Дэлегацыі з усяго свету прыбываюць і прыбываюць на ўстаноўчую канферэнцыю Аб’яднаных нацый. З Вашынгтона ў гэты дзень прыбывае і савецкая дэлегацыя на чале з народным камісарам замежных спраў В.М. Молатавым. Каля 3,5 тыс. замежных гасцей, дзяржаўных дзеячаў, дыпламатаў і журналістаў, прадстаўнікоў шматлікіх грамадскіх арганізацый з усіх кантынентаў, людзей розных рас і веравызнанняў напоўнены рашучасці стварыць арганізацыю, здольную захаваць мір, “пазбавіць будучыя пакаленні ад нягодаў вайны”. Канферэнцыя адкрыецца 25 красавіка і будзе доўжыцца да 26 чэрвеня. На парадку дня – раней прынятыя прапановы, на аснове якіх дэлегаты павінны выпрацаваць Статут Аб’яднаных нацый, прымальны для ўсіх дзяржаў. Забягаючы наперад, адзначым, што ў ходзе напружанай працы і часцяком вострай барацьбы 26 чэрвеня 1945 года Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з 111 артыкулаў будзе падпісаны ўсімі ўдзельнікамі канферэнцыі.

Трохі перадгісторыі. Пасля амаль месяца перамоваў паміж кіраўніком савецкай дыпламатыі наркамам СССР В.М. Молатавым і кіраўніком амерыканскай дэлегацыі сенатарам А. Вандэнберге ў Сан-Францыска была завершана выпрацоўка праекта канчатковай рэдакцыі Статута ААН. Праект меркавалася прадставіць на зацвярджэнне канферэнцыі, на якую былі запрошаны 42 краіны, што аб’явілі вайну Германіі ці Японіі да 1 сакавіка 1945 года. Запрашэнні рассылаліся ад імя СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая. У далейшым колькасць удзельнікаў канферэнцыі ў Сан-Францыска павялічылася да 50 дзяржаў. Яшчэ на Крымскай канферэнцыі ў лютым 1945 года дэлегацыя Савецкага Саюза прапанавала запрасіць дзве саюзныя рэспублікі – БССР і Украіну – удзельнічаць у стварэнні Міжнароднай арганізацыі бяспекі ў якасці першапачатковых членаў-заснавальнікаў, улічваючы іх унёсак у справу разгрому гітлераўскай Германіі. Гэта прапанова сустрэла паразуменне з боку ўрадаў ЗША і Англіі.

ph2404.jpgБеларуская дэлегацыя на канферэнцыі ў Сан-Францыска. Май 1945 года. У ніжнім шэрагу другі злева К.В. Кісялёў (кіраўнік дэлегацыі); у верхнім – другі злева пісьменнік М.К. Лынькоў.

Больш даведацца пра канферэнцыю можна з успамінаў беларускага дыпламата і дзяржаўнага дзеяча, народнага камісара / міністра замежных спраў БССР (1944 –1966), непасрэднага ўдзельніка канферэнцыі К.В. Кісялёва “Записки советского дипломата” (Масква, 1974).

Ад падзей міжнародных – да навін рэгіянальных: некалькі фактаў з адзінай за гэты дзень беларускай газеты, якая маецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі, – лідскай раённай газеты “Уперад” (№ 23).

Акрамя зводак Саўінфармбюро і перадавіцы аб У.І. Леніне газета публікуе карысны інфармацыйны матэрыял “Аб умовах атрымання дапамогі і пенсій для сем’яў ваеннаслужачых”. З заявамі аб прызначэнні пенсіі сем’і ваеннаслужачых радавога, сяржанцкага і старшынскага складу павінны звяртацца ў гарадскія і раённыя аддзелы дзяржаўнага забеспячэння, сем’і ваеннаслужачых афіцэрскага, генеральскага складу і звыштэрміновікаў – у органы Народнага камісарыята абароны. Паведамляецца таксама пра аднаўленне разбуранага фашыстамі мясцовага мясакамбіната, які, запрацаваўшы на поўную магутнасць, выканаў план першага квартала 1945 года больш чым на 200 %. І яшчэ аб адной невялікай нататцы пад назвай “Захавала аблігацыі і атрымала выйгрыш” з гэтай жа газеты. Жыхарка горада Ліды Агата Сівая паведаміла карэспандэнту пра сваё здзіўленне, калі на дзве з чатырох яе аблігацый дзяржаўнай пазыкі, набытых яшчэ да вайны, выпалі выйгрышы. Выявіла яна гэта, праверыўшы аблігацыі неўзабаве пасля вызвалення Беларусі ў ліпені 1944 года.

А да Перамогі яшчэ застаецца 15 дзён.