Гандаль
Гандаль застаецца адной з найбольш важных галін эканомікі і развіваецца сёння як ніколі дынамічна і імкліва. У Беларусі існуе шырокая заканадаўчая база, якая рэгулюе гандаль і звязаную з ім дзейнасць прадпрыемстваў. Сярод асноўных дзейнічаюць законы аб інвестыцыях, аб свабодных эканамічных зонах, аб кантролі над імпартам і экспартам, аб здароўі і бяспецы, антыманапольныя. У краіне створана і функцыянуе сістэма абароны правоў спажыўцоў. У яе структуру ўваходзяць органы кіравання, дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі.
Штогод у Беларусі з'яўляюцца новыя гандлёвыя прадпрыемствы: ад магазінаў крокавай даступнасці да ўльтрасучасных гандлёвых цэнтраў і гіпермаркетаў. У апошнія гады адзначаецца прыкметны рост колькасці гандлёвых і бізнес-цэнтраў, гасцініц і аб'ектаў грамадскага харчавання. Асабліва прыкметны рост рознічных гандлёвых сетак з узвядзеннем уласных гандлёвых цэнтраў плошчай да 100 тыс. кв. м.
На спажывецкім рынку канкурыруе звыш 30 гандлёвых сетак, у прыватнасці, у харчовым сегменце – "Карона", "Гіпа", "Суседзі", "Еўраопт", "Віталюр", "АЛМІ", "БелМаркет" і інш.
Сёння ў межах Мінска размешчана каля двух дзесяткаў гіпермаркетаў: «Гіпа», "ProStore", "Карона", "Суседзі", "Green", "ОМА", "Мацярык", "Мile", "BIGZZ", "Віталюр", "Еўраопт" і інш.
Беларусь падтрымлівае гандлёвыя адносіны больш як са 170 дзяржавамі свету. Яе асноўны гандлёвы партнёр – Расія (па дадзеных за 2018 г. 49,3% ад усяго аб'ёму тавараабароту). Другое месца ў тавараабароце займае Еўрапейскі саюз. Сярод краін, якія ў яго ўваходзяць асноўнымі імпарцёрамі беларускай прадукцыі з'яўляюцца: Вялікабрытанія, Польшча, Германія, Літва, Нідэрланды, Латвія, Бельгія, Нарвегія. Вырас экспарт: у Арменію, Кыргызстан, Казахстан. Дынамічна развіваюцца гандлёвыя адносіны з партнёрамі ў Лацінскай Амерыцы – Бразіліяй, Кубай, Эквадорам, у Азіяцкім рэгіёне – Кітаем, Індыяй, В'етнамам, Ізраілем, Карэяй, Японіяй.
Важнейшымі экспартнымі пазіцыямі рэспублікі з'яўляюцца прадукты нафтаперапрацоўкі, калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, металапрадукцыя, трактары, шыны, малочная і мясная прадукцыя, лесаматэрыялы. У імпарце найбольшае месца займаюць энергарэсурсы (нафта і прыродны газ), сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя (металы і вырабы з іх, сыравіна для хімічнай вытворчасці, часткі машын), тэхналагічнае абсталяванне.
Краіна актыўна развівае электронны гандаль як адзін з важных напрамкаў павышэння канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў і выхаду на новыя рынкі тавараў і паслуг. Большасць фірм у рэспубліцы ўжо займаюцца электронным гандлем, паколькі прамы продаж сваёй прадукцыі праз Інтэрнэт з'яўляецца самым прывабным напрамкам укаранення інтэрнэт-тэхналогій у бізнесе. Выкарыстоўваючы сетку Інтэрнэт, прадпрыемствы атрымліваюць дадатковыя магчымасці выхаду на знешні рынак, пашыраюць каналы збыту, ствараюць эфектыўную сістэму ўзаемадзеяння пастаўшчыкоў і пакупнікоў.
Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь
Беларуская гандлёва-прамысловая палата
Беларуская ўніверсальная таварная біржа
Дзяржаўны ўніверсальны магазін (ДУМ)
Упраўленне матэрыяльных рэсурсаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь