Сельская гаспадарка
Сельская гаспадарка з'яўляецца адной з найважнейшых галін эканомікі Беларусі і галоўным складнікам аграпрамысловага комплексу (АПК) краіны. У рэспубліцы на 1 студзеня 2019 г. налічвалася каля 1389, сельскагаспадарчых арганізацый, 3265 фермерскіх гаспадарак, каля 1 млн асабістых падсобных гаспадарак. Прыярытэтным напрамкам развіцця АПК была і застаецца буйна-таварная вытворчасць. Сельскагаспадарчыя арганізацыі, уключаючы фермерскія гаспадаркі, вырабляюць каля 80% прадукцыі аграрнага сектара, гаспадаркі (асабістыя падсобныя і іншыя) насельніцтва – каля 20%.
Каб павысіць давер спажыўцоў да сваёй прадукцыі, беларускія вытворцы ўкараняюць сістэмы забеспячэння якасці і бяспекі харчовай прадукцыі. Тэхнічнае перааснашчэнне арганізацый мясной і малочнай прамысловасці дазволіла сертыфікаваць у 82 падраздзяленнях арганізацый (21 – у мясной галіне і 61 – у малочнай) міжнародную сістэму якасці. Сёння доля сельскагаспадарчай вытворчасці складае каля 6–7% аб'ёму валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Беларусь практычна поўнасцю забяспечвае сябе харчаваннем, якога дастаткова для задавальнення ўнутраных патрэб з улікам плацёжаздольнага попыту насельніцтва краіны. Імпарт прадуктаў харчавання складае менш за 10% усяго аб'ёму спажывання. Асноўнымі відамі прадукцыі беларускай сельскай гаспадаркі з'яўляюцца малако, мяса жывёлы і птушкі, збожжа, бульба, гародніна, цукровыя буракі і льняная сыравіна.
Па аб'ёмах вытворчасці асноўных відаў сельгаспрадукцыі Беларусь з'яўляецца адным з лідэраў сярод краін постсавецкай прасторы. Вытворчасць сельгаспрадуктаў на душу насельніцтва адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях (вытворчасць бульбы, цукровых буракоў, мяса, малака) перавышае паказчыкі, дасягнутыя ў краінах СНД. Напрыклад, па вытворчасці малака на душу насельніцтва (785 кг) Рэспубліка Беларусь займае пазіцыю, якая з’яўляецца адной з лідзіруючых пазіцый у свеце, і апярэджвае такія краіны, як Расійская Федэрацыя, Украіна, Казахстан, ЗША, Кітай.
Прадпрыемствы АПК працуюць як на ўнутраны, так і на знешні рынкі, гатовыя да плённага і ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва па ўсім спектры напрамкаў сваёй дзейнасці. Cельгаспрадукцыя пастаўляецца ў 35 краін: каля 70% экспартуецца ў Расію, каля 13% – у іншыя краіны СНД, 14% – у краіны па-за СНД. Асобныя яе віды маюць значны экспартны патэнцыял. Беларусь уваходзіць у лік 15 краін найбуйнейшых сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі, прычым па пахце, ёгурту, кефіру займае пяты радок сусветнага рэйтынгу, па сметанковым масле – сёмую, па малочнай сыроватцы, малаку і вяршкам (згушчаным і сухім) – восьмую.
Краіна таксама ў ліку 10 краін – лідэраў па экспарце мяса, пры гэтым па мясе птушкі займае чацвёрты радок сусветнага рэйтынгу, па ялавічыне астуджанай – пятую і ялавічыне замарожанай – шостую. Акрамя таго Беларусь уваходзіць у першую пяцёрку сярод 23 вядучых вытворцаў ільновалакна. Каталог прадпрыемстваў харчовай прамысловасці нашай краіны і замежных кампаній, з якімі наладжана супрацоўніцтва, прадстаўлены на Беларускім харчовым гандлёва-прамысловым партале Прадукт. by.
У мэтах стварэння ўмоў для ўстойлівага развіцця аграпрамысловага комплексу ў 2016 г. прынята Дзяржаўная праграма развіцця аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016–2020 гады. Выкананне яе мерапрыемстваў ужо ў 2016 г. забяспечыла станоўчую дынаміку вытворчасці сельгаспрадукцыі. Да ўзроўню 2015 г. у гаспадарках усіх катэгорый выпушчана 103,4% прадукцыі, у тым ліку ў раслінаводстве – 106,0%, жывёлагадоўлі – 101,2%. У супастаўленні з 2015 г. павялічылася вытворчасць цукровых буракоў у 1,3 разы (4,3 млн тон), агародніны – на 12,2% (1891,3 тыс. тон), ільновалакна – на 102% (41,3 тыс. тон). Назіраўся рост экспарту ў натуральным выражэнні да ўзроўню 2015 г. па асноўных таварных пазіцыях. Па выніках 2016 г. у поўным аб'ёме выкананы дзяржаўны заказ па пастаўках збожжа і цукровых буракоў, сума прыбытку ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі ўзрасла ў 6 разоў і склала 313,3 млн рублёў.
Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы
Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь
Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі
Рэспубліканская лесапрамысловая асацыяцыя
Export.by. Партал інфармацыйнай падтрымкі экспарту