Музеі Беларусі
Развіццё музейнай справы ў Беларусі ішло ў адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі. Першыя музейныя калекцыі збіраліся ў рэзідэнцыях буйных феадалаў, у манастырах, брацтвах і храмах. Найбольш значнымі прыватнымі музейнымі калекцыямі на тэрыторыі Беларусі ў XVI–XVIII стст. з’яўляліся калекцыі князёў Радзівілаў і Сапегаў – самых уплывовых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. На рубяжы XVIII–XIX стст. з’яўляюцца ўстановы музейнага тыпу пераважна ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах Полацка, Гродна, Горак і іншых гарадоў. Першы агульнадаступны музей на тэрыторыі ў той час Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, у склад якой уваходзіла Беларусь, адкрыўся ў Вільні ў 1856 г. Асноўныя калекцыі Віленскага музея старажытнасцей адлюстроўвалі матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў. У канцы XIX – пачатку XX ст. у Віцебску, Магілёве і Мінску былі арганізаваны царкоўна-археалагічныя музеі.
Пасля стварэння БССР у 1919 г. былі зроблены намаганні па адраджэнні музейнай дзейнасці. У 1920-х і 1-й палове 1930-х гг. у БССР ствараецца шырокая сетка музеяў, у якіх захоўваліся значныя гісторыка-культурныя каштоўнасці. Так, у Магілёўскім краязнаўчым музеі знаходзілася найважнейшая нацыянальная святыня – крыж Еўфрасінні Полацкай.
Другая сусветная вайна нанесла музейнай справе ў Беларусі незаменны ўрон. Многія гісторыка-культурныя каштоўнасці былі знішчаны. Большасць музеяў Беларусі былі разграблены гітлераўскімі акупантамі, частку каштоўных матэрыялаў удалося эвакуіраваць у глыб СССР, але захаванасць іх у перыяд вайны належным чынам не была забяспечана.
Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. пачалася работа па зборы і сістэматызацыі музейных каштоўнасцей, якія ўдалося захаваць і вярнуць з эвакуацыі, аднаўленні музейнай сеткі. У 1970 г. у Беларусі было 48 дзяржаўных музеяў, у 1985 г. – 98, у 2002 г. – 135. На 1 студзеня 2017 г. толькі ў сістэме Міністэрства культуры дзейнічаў 151 дзяржаўны музей. Музейны фонд рэспублікі налічвае больш за 3 млн экспанатаў асноўнага фонду.
Вядучым музеем гістарычнага профілю ў краіне з’яўляецца Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Ён вядзе сваю гісторыю з пачатку XX ст., калі ў губернскім Мінску былі створаны першыя гарадскія музеі. У 2009 г. музей атрымаў сучасную назву. Гэта найбуйнейшы па колькасці экспанатаў музей Беларусі, у якім шырока прадстаўлена шматвяковая гісторыя краіны ад першабытнай эпохі і да сучаснасці. У яго фондах сабраны звыш 400 тыс. экспанатаў, размеркаваных па розных калекцыях (археалагічная, нумізматычная, калекцыі выяўленчага мастацтва, іканапісу, керамікі, кнігадрукавання і г.д.). Папулярныя таксама філіялы: Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Музей прыроды і экалогіі, Музей гісторыі беларускага кіно.
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны быў створаны ў вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мінску 22 кастрычніка 1944 г. Тут сабрана найбагацейшая калекцыя ваенных рэліквій, а музейныя фонды налічваюць звыш 140 тыс. экспанатаў. Каштоўныя сведчанні перыяду Другой сусветнай вайны прывабліваюць у фонды музея многіх даследчыкаў з Беларусі, бліжняга і далёкага замежжа. У 2014 г. музей пераехаў у спецыяльна ўзведзены новы будынак каля абеліска "Горад-герой".
Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" – адно са знакавых месцаў Беларусі, сімвал савецкага супраціўлення ў час Другой сусветнай вайны. У яго склад у якасці структурных падраздзяленняў уваходзяць Музей абароны Брэсцкай крэпасці і Музей "5 форт". 22 чэрвеня 2014 г. у паўднёва-ўсходняй казарме цытадэлі Брэсцкай крэпасці адкрылася новая экспазіцыя "Музей вайны – тэрыторыя міру", аўтарскі калектыў якой па выніках 2014 г. адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Сярод мастацкіх музеяў выключнае месца належыць Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь. Ён мае найбуйнейшы ў краіне збор (каля 30 тыс. экспанатаў) беларускага і замежнага выяўленчага мастацтва. Калекцыя беларускага мастацтва налічвае каля 20 тыс. твораў. Прадстаўляюць інтарэс таксама мастацкія зборы і некаторых іншых музеяў краіны: Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Мастацкага музея ў Віцебску, Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі ў Гомелі, Бялыніцкага раённага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, Брэсцкага музея "Выратаваныя мастацкія каштоўнасці", Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і інш. Бясцэнныя скарбы захоўваюцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Выключна цікавымі з’яўляюцца таксама мастацкія зборы Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура ў Мінску і Музея Марка Шагала ў Віцебску.
Значнае месца сярод арыгінальных музеяў з непаўторнай экспазіцыйнай стылістыкай займаюць музеі-запаведнікі: Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе", Гомельскі палацава-паркавы ансамбль – адна з найстарэйшых музейных устаноў Беларусі, Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік "Нясвіж". У 2005 г. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс быў унесены ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Невычэрпную цікавасць выклікаюць у наведвальнікаў і гасцей нашай краіны музеі этнаграфічнага профілю: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам; музейны комплекс старадаўніх рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі" – адзін з самых папулярных музеяў Беларусі, дзе наведвальнікі могуць не толькі атрымаць асалоду ад пагружэння ў беларускую гісторыю, але і выдатна адпачыць.
Літаратурным здабыткам краіны з’яўляюцца Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і яго філіялы; Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку, музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і інш.
Да ліку цікавых для айчынных і замежных наведвальнікаў можна аднесці краязнаўчыя музеі розных рэгіёнаў краіны: Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава, Мінскі абласны краязнаўчы музей, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і інш.
Музеі Беларусі з’яўляюцца культурнымі цэнтрамі кожнага рэгіёна рэспублікі, скарбніцамі гістарычных і культурных каштоўнасцей.
Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы
Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры
Музей-сядзіба М.К. Агінскага
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Мастацкія музеі
Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава
Карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Этнаграфічныя музеі
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Музейны комплекс "Дудуткі"
Музеі-запаведнікі
Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"
Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік "Нясвіж"
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік
Краязнаўчыя музеі
Брэсцкі абласны краязнаўчы музей
Віцебскі абласны краязнаўчы музей
Літаратурныя музеі
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Музей беларускага кнігадрукавання
Мемарыяльныя музеі
Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура
Музей Марка Шагала