Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

29 сакавіка 1945. 41 дзень да Перамогі

У зводцы Саўінфармбюро. Рабочы план на пасяўную. Бібліятэкі Воранаўскага раёна. Газеты: “Ленінскі шлях” (Горацкі раён) (№ 23), “Путь социализма (Воранаўскі раён)” (№ 20).

Газета ”Путь социализма» Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці (№ 20)” надрукавала зводку ад Савецкага інфармацыйнага бюро за 28 сакавіка. Кожны дзень нашы войскі бяруць населеныя пункты і гарады, але нямецкія часткі адступаюць з лютым супраціўленнем. Вось і сёння – паведамленне аб узяцці Гдыні, найважнейшай марской базы і порта на Балтыйскім моры. 9 000 нямецкіх салдат і афіцэраў здаліся ў палон. У Данцыгу ​​раён за раёнам пераходзяць да Чырвонай арміі. Войскі 3-га Украінскага фронту фарсіравалі раку Раба, ўзялі важныя чыгуначныя вузлы ля мяжы з Аўстрыяй. За 27 сакавіка выведзена са строю 190 нямецкіх танкаў і самаходак; савецкія самалёты і зеніткі збілі 96 самалётаў праціўніка. Бамбардзіроўшчыкі ў ноч на 28 сакавіка бамбілі Пілай (цяпер Балтыйск) і іншыя гарады, у тым ліку ў Венгрыі і Чэхаславакіі. Авіяцыя Балтыйскага флоту патапіла ў моры 5 транспартаў, танкер і вартавыя караблі.

Зразумела, што чытаючы гэту газетную інфармацыю, якая буйнымі «мазкамі» адлюстроўвае падзеі, цяжка ўявіць, як жылі салдаты на вайне. Гэта дадзена на водкуп мастацкай прозе і публіцыстыцы. Кароткі аповед пра адзін з такіх бытавых момантаў – пасылках нашых салдат дадому, запісаў Канстанцін Сіманаў, ваенны карэспандэнт «Чырвонай Зоркі», у сваім дзённіку 29 сакавіка 1945 года. Даведаўшыся з лістоў родных аб пабітым шкле ў сваіх дамах, салдаты стараліся паслаць шкло, абіваючы дошкамі, як пасылку. Некаторыя пасылалі цвікі. А адзін старшыня роты, «у мінулым старшыня калгаса, наткнуўся на ... кінуты гаспадарамі магазін мужчынскіх капелюшаў» і «зрабіў вялікую пасылку: запакаваў, засунуўшы адзін у другі трыццаць новых фетравых капелюшаў і паслаў іх да сябе ў калгас з лістом, у якім пісаў жонцы: "Дасылаю да першага мая падарункі калгаснікам. Раздай усім мужыкам, якія засталіся жывымі. Хай на першае мая апрануць, мяне ўспамінаюць". (Симонов К.М. “Незадолго до тишины : записки 1945 г. : март–апр.–май”, Масква, 1974, с. 177–178. Кніга даступна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі).

У газеце ”Ленінскі шлях” Горацкага раёна Магілёўскай вобласці (№ 23) на першай старонцы – Рабочы план па правядзенні веснавой сяўбы ў калгасе імя Кірава. На аснове гэтага плана-ўзору астатнія калгасы раёна павінны былі скласці свае ўласныя планы. З табліцы плана відаць, што на землях калгаса імя Кірава сеялі пшаніцу, ячмень, авёс, гарох, грэчку, лубін, лён, бульбу, каноплю, агародныя культуры. У канцы табліцы пералічаны меры па павышэнні ўраджайнасці культур. Цікава параўнаць па табліцы колькасць коней і кароў на кожным працэсе – верагодна, коней у калгасе было мала. Яшчэ цікавей параўноўваць норму выпрацоўкі: калі ў аднаго каня яна складае лічбу «1», то ў каровы гэта норма – «0,3».

Працягваецца аднаўленне гарадоў. У Магілёве прынята рашэнне (для паскарэння адраджэння горада) абавязаць кожнага работніка прадпрыемства адпрацаваць на расчыстцы разбураных будынкаў і азеляненні вуліц 10 дзён за тры наступныя месяцы, пачынаючы з красавіка.

Газета "Путь социализма" Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці (№ 20) узняла яшчэ адну важную тэму – харчаванне школьнікаў. Для яго паляпшэння і адкрыцця сталовых у кожнай школе запланавана ад 2 да 5 гектараў прышкольных агародаў. Іх можна задзейнічаць таксама і для практычных заняткаў па біялогіі. У адной са школ сумесна з бацькоўскім камітэтам за адзін выхадны сабралі 500 кг насення для пасадкі.

У раёне таксама адкрыты 4 хаты-чытальні. А ў Воранаве пачала працаваць раённая бібліятэка, у яе фондзе – 1000 кніг палітычнай і мастацкай літаратуры, нядаўна атрымана яшчэ больш за 500 кніг. Чытачоў з кожным днём становіцца ўсё больш.

А да Перамогі – 41 дзень ...