Спартыўныя будынкі
Для прафесійных спартсменаў і аматараў спорту ў Беларусі нямала спартыўных будынкаў сусветнага класа.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" мае ў распараджэнні лыжаролерную трасу, кросавыя трасы працягласцю больш за 20 км, сучаснае стрэльбішча, комплекс трамплінаў, акрабатычны схіл, слаламную трасу, трэнажорныя залы, трэніровачную хакейную арэну і іншыя аб′екты. У "Раўбічах" вядуць падрыхтоўку біятланісты і лыжнікі, фрыстайлісты, канькабежцы, скакуны з трампліна і дваяборцы. Алімпійскі спартыўны комплекс адзначаны залатым знакам UIPMB. У 1996 г. Міжнародны саюз біятлона прысвоіў яму найвышэйшую катэгорыю "А", выдаўшы ліцэнзію на правядзенне спаборніцтваў самага высокага ўзроўню без якіх-небудзь выключэнняў.
Рэспубликанскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі" з′яўляецца найбуйнейшай спартыўнай базай па падрыхтоўцы нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь да чэмпіянатаў Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў па больш за 20 відах спорту. Спорткомплекс адпавядае міжнародным стандартам і даўно мае славу высакакласнага вучэбна-трэніровачнага цэнтра. Пачынаючы з Алімпіяды 1972 г. ў Мюнхене ў "Стайках" спартсмены праводзяць падрыхтоўку да летніх Алімпійскіх гульняў.
Гарналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс "Лагойск" па сваіх характарыстыках не саступае знакамітым еўрапейскім курортам. З 2004 г. працуе па еўрапейскіх стандартах абслугоўвання горналыжнікаў-аматараў і сноўбардыстаў. Архітэктура комплексу выканана ў самабытным беларускім стылі з невялікай часткай "альпійскай" рамантыкі. Для катання адкрыта некалькі трас рознай ступені складанасці. Га рналыжны комплекс гатовы сустракаць сваіх гасцей круглы год. Для аматараў актыўнага адпачынку – прафесійныя крытыя тэнісныя корты, футбольнае поле, валейбольныя пляцоўкі, лазнева-спартыўны комплекс.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы адказвае ўсім міжнародным стандартам, яго спартыўная база ўключае адкрыты пясчаны манеж, канкурнае поле з трыбунамі, 4 крытыя манежы, 2 спартыўныя залы, 6 адкрытых трэніровачных пляцовак, трасу для палявых выпрабаванняў па трохбор′і, шэраг тыпавых стайняў. Цэнтр у Ратамцы з′яўляецца адзіным на тэрыторыі СНД, дзе арганізавана цэнтралізаваная падрыхтоўка юнакоў і юніёраў. Дзякуючы гэтаму юнацкія каманды Беларусі заваёўваюць першыя месцы на спаборніцтвах і матчавых сустрэчах з сапернікамі з СНД, краін Балтыі і Усходняй Еўропы.
Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр "Сілічы" – гонар айчыннай індустрыі турызму і адпачынку – адкрыты ў 2005 г. Пры выбары месца для будаўніцтва была ўлічана галоўная перавага ўчастка пад Лагойскам – тутэйшы пагорысты ландшафт. Гэты прыродны рэльеф меў 76 м перападу ад верхняй да ніжняй кропкі. З падсыпкай у 30 м атрымаліся досыць стромкія, з перападам да 100 м схілы, вугал круцізны якіх дазваляе выкарыстаць іх для хуткаснага спуску. Гарналыжная база ўключае гасцінічны гарадок і спартыўную залу, якая ў зімовы перыяд выкарыстоўваецца як крыты каток.
Шматфункцыянальны спартыўна-відовішчны комплекс "Мінск-Арэна" – буйнейшы ў Еўропе ўнікальны спартыўны аб′ект, створаны па самых сучасных тэхналогіях. Ён змяшчае ўсё неабходнае для заняткаў 30 відамі спорту, уключае шматфункцыянальную галоўную арэну з залай умяшчальнасцю да 15 тыс. чалавек, канькабежны трэк з трыбунамі на 3 тыс. гледачоў, веладром на 2 тыс. чалавек, шматузроўневую паркоўку і адміністрацыйныя будынкі. "Мінск-Арэна" заслужыла высокія водгукі кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе і зорак сусветнага хакея і была выбрана галоўнай пляцоўкай Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 г.
Шматфункцыянальны культурна-спартыўны і забаўляльны комплекс "Чыжоўка-Арэна" ўмяшчае каля 10 тыс. гледачоў. Комплекс з′яўляецца базавай арэнай для каманд хакейнага клуба "Юнацтва-Мінск". На лёдавых пляцоўках комплексу праходзілі матчы Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 г.