Закрыть
image description
Выставка белорусского художника М. Карпука в Бресте. Фото Е. Гараевой. БЕЛТА
Выстаўка беларускага мастака М. Карпука ў Брэсце. Фота К. Гараевай. БЕЛТА
The exhibition of the Belarusian artist M. Karpuk in Brest. Photo by E. Garayeva. BELTA
image description
Выставка «Марк Шагал: жизнь и любовь» в Минске. Фото О. Манчук. БЕЛТА
Выстаўка «Марк Шагал: жизнь и любовь» в Мінске. Фота А. Манчук. БЕЛТА
The exhibition "Marc Chagall: life and love" in Minsk. Photo by O. Manchuk. BELTA
image description
М. Савицкий - народный художник СССР и Беларуси, Герой Беларуси. Фото Н. Петрова. БЕЛТА
М. Савіцкі- народны мастак СССР і Беларусі,Герой Беларусі. Фота М. Пятрова. БЕЛТА
M. Savitsky - People's Artist of the USSR and Belarus, Hero of Belarus. Photo by N. Petrov. BELTA
image description
Выставка "Черная быль" М. Савицкого. Минск. Фото Г. Семенова. БЕЛТА
Выстаўка "Чорная быль" М. Савіцкага . Мінск. Фота Г. Сямёнава. Белта
The exhibition "Chernaya byl" of M. Savitsky. Minsk. Photo by G. Semenov. BELTA

Выяўленчае мастацтва

Пра гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва як пра своеасаблівы сінтэз мастацкіх культур Старажытнай Русі і Заходняй Еўропы можна гаварыць пачынаючы з 2-й паловы XIII – XIV стст. Беларускі іканапіс і кніжная мініяцюра развіваліся пад моцным уплывам мастацтва Візантыі і фальклорных традыцый. Мініяцюры Аршанскага (XIII ст.) і Мсціжскага (XIV ст.) Евангелляў сведчаць пра высокі ўзровень развіцця мастацтва ілюмінавання рукапісных кніг. Да шэдэўраў эмальернага мастацтва адносіцца крыж, выраблены ў 1161 г. полацкім майстрам Лазарам Богшам па заказе Еўфрасінні Полацкай. З XVI ст. у іканапісе Беларусі пад уплывам заходнееўрапейскага мастацтва выявы набываюць аб’ёмнасць (“Параскева Пятніца”, “Адзігітрыя Іерусалімская”); выразна выяўляюцца народныя бытавыя рысы (мініяцюры Шарашэўскага Евангелля, абраз “Нараджэнне Багародзіцы” Пятра Еўсяевіча з Галынца і інш.). Атрымлівае развіццё і партрэтны свецкі жывапіс. У XIV–XVI стст. фарміруюцца асноўныя віды, жанры і тэхнікі графікі. Росквіт беларускай гравюры (ксілаграфіі і гравюры на медзі) у XVII–XVIII стст. звязаны з імёнамі М. і В. Вашчанкаў, Ф. Ангілейкі, А. і Л. Тарасевічаў.

Сярэдневяковая скульптура развівалася пад уплывам заходнееўрапейскай пластыкі і стылістыкі. Ствараюцца яркія і арыгінальныя творы дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва (плеценыя з саломы царскія брамы, слуцкія паясы, кафля С. Палубеса, урэцка-налібоцкае шкло, карэліцкія габелены). Складваецца своеасаблівы від ажурнага разьбярства (“беларуская рэзь”).

Творчасць многіх мастакоў XIX – пачатку XX ст., выхадцаў з Беларусі, цесна звязана з Расіяй, Польшчай, Літвой і іншымі краінамі (В. Ваньковіч, браты А. і І. Гараўскія, Ю. Пэн, І. Хруцкі, Ф. Рушчыц, В. Бялыніцкі-Біруля, Х. Суцін і многія іншыя).

На хвалі грамадскага энтузіязму, выкліканага Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 г., адбываюцца імклівыя змены ў выяўленчым мастацтве. На кароткі час цэнтрам мастацтва рэвалюцыйнага авангарда становіцца Віцебск, на мастацкім небасхіле якога ярка ўспыхваюць імёны вядомых дзеячаў мадэрнізму – М. Шагала, К. Малевіча, В. Ермалаевай, Л. Лісіцкага і інш.

Спектр выяўленчага мастацтва 1920-х гг. быў даволі шырокі: ад экспрэсіянізму і супрэматызму да артадаксальнага рэалізму. Прыкметнае месца займаюць пошукі каранёў нацыянальнага і новых сродкаў выяўлення ў творчасці М. Філіповіча, М. Сеўрука, М. Станюты, Я. Драздовіча, А. Грубэ. У прадваенныя гады плённа працуюць жывапісцы І. Ахрэмчык, Я. Ціхановіч, скульптары М. Керзін, З. Азгур, А. Бембель, графікі А. Астаповіч, С. Юдовін, Я. Мінін і інш.

Суровым выпрабаваннем для Беларусі стала Другая сусветная вайна, якая забрала жыцці многіх таленавітых мастакоў і скульптараў, загінулі амаль усё творы жывапісу, скульптуры, графікі, помнікі культуры і мастацтва. Тэма вайны і партызанскага руху становіцца адной з вядучых у выяўленчым мастацтве Беларусі пасляваеннага перыяду. Імкненне да дакументалізму, сюжэтнага пераказвання падзей – характэрныя рысы мастацтва 1940–1950-х гг. Перагляд вобразна-пластычных сродкаў мастацтва, выпрацоўка новага сацыяльна-маральнага ідэалу пачынаецца з 1960-х гг. Гэта знайшло адлюстраванне ў творчасці мастакоў-жывапісцаў Б. Аракчэева, М. Савіцкага, В. Грамыкі, М. Данцыга, Л. Шчамялёва, В. Цвіркі, Г. Вашчанкі, В. Стальмашонка; мастакоў-графікаў А. Кашкурэвіча, Г. Паплаўскага і інш.

