Закрыть
image description
Правосудие. Фото БЕЛТА
Правасуддзе. Фота БЕЛТА
Justice. BELTA photo
image description

Прававая сістэма Рэспублікі Беларусь

Прававая сістэма Рэспублікі Беларусь гістарычна фарміравалася ва ўмовах прававой культуры кантынентальнай Еўропы. Яна адносіцца да так званай сям′і рамана-германскага права, якая характарызуецца даволі дакладнай структураванасцю самога права, дзяленнем яго на галіны і інстытуты. Вызначальную ролю ў прававой сістэме краіны іграе сістэма права. На сучасны момант сістэма права Рэспублікі Беларусь складаецца з наступных асноўных галін:

  1.Канстытуцыйнае права. Яго нормы рэгулююць асновы дзяржаўнага ладу краіны, амацоўваюць асноўныя правы і абавязкі грамадзян, вызначаюць парадак фарміравання і дзейнасці органаў улады і кіравання, устанаўліваюць сістэму правасуддзя. Асноўнай крыніцай канстытуцыйнага права з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая мае вышэйшую юрыдычную сілу. У выпадку разыходжання іншых нарматыўных прававых актаў з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя.

2. Грамадзянскае права. Галіна права, якая рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны. Грамадзянскія праваадносіны рэгулююцца нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь і іншымі адпаведнымі гэтым заканадаўчым актам нарматыўнымі прававымі актамі.

3. Адміністрацыйнае права. Нормамі гэтай галіны права рэгулююцца адносіны, якія ўзнікаюць паміж органамі кіравання, а таксама адносіны паміж органамі кіравання і грамадзянамі. Змяшчаюцца нормы адміністрацыйнага права галоўным чынам у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама ў іншых законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановах Урада Рэспублікі Беларусь, актах міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і іншых органаў.

4. Крымінальнае права. Устанаўлівае, якія дзеянні людзей з’яўляюцца злачынствамі і якім пакаранням падвяргаюцца асобы, што іх здзейснілі.  Адзінай крыніцай крымінальнага права з’яўляецца Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, які асноўваецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права.

5. Працоўнае права. Рэгулюе адносіны паміж работнікамі і наймальнікамі. Гэтыя адносіны рэгулююцца як дзяржавай, так і пагадненнем бакоў. Асноўнымі крыніцамі працоўнага права з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь і іншыя заканадаўчыя і падзаконныя нарматыўныя акты.

6. Сямейнае права. Вызначае парадак уступлення ў шлюб і яго спынення, рэгулюе асабістыя і маёмасныя адносіны мужа і жонкі і іншых членаў сям’і, адносіны ўсынаўлення, апекі, папячыцельства, устанаўлівае парадак рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і інш. Нормы сямейнага права змяшчаюцца ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям′і і іншых актах заканадаўства. 

7. Зямельнае права – сістэма прававых норм, якія рэгулююць адносіны, што складваюцца пры кіраванні зямельнымі рэсурсамі з мэтай забеспячэння рацыянальнага выкарыстання зямель і іх аховы. Зямельныя адносіны рэгулююцца адпаведнымі нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб зямлі, іншымі заканадаўчымі і падзаконнымі актамі.
 
8. Фінансавае права. Рэгулюе адносіны ў сферы акумуляцыі, размеркавання і выкарыстання дзяржаўных грашовых сродкаў. Нормы фінансавага права змяшчаюцца ў артыкулах раздзела VII Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Банкаўскім кодэксе Рэспублікі Беларусь, Падатковым кодэксе Рэспублікі Беларусь,  у законах аб рэспубліканскім бюджэце, падатках і зборах, у дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановах Урада Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і інш.
 
9. Крымінальна-выканаўчае права. Рэгулюе парадак і ўмовы адбывання крымінальнага пакарання, прызначанага судом, і дзейнасць органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць пакаранне. Асноўным актам, які змяшчае нормы крымінальна-выканаўчага права, з’яўляецца Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь.

10. Крымінальна-працэсуальнае права – гэта сістэма прававых норм, якія вызначаюць парадак правядзення работы па крымінальных справах. Імі рэгулюецца дзейнасць органаў дазнання, папярэдняга расследавання, пракуратуры, суда па распачынанні, расследаванні і разглядзе крымінальных спраў, прававы стан удзельнікаў крымінальнага працэсу, парадак збору і ацэнкі доказаў, вынясення прыгавораў, іх абскарджання і да т.п. Прававым актам, які змяшчае нормы крымінальна-працэсуальнага права, з’яўляецца Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (Уголовно-процессуальный кодекс Республики Беларусь ).

11. Грамадзянска-працэсуальнае права – галіна права, якая рэгулюе парадак судаводства па грамадзянскіх, сямейных, працоўных і некаторых іншых справах. Крыніцамі грамадзянска-працэсуальнага права з’яўляюцца Грамадзянскі працэсуальны Кодэкс Рэспублікі Беларусь і Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь .

Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы

Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў

Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі

Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва