Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

5 мая 1945 года. 4 дні да Перамогі

4-я Дзяржаўная ваенная пазыка. Бабруйская вобласць завяршыла веснавыя пасяўныя работы. Дзень друку. Газеты: “Звязда” (№ 82), “Советская Белоруссия” (№ 81), “Соцыялістычная вёска” Глускага раёна (№ 22).

Ваенныя дзеянні ў гэты дзень ішлі сваім звычайным парадкам. У Празе пачалося ўзброенае антыфашысцкае паўстанне, якое неўзабаве было падтрымана Чырвонай арміяй (“1418 дней Великой Отечественной войны”, Мінск, 2014, с. 401).

4 займ.jpg

А ў правым верхнім куце газеты “Советская Белоруссия” (№ 81), дзе звычайна друкавалася галоўная ваенная навіна, гэтым разам размешчаны заклік: “Усе, як адзін, падпішамся на 4-ю Дзяржаўную ваенную пазыку! Паскорым канчатковы разгром гітлераўскай Германіі!”. Важныя матэрыялы, прысвечаныя гэтай тэме, таксама размясціліся на першай паласе газет: “Зацвярджэнне Савета Народных Камісараў СССР”, “Умовы выпуску...”, Пастанаўленне аб удзеле прафсаюзаў у правядзенні падпіскі. Гэтая, чацвёртая з 1942 года, ваенная пазыка таксама складалася з двух выпускаў: выйгрышнага і працэнтнага. Першы выпуск быў разлічаны да 1 верасня 1965 года, другі – да 1 студзеня 1966 года.

4 займ_2.jpeg

З натхненнем і ўздымам удзельнічаюць у падпісцы на пазыку сродкаў дзяржаве працаўнікі БССР. Вось толькі некаторыя з іх: работнікі Полацкага і Мінскага чыгуначных вузлоў, чыгуначнай станцыі ў Барысаве, прадпрыемстваў Бабруйска і Гомеля, Народнага камісарыята земляробства БССР, Полацкага абласнога зямельнага аддзела, Мінскага завода імя С.М. Кірава (цяпер Станкабудаўнічы завод імя С.М. Кірава); калгаснікі Мінскай вобласці, работнікі і калгаснікі Маладзечанскай і Палескай (цяпер ліквідаваных) абласцей (“Советская Белоруссия” № 81, с. 2; “Звязда”, № 82, с. 3). Таксама ідзе актыўная падпіска на дзяржаўную пазыку ў Глускім раёне Магілёўскай вобласці (“Соцыялістычная вёска” Глускага раёна, № 22, с. 4).

Адгукнулася на заклік дзяржавы і інтэлігенцыя. Артысты Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску маюць намер аддаць на патрэбы фронту па два месячныя аклады. Калектыў Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы ў першы дзень падпісаўся на суму больш за 90 тыс. рублёў, што на 13 % перавышае фонд месячнай зарплаты. У Оперным тэатры адбыўся мітынг, за дзве гадзіны сума падпіскі дасягнула лічбы ў 420 тыс. рублёў. Работнікі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны вырашылі даць у пазыку дзяржаве каля 49 тыс. рублёў, што таксама перавышае фонд месячнай зарплаты (“Советская Белоруссия”, № 81, с. 2). Студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта таксама падтрымалі дзяржаўны заклік пра пазыку (“Звязда”, № 82, с. 3).

У газетах апублікаваны таксама “Закон аб дзяржаўным бюджэце Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік на 1945 год” (“Звязда”, № 82, с. 2; “Советская Белоруссия”, № 81, с. 2).

Бабруйская вобласць дала справаздачу аб стопрацэнтным выкананні плана “веснавых трактарных работ” і плана сяўбы ранніх каласавых. “На калгасных палях ужо рунеюць усходы аўса і ячменю” (“Советская Белоруссия” № 81, с. 1). Цешыцца душа селяніна і трохі хвалюецца сэрца: “Як будзе з ураджаем?”

5 мая 1945 года ў БССР адзначалі Дзень бальшавіцкага друку. Уся трэцяя паласа “Советской Белоруссии” (№ 81) аддадзена гэтай тэме. Сярод іншага згадваецца, што 5 мая 1912 года выйшаў першы нумар газеты “Правда” – адсюль і бярэ пачатак гэта свята. На малюнку прыведзены цікавыя даныя: у 1945 годзе ў Беларусі выдаецца 8 рэспубліканскіх газет, 11 абласных, 168 раённых і гарадскіх, а таксама 3 часопісы. У суседнім артыкуле (“Друк пасля вызвалення Беларусі. Новая зала ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”) сярод газет рэспубліканскага ўзроўню названы “Сталинская молодежь”, “Чырвоная змена”, “Совецкі селянін”, “Піонер Беларусі”, “Зорька”. Чытачам будзе цікава пазнаёміцца з пералікам імёнаў, назваў і тэматыкі кніг, якія плануе да выпуску Дзяржаўнае выдавецтва БССР (артыкул “Кнігі на роднай мове”). Асаблівую цікавасць уяўляе вялікі артыкул І. Краўчанкі “Падпольны друк Беларусі ў перыяд Айчыннай вайны”. У газеце “Звязда” (№ 82, с. 2) – агляд газетнага друку Беларусі (“Дзень бальшавіцкага друку”) і таксама матэрыял пра тое, як газета “Звязда” выходзіла ў час акупацыі (артыкул “«Звязда» ў падполлі”).

Бярозаўскаму паштоваму аддзяленню і паштальёну Дакольскага сельсавета прысвечаны невялікі артыкул і нататка ў газеце “Соцыялістычная вёска” Глускага раёна (№ 22, с. 4). У гэтай жа газеце аддзел актаў грамадзянскага стану нагадвае аб абавязковай рэгістрацыі нараджэння, смерці, шлюбу і разводу, а таксама аб перарэгістрацыі нараджэння і смерці, зарэгістраваных падчас акупацыі нямецкімі ўладамі.

Да Перамогі застаецца 4 дні...