У канцы 1980-х гг. беларускае выяўленчае мастацтва становіцца больш дынамічным і разнастайным па тэматыцы, актыўна заяўляюць аб сабе арт-дызайн, фотамастацтва, камп’ютарная графіка. Актывізуецца выставачная дзейнасць, праводзяцца сумесныя мастацкія акцыі з замежнымі мастакамі. Шырокі зварот да народных традыцый у цеснай сувязі з сучаснай выяўленчай мовай адзначаецца ў творчасці А. Паслядовіч, А. Лось, У. Савіча, В. Славука, У. Басалыгі. У карцінах 1990-х гг. значна больш маляўнічай свабоды, палёту фантазіі, пошуку новых сродкаў выразнасці (У. Альшэўскі, М. Апіёк, М. Селяшчук, У. Тоўсцік).

Устойлівым застаецца інтарэс да чыста жывапісных каштоўнасцей карціны (П. Паршын, А. Марачкін, А. Кузняцоў, М. Бушчык, Л. Хобатаў, У. Кожух, А. Ксяндзоў). Традыцыі авангарда пачатку ХХ ст. віцебскай мастацкай школы развіваюць у сваёй творчасці Л. Русава, Н. Залозная, І. Цішын, А. Задорын і інш.

Галоўны кірунак развіцця скульптуры звязаны з манументальнымі яе формамі. Ствараюцца скульптурна-архітэктурныя комплексы “Хатынь”, “Курган Славы”, “Крэпасць-герой Брэст” і інш. Нараўне з майстрамі старэйшага пакалення плённа працуюць у 1960–1970-я гг. іх маладыя калегі – Л. Гумілеўскі, А. Шатэрнік, С. Вакар, І. Міско, С. Селіханаў і інш.

Беларуская скульптура сённяшняга часу вылучаецца стылёвай разнастайнасцю, шматпланавасцю пластычнай мовы і імкненнем да новай вобразнай выразнасці. Гэты кірунак творчых пошукаў прадстаўляе цэлы шэраг мастакоў розных пакаленняў, якія працуюць у манументальнай, станковай, мемарыяльнай і паркавай пластыцы: А. Арцімовіч, А. Батвінёнак, Г. Буралкін, У. Слабодчыкаў, А. Фінскі, А. Мятліцкі, С. Гаравая, С. Гарбунова, А. Дранец, С. Бандарэнка, У. Жбанаў.

Высокі прафесіяналізм і вастрыню выяўленчага рашэння дэманструюць беларускія графікі С. Балянок, У. Лукашык, Ю. Якавенка, М. Барздыка, У. Вішнеўскі. У сярэдзіне 1990-х – пачатку 2000-х гг. у беларускую графіку прыйшлі маладыя аўтары: П. Татарнікаў, Ю. Алісевіч, Р. Сустаў, А. Басалыга і інш. Многія прадстаўнікі беларускай школы графікі атрымліваюць станоўчыя водгукі мастацтвазнаўцаў, заваёўваюць дыпломы на кніжных кірмашах і буйных мастацкіх выстаўках. Значных поспехаў дасягнулі беларускія плакатысты. У. Цэслер, С. Войчанка, К. Хацяноўскі, А. Наважылаў, Д. Сурскі і іншыя атрымалі цэлы шэраг міжнародных узнагарод.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі мае ўласны стыль, які спалучае традыцыі і наватарскія пошукі. Ён пачаў складвацца ў 1960-я гг. і працягвае паслядоўна развівацца далей. У галіне габеленавага ткацтва шырока вядомы імёны В. Бартловай, А. Кішчанкі, Н. Пілюзінай, аўтараў манументальных габеленаў. У розныя дзесяцігоддзі свой творчы ўклад у стварэнне высокамастацкіх вырабаў з керамікі зрабілі мастакі-прыкладнікі: М. Байрачны, А. Зіменка, Т. Сакалова, В. Прыешкіна, Т. Васюк. Больш за 100 гадоў дзейнічае найстарэйшы ў Беларусі шклозавод “Нёман”. Ён з’яўляецца цэнтрам гутнага, каляровага мастацкага шкла ў краіне.

У ХХI ст. мастацкая школа Беларусі даказала сваю здольнасць да развіцця, захавала цэльнасць, прадоўжыла засваенне прагрэсіўных элементаў сусветнай культуры, пашыраючы жанрава-відавы спектр. Разнастайна і мнагапланава беларускае выяўленчае мастацтва выходзіць на міжнародную арэну, сведчаннем гэтаму з’яўляюцца актывізацыя замежных кантактаў, удзел у шматлікіх міжнародных выстаўках і праектах, прэстыжныя дыпломы.

Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў

Беларускі саюз мастакоў

Галерэя "Арт-Беларусь"

Карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі

Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура

Музей Марка Шагала

Музей "Прастора Хаіма Суціна"

Музей шклозавода "Нёман"

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (НЦСМ)

Студэнцкі цэнтр сучаснага мастацтва "Alla prima"