Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

8 мая 1945 года. За дзень да Перамогі

Падпісанне Акта аб безумоўнай капітуляцыі Германіі. Завяршаецца пасадка бульбы. Пра злачынствы ў Асвенцыме. Батанічны сад Акадэміі навук БССР. Экспазіцыя ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Газеты: “Звязда” (№ 84), “Советская Белоруссия” (№ 83), “Совецкая радзіма” (№ 75), “Соцыялістычная вёска” Глускага раёна (№ 23), “Чырвоная звязда” (№ 57).

акт.jpgУ гэты дзень, 8 мая 1945 года, “у Карлсхорсце (прыгарад Берліна) адбылося падпісанне Акта аб безумоўнай капітуляцыі ўзброеных сіл Германіі” (“1418 дней Великой Отечественной войны”, с. 401). Канстанцін Сіманаў у якасці ваеннага карэспандэнта прысутнічаў пры гэтай падзеі (Симонов К.М. Незадолго до тишины: записки 1945 г.: март–апр.–май, с. 220–225; кніга захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі). Ён піша, што капітуляцыя, першапачаткова прызначаная на дзве гадзіны дня, “начинается только вечером, … говорят, дело задерживается из-за того, что наши и союзники все еще договариваются по каким-то процедурным вопросам”. Цікавыя эмоцыі ўдзельнікаў працэдуры падпісання, якія прыкмечаны пісьменнікам: “Жуков улыбается”, “лицо Кейтеля становится страшным”, нямецкі афіцэр, які стаіць за спінай Кейтэля – “плачет, не двигая при этом ни одним мускулом лица”. А пасля, калі нямецкая дэлегацыя пакінула залу, у якой адбывалася падпісанне дакумента, “вдруг все накопившееся в зале напряжение исчезает. Исчезает так, словно все надолго задержали воздух в груди и разом выпустили его. Общий облегченный, расслабленный выдох. Капитуляция подписана. Война кончилась”.акт 5.jpg

симонов.jpgАле на газетных старонках 8 мая – яшчэ звычайныя навіны. У “Советской Белоруссии” (№ 83) – хроніка падзей ад Саўінфармбюро (узяты горад Брэслаўль (Брэслау), востраў Руген); шматдзетных маці ўзнагародзілі ордэнамі і медалямі; работнікі прадпрыемстваў і калгасаў працягваюць аказваць грашовую падтрымку арміі – актыўна ідзе падпіска на 4-ю пазыку; у Мінску з 30 красавіка адноўлены трамвайны рух па лініі “Выстава – вуліца Валадарскага”, штодня маршрутам карыстаюцца 13–15 тыc. пасажыраў.

У Ляхавіцкім раёне завяршаюць пасадку бульбы – план выкананы на 80 %, працягваецца сяўба ранніх збожжавых і бабовых культур. Да 10 мая калгаснікі абавязаліся поўнасцю завяршыць гэтыя работы. У Карэліцкім раёне (цяпер Гродзенская вобласць) таксама актыўна вядзецца пасяўная кампанія (“Чырвоная звязда” Баранавіцкай (цяпер ліквідаванай) вобласці, № 57).

киноопраторы.jpgУ Бабруйску атрымалі зямлю для падсобных гаспадарак 93 арганізацыі, больш за 4 870 сем'яў – пад індывідуальныя агароды. Аўтар артыкула “Калектыўныя i iндывiдуальныя агароды горада Бабруйска”, інструктар сельскагаспадарчага аддзела Бабруйскага абласнога камітэта, піша пра тое, што для паспяховага правядзення веснавой пасадкі была арганізавана выдача насення збожжавых і агародных культур, у тым ліку бульбы, але для добрага ўраджаю неабходна таксама своечасова ўгнойваць зямлю. У далейшым, лічыць аўтар, трэба “разгарнуць будаўніцтва парнікоў і цяплічных гаспадарак” (“Совецкая радзіма”, № 75, с. 4).

Газета “Звязда” (№ 84, с. 2) перадрукавала перадавы артыкул “Правды” за 7 мая “Страшные злодеяния германского правительства в Освенциме”. Гэта – паведамленне Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў у гэтым лагеры смерці. У браму гэтага канцлагера ўвайшла жывая людская плынь (па розных ацэнках, ад аднаго мільёна да паўтара мільёна чалавек), а 27 студзеня 1945 года, калі савецкія войскі вызвалілі яго, адтуль выйшла толькі невялікая частка.

Пра злачынствы нямецкіх акупантаў на тэрыторыі Беларусі распавяла наведвальнікам адна з новых выстаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Уся 3-я старонка “Советской Белоруссии” (№ 83) прысвечана апісанням экспазіцый гэтага музея, які быў заснаваны праз тыдзень пасля пачатку вызвалення тэрыторыі Беларусі, у 1943 годзе.

На 3-й паласе газеты “Звязда” (№ 84, с. 3) – невялікая нататка аб завяршэнні конкурсу праектаў планіроўкі і забудовы цэнтральнай часткі Мінска. Вышэй – матэрыял пад назвай “У Батанічным садзе Акадэміі навук БССР”. У ім гаворыцца пра тое, што работнікі гэтай установы заняты аднаўленнем амаль цалкам разбуранага Батанічнага саду. Аднаўляюцца і навуковыя сувязі з іншымі краінамі: атрыманы каталогі насення з Партугаліі і Швецыі. Калектыў таксама рыхтуе да друку вялікую навуковую работу аб раслінным свеце Беларусі. Гэтая карпатлівая работа заняла многія гады, першы том выйшаў толькі ў 1949-м, апошні – у 1959 годзе. Пяцітомнае выданне “Флора БССР” захоўваецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Цікавая абвестка размешчана ў газеце “Соцыялістычная вёска” Глускага раёна Магілёўскай вобласці (№ 23): раённы зямельны аддзел і кантора па нарыхтоўцы сыравіны жывёльнага паходжання абвясцілі аб катэгарычнай забароне ветэрынарным пунктам ставіць клеймы на мяса без квітанцыі аб здачы скуры на падрыхтоўчыя пункты, а таксама папярэдзілі грамадзян аб забароне асмальвання і апаркі свіных туш, вінаватым прыгразілі судовай адказнасцю. (У спісе прадукцыі, якую калгаснікі павінны былі здаваць дзяржаве, скуры адводзілася важнае месца.)

Мінскія ўстановы абвясцілі аб вакансіях, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – аб дадатковым наборы ў аспірантуру на розныя спецыяльнасці; кінатэатры Мінска запрасілі гледачоў на прагляды фільмаў, тэатры – на спектаклі (“Звязда”, № 84, с. 4).

Засталіся лічаныя гадзіны да Дня Перамогі...