Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description

23 сакавіка 1945. 47 дзён да Перамогі

Франтавыя навіны з Германіі. Ваенныя дзеянні на Ціхім акіяне. У БССР узяты курс на развіццё птушкагадоўлі. Нарада тарфянікаў. Недавыкананне плана ў Бабруйскай вобласці. Канцэрты ў БССР. Тэатр у Бабруйску ставіць п’есы. Газеты: “Звязда” (№ 54), “Советская Белоруссия” (№ 53), “Совецкая радзіма” (№ 45).

1-шы Украінскі фронт вядзе баі ў нямецкай Сілезіі, узята некалькі гарадоў. 3-ці Беларускі працягвае змагацца ля Кёнігсберга і на Данцыгскім кірунку. У раёне ніжняй плыні ракі Драва Чырвоная армія дзейнічае сумесна з балгарскай і югаслаўскай арміямі.

Англа-амерыканскія войскі працягваюць няўхільна прасоўвацца да Рэйна. Авіяцыя саюзнікаў ажыццявіла мэтанакіраваныя бамбардзіроўкі аэрадромаў саперніка, а англійскія самалёты здзейснілі 30-ты налёт на Берлін. На Ціхаакіянскім тэатры вайсковых дзеянняў – значная падзея: 21 сакавіка адбылася бітва флатоў ЗША і Японіі ва ўнутраных японскіх водах, у выніку якой Японія панесла значныя страты. У гэты ж дзень гэтая краіна страціла востраў Івадзіму ў Ціхім акіяне, пра што па радыё японскаму народу паведаміў прэм’ер-міністр Койса (востраў быў вернуты Японіі ў 1968 годзе – заўв. аўт.).

Галоўная падзея гэтых дзён у тыле – узяты кірунак на развіццё ў БССР птушкагадоўлі, асабліва вадаплаўнай птушкі, намечаны планавыя лічбы па абласцях і комплекс канкрэтных мерапрыемстваў, у тым ліку прадугледжана падрыхтоўка птушкаводаў.

Толькі што завяршылася “Усебеларуская нарада тарфянікаў”, на якой гаварылася пра аднаўленне прадпрыемстваў тарфяной прамысловасці, вывазку торфу пасля здабычы, а таксама пра неабходнасць арганізаваць сталовыя для рабочых, павысіць культурна-масавую работу (“Звязда”, № 54; “Советская Белоруссия”, № 53).

На 2-й старонцы газеты “Звязда” (№ 54) – вялікі артыкул з фатаграфіяй пра работу камбіната “Спартак”, да гэтага дня ўжо выпушчана больш за 60 тон пернікаў, 30 тон печыва, 90 тон цукерак, 4 тоны джэму і павідла! На 4-й старонцы – невялікая нататка з добрай навіной: з Усходняй Прусіі вяртаецца абсталяванне электрастанцый, вывезенае падчас акупацыі.

Матэрыялы ў газеце “Совецкая радзіма” (№ 45) у асноўным прысвечаны пачатку веснавога палявога сезона: у некаторых калгасах яшчэ кіпіць праца і актыўна заканчваецца падрыхтоўка, у некаторых зрабілі пробныя выезды на палі, у іншых, адрамантаваўшы плугі, прыступаюць да рамонту барон і вазоў. На днях у Бабруйскай вобласці збіраліся на нараду для абмеркавання пытанняў абнаўлення севазваротаў. За поспехі ў гэтым кірунку па рашэнні Бабруйскага абласнога выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны лепшыя спецыялісты. Аднак газета адзначае і зацягванне выканання плана па шэрагу іншых напрамкаў: лесанарыхтоўках у Любанскім раёне (цяпер Мінскай вобласці); будаўніцтву дамоў для калгаснікаў у Клічаўскім раёне (цяпер Магілёўскай вобласці), дзе многія яшчэ жывуць у зямлянках; выпуску матэрыялаў для будаўніцтва ў Кастрычніцкім раёне, дзе прамысловы камбінат позніцца з вырабам аконных рам і дзвярэй для дамоў, якія будуюцца. Гонар выклікае чытанне нататкі пра працу Слуцкай гарбарнай арцелі “Чырвоны гарбар”, якая выпускае прадукцыю звыш плана, прычым выдатнай якасці.

Сярод анонсаў культурнай праграмы – мерапрыемствы, прысвечаныя паэту У. Маякоўскаму, запланаваныя на красавік; прыезд у Мінск на першамайскія святы артыстаў Ленінградскай эстрады. Таксама ў БССР запрошаны вядучыя калектывы СССР, у прыватнасці квартэт імя Глазунова, эстрадна-меладычны ансамбль пад кіраваннем Градскага, які наведае Пінск, Брэст, Гомель, Бабруйск. У Мінску зараз знаходзяцца на гастролях артысты Маскоўскай эстрады. А Дзяржаўны ансамбль песні і танца БССР у гэтыя дні працягвае радаваць гледачоў і слухачоў у заходніх абласцях рэспублікі, неўзабаве туды ж накіруюцца артысты эстрады і філармоніі Беларусі (“Советская Белоруссия”, № 53).

У Бабруйскім абласным драмтэатры паказалі пастаноўку “Жыццё вучыць» па п’есе народнага артыста БССР В.Я. Галаўчынера “Урок жыцця” і ўжо рэпеціруюць новую п’есу – камедыю “Надзвычайны закон” братоў Тур (“Звязда”, № 54). Цікава, што пісьменнікі Л. Тубельскі і П. Рыжэй, якія пісалі пад псеўданімам “браты Тур”, разам з Л. Шэйніным пасля стварылі сцэнарый кінастужкі “Сустрэча на Эльбе”, знятага ў 1949 г. рэжысёрам Р. Аляксандравым, і ў складзе здымачнай групы атрымалі Сталінскую (Дзяржаўную) прэмію першай ступені (1950). Гэтая сустрэча амерыканскай і савецкай армій адбудзецца ўжо праз месяц – у канцы красавіка 1945 года.

А да Перамогі застаецца яшчэ 47 дзён…