Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description

4 сакавіка 1945 года. 66 дзён да Перамогі

Выхад Чырвонай арміі да Балтыйскага мора. Дзеянні англійскай бамбардзіровачнай авіяцыі. Заява Фінскага ўрада пра вайну з Германіяй. Узнагароджанне МТС за ўзорную працу. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 42, 43), “Звязда” (№ 44), “Чырвоны сцяг” (Давыд-Гарадоцкі раён (№ 10), “Совецкая Радзіма” (Бабруйская вобласць, цяпер ліквідавана) (№ 34).

Цэлы дзень на паўднёвым захадзе ад Кёнігсберга Чырвоная армія вяла баі па знішчэнні ўсходнепрускай групоўкі праціўніка, авалодваючы адзін за адным населенымі пунктамі. Войскі 2-га Беларускага фронту выйшлі на ўзбярэжжа Балтыйскага мора і авалодалі горадам Кезлін – важным вузлом камунікацый і магутным апорным пунктам немцаў на шляху ад Данцыга ў Штэцін (цяпер Шчэцін). У выніку войскі суперніка ва Усходняй Памераніі былі адрэзаны ад яго войскаў у Заходняй Памераніі. Адначасова ўзята 50 населеных пунктаў. У ноч на 4 сакавіка найбуйнейшыя злучэнні англійскай бамбардзіровачнай авіяцыі здзейснілі канцэнтраваны налёт на канал Дортсмунд-Эмс і завод сінтэтычнай нафты паблізу Дортсмунда. Аб'ектамі бамбардзіроўкі сталі таксама Берлін і важны вузел нямецкіх камунікацый Вюрцбюрг. Фінскі ўрад афіцыйна заявіў аб тым, што Фінляндыя знаходзіцца ў стане вайны з Германіяй (“Звязда”, № 44; “1418 дней Великой Отечественной войны”, Мінск, 2014, с. 383). 

У гэты дзень мірнае насельніцтва, акрыленае весткамі з фронту, працягвае накіроўваць усе намаганні на аднаўленне народнай гаспадаркі, дамагаючыся высокіх вынікаў. Аднавілі працу 8 з 12 разбураных ільнонасенняводчых станцый рэспублікі, якія разгарнулі працу па падрыхтоўцы насення да веснавой сяўбы (“Советская Белоруссия”, № 43). Урадам СССР высока ацэнена аднаўленчая дзейнасць беларускіх МТС. У Мінску адбыўся сход перадавікоў, якія асабліва праславіліся поспехамі ў рамонце трактароў і сельскагаспадарчых машын. Старшыня сходу паведаміў пра пастанову Савета народных камісараў СССР уручыць Беларускай ССР за ўзорную работу МТС пераходзячы Чырвоны сцяг Дзяржаўнага камітэта абароны. Узнагарода ўручана гвардыі генерал-маёрам Глебавым, прадстаўніком дэлегацыі гвардзейцаў Чырвонай арміі, якая прыбыла з гэтай місіяй (“Звязда”, № 44).

Шмат задач пастаўлена перад мясцовай прамысловасцю. У Віцебску адбылася нарада работнікаў гэтай галіны, на якой абмяркоўваліся пытанні забеспячэння сыравінай, падрыхтоўкі новых кадраў, арганізацыйныя і вытворчыя праблемы. Аб багатых сыравінных запасах вобласці і вялікіх магчымасцях яе мясцовай прамысловасці сведчыць экспазіцыя выставы вырабаў райпрамкамбінатаў, швейных, шавецкіх, кандытарскіх арцеляў Віцебскай вобласці. Газета “Советская Белоруссия” (№ 43) дае вычарпальную інфармацыю пра гэтыя падзеі, асобныя артыкулы прысвечаны пытанням вырошчвання ранняй агародніны, атрымання рэкордна высокіх ураджаяў, працы адукацыйных устаноў, міжнародным падзеям. Выклікае цікавасць артыкул “В замке «Фальконхорст»”, у якім у чарговы раз раскрываецца марадзёрская сутнасць фашысцкіх захопнікаў.

У рэгіёнах у спісы аб'ектаў, якія патрабуюць першачарговага аднаўлення, уваходзяць і бібліятэкі. Газета “Чырвоны сцяг” (№ 10), якая выйшла ў гэты чацвёрты сакавіцкі дзень паведамляе, што ў вёсцы Рубель, якая была цалкам спалена фашыстамі і цяпер паступова адбудоўваецца, пачала працу адноўленая з папялішча хата-чытальня. Тут ужо налічваецца 103 кнігі, выпісана 13 газет і 6 часопісаў. Жыхары атрымалі магчымасць пачытаць ва ўтульнай абстаноўцы неабходную ім інфармацыю, праслухаць гутарку, падзяліцца навінамі.

Не слабее ўвага да развіцця айчыннай навукі. Акадэмія навук працягвае набор у аспірантуру на 17 спецыяльнасцей. Наладжваецца сфера вольнага часу: у Мінску ў поўную магутнасць працуюць кінатэатры для дарослых “Першы” і “Беларусь”, для дзяцей – “Радзіма”. Беларускі тэатр оперы і балета ў памяшканні Дома Чырвонай арміі дае ранішні спектакль “Алеся” Я. Цікоцкага (“Советская Белоруссия”, № 42). На гастролі ў Бабруйск прыбыла група артыстаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яны дадуць шэраг эстрадных канцэртаў для насельніцтва горада (“Совецкая Радзіма”, № 34).

Да Перамогі засталося 66 дзён...