Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

11 красавіка 1945 года. 28 дзён да Перамогі

Ваенныя дзеянні ў Заходняй Еўропе. Новыя падрабязнасці вывазу залатога запасу з Берліна. Нарастанне тэмпаў палявых работ. Мерапрыемствы памяці Уладзіміра Маякоўскага. Газеты: «Звязда» (№ 66), «Советская Белоруссия» (№ 65).

Па зводках Саўінфармбюро на працягу 11 красавіка ў паласе Карпат, на захад ад горада Ружамберак, нашы войскі, наступаючы сумесна з чэхаславацкімі і румынскімі войскамі, з баямі занялі горад і чыгуначную станцыю Святы Марцін, вузлавую чыгуначную станцыю Вруткі і больш за 40 іншых населеных пунктаў.

На паўночны захад ад Браціславы войскі 2-га Украінскага фронту, працягваючы наступленне на захад ад ракі Маравіі, занялі на тэрыторыі Аўстрыі больш за дзясятак населеных пунктаў.

У Вене войскі 3-га Украінскага фронту, фарсіраваўшы Дунайскі канал, авалодалі паўднёва-ўсходняй паловай гарадскога раёна, размешчанага паміж каналам і ракой Дунай. У баях за 10 красавіка войскі фронту ўзялі ў палон больш 2400 салдат і афіцэраў праціўніка і захапілі наступныя трафеі: самалётаў – 25, танкаў і самаходных гармат – 39, бронетранспарцёраў – 21, палявых гармат – 38, кулямётаў – 282.

Ноччу і днём 11 красавіка нашы цяжкія бамбардзіроўшчыкі наносілі ўдары па ваенна-прамысловых аб'ектах праціўніка ў горадзе Брэслаў.

У абедзвюх газетах за гэты дзень публікуецца матэрыял з новымі падрабязнасцямі вывазу нацыстамі залатога фонду з Берліна. Карэспандэнт газеты «Чыкага Сан» паведаміў, што прадстаўнік германскага Рэйхсбанка, заявіў, што нацысты вывезлі залаты запас з Берліна, так як немцы хацелі, каб ён быў захоплены амерыканцамі, а не рускімі. Адпраўка золата, грошай і твораў мастацтва з Берліна ў саляныя капальні, якія знаходзіліся на паўдарозе паміж войскамі Чырвонай арміі, што стаялі на Одэры, і англа-амерыканскімі войскамі на Рэйне, пачалася 9 красавіка. Прадстаўнікі нацысцкага ўрада разлічвалі, што амерыканцы змогуць выкарыстоўваць захоп залатога запасу для стабілізацыі рэйхсмаркі і выратавання акцый германскіх прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў.

Карэспандэнт агенцтва Рэйтэр паведамляе, што часткі 5-ай пяхотнай дывізіі 3-яй амерыканскай арміі выявілі ў адным з палацаў у 16 км на паўднёвы ўсход ад Гіссена сотні каштоўных твораў мастацтва і дзясяткі рукапісаў. Усё гэта багацце было награблена фашыстамі ў многіх еўрапейскіх сталіцах, а затым кінута без усялякай аховы.

А сталіца Беларусі сустракала дэлегацыю гвардзейскай дывізіі, якая прымала ўдзел у ліпеньскіх баях за вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яе складзе афіцэры і чырвонаармейцы, якія вызначыліся ў баях. Дэлегаты прывезлі з сабой ліст працоўным Мінска з расповедам пра франтавыя будні, пра гераізм і адвагу савецкіх воінаў. У сувязі з падрыхтоўкай да 1 Мая працаўнікі Мінска пачалі збор падарункаў франтавікам. У Дзяржаўнай бібліятэцы імя М. Горкага адбыўся паэтычны вечар, прысвечаны творчасці Уладзіміра Маякоўскага і прымеркаваны да 15-ай гадавіны з дня смерці паэта. У рамках вечара чытачы праслухалі цікавую лекцыю на тэму «Прыезды Маякоўскага ў Беларусь», азнаёміліся з выстаўкай у галоўнай зале бібліятэкі, размешчанай у Доме Урада. У заключэнне вечара адбыўся вялікі канцэрт («Советская Белоруссия», № 65).

Дарэчы, у Беларусі Маякоўскі быў некалькі разоў. Першы раз ён наведаў Мінск у 1914 г. і выступіў з лекцыяй у былым купецкім клубе. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Маякоўскі наведаў Гомель у 1922 г., яшчэ двойчы пабываў у Мінску ў 1925 і 1927 гг., а таксама ў 1927 г. у Віцебску ў Беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-2) адбыўся яго паэтычны вечар. Пазнаёміцца з ўспамінамі сучаснікаў пра сустрэчы з паэтам у Беларусі, іншымі цікавымі матэрыяламі можна, прачытаўшы кнігу "Маякоўскі ў Беларусі" (Мінск, Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1957, нататка аўтара).

Па газетных публікацыях за гэты дзень мы бачым таксама, што ў краіне ўсё больш актыўна разгортваюцца вясновыя палявыя работы, у шэрагу гаспадарак ужо прыступілі да сяўбы ранніх яравых культур. Услед за калгасамі Палесся і Гомельшчыны, сялянамі Брэсцкай і Пінскай абласцей да палявых работ прыступілі ў Магілёўскай, Мінскай і Бабруйскай абласцях. Першыя барозны на вызваленай зямлі праклалі калгасы і саўгасы паўночных рэгіёнаў Віцебшчыны і Полаччыны («Звязда», № 66).

А да Перамогі яшчэ заставалася 28 дзён ...