Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description

19 красавіка 1945 года. 20 дзён да Перамогі

Весткі з франтоў. Правільная арганізацыя працы – найважнейшая ўмова поспеху вясновай сяўбы. Аднаўленне Бабруйскага гістарычнага музея. Да пытання арганізацыі летняга адпачынку дзяцей. Газеты: “Гомельская праўда” (№ 74), “Совецкая радзiма” Бабруйскай (цяпер скасаванай) вобласці (№ 63).

Працягваецца Берлінская наступальная аперацыя. У гэты дзень часці Чырвонай арміі фарсіруюць рэкі Ост-Одэр і Найсэ. Нягледзячы на жорсткае супраціўленне праціўніка, нашы войскі прарвалі абарону і працягваюць наступленне на Берлін. Спробы гітлераўскага камандавання перамагчы ў бітве за Берлін на Одэры і Найсэ скончыліся правалам. Па зводках Савецкага інфармбюро, 19 красавіка на ўсіх франтах падбіта і знішчана 129 нямецкіх танкаў. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіта 140 самалётаў праціўніка.

Амерыканскія войскі займаюць Лейпцыг. Па даных штаба Ціхаакіянскага флоту ЗША, з 18 сакавіка па 17 красавіка амерыканская авіяцыя знішчыла падчас налётаў на Японію і астравы Рукю 2 тыс. 200 японскіх самалётаў.

У Беларусі першая пасляваенная пасяўная праходзіць у складаных умовах: не хапае сельскагаспадарчай тэхнікі, коней, кваліфікаваных рабочых рук. Для таго каб у такіх умовах закласці трывалы падмурак будучага ўраджаю, калгасам, саўгасам і сельскагаспадарчым арцелям неабходна мабілізаваць усе наяўныя рэзервы, сілы і сродкі. Дзяржава ў сваю чаргу робіць цэлы шэраг мер па аказанні дапамогі аграрыям, у ліку якіх меры па паляпшэнні працы маторна-трактарных станцый, забеспячэнні насеннем і інш. Але што не менш значна – гэта здольнасць і ўменне правільна арганізаваць працу на месцах. Менавіта арганізацыйным пытанням і прысвечаны вялікі матэрыял у “Гомельскай праўдзе” (№ 74) пад назвай “Правільная арганізацыя працы – важная ўмова поспеху”. У ім, у прыватнасці, адзначаецца, што пры арганізацыі паляводчых брыгад вельмі важна прадугледзець уключэнне ў кожную з іх вопытных механізатараў, сейбітаў і баранавальшчыкаў; пры дэфіцыце такіх – прыцягваць на час пасяўной кампаніі вопытных работнікаў з іншых сфер гаспадарання.

Калектыў станцыі Асіповічы ўзяў павышаныя абавязацельствы. Усе саставы, якія праходзяць праз гэты чыгуначны вузел, апрацоўваюцца за 10–15 хвілін замест 45-ці па норме. Чыгуначнікі абавязаліся таксама перавесці звыш плана за кошт цяжкавагавых саставаў 10 тыс. тон грузаў і зэканоміць 30 тыс. кг вугалю. Гэта іх дапамога фронту (“Совецкая радзіма”, № 63). У гэтай жа газеце паведамляецца, што да гадавіны вызвалення Бабруйска ад нямецка-фашысцкіх войскаў плануецца аднавіць Бабруйскі гістарычны музей (цяпер Бабруйскі краязнаўчы музей). У ім будуць сабраны матэрыялы пра гераічную барацьбу партызан Бабруйшчыны, бязлітасныя баі часцей Чырвонай арміі за вызваленне горада і г. д. 

У Бабруйску і Любані ў красавіку арганізуюцца курсы па падрыхтоўцы спецыялістаў-меліяратараў. Курсы разлічаны на навучанне 150 чалавек, якія ў будучыні зоймуцца аднаўленнем меліярацыйнай гаспадаркі вобласці. Таксама звяртаецца ўвага адпаведных органаў на неабходнасць загадзя паклапаціцца аб арганізацыі летняга адпачынку дзяцей.

Да Перамогі застаецца 20 дзён.