Закрыть
image description
Логистический субпарк в “Великом Камне”. Фото БЕЛТА
Лагістычны субпарк ў “Вялікім Камені”. Фота БЕЛТА
Logistics sub park in the “Great Stone”. BELTA photo
image description
В Национальном аэропорту “Минск”. Фото БЕЛТА
У Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Фота БЕЛТА
At the National Airport “Minsk”. BELTA photo
image description
Электропоезд бизнес-класса InterCity. Фото БЕЛТА
Электрацягнік бізнес-класа InterCity. Фота БЕЛТА
InterCity business train. BELTA photo
image description
Логистический центр сети "Евроопт". Барановичи. Фото Н. Абложей. БЕЛТА
Лагістычны цэнтр сеткі "Еўраопт". Баранавічы. Фота Н. Аблажэй. БЕЛТА
Logistic center of the network "Euroopt". Baranovichi. Photo by N. Ablozhey. BELTA
image description
Торгово-логистический центр РУП "Кристалл". Минский район. Фото Г. Жинкова. БЕЛТА
Гандлёва-лагістычны цэнтр РУП "Крышталь". Мінскі раён. Фота Г. Жынкова. БЕЛТА
Trade and Logistics Center RUE "Crystal". Minsk region. Photo by G. Zhinkov. BELTA

Транспартна-лагістычная сістэма

Беларусь з'яўляецца важным транспартным калідорам, які злучае Захад і Усход, рэгіёны Чарнаморскага ўзбярэжжа з краінамі Балтыйскага мора. Таму ў краіне робіцца сур'ёзная стаўка на развіццё лагістыкі, удасканаленне сістэмы перавозкі пасажыраў і грузаў.

Важная роля ў забеспячэнні гандлёва-эканамічных сувязей краін Еўрапейскага саюза ў зносінах з краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну належыць чыгунцы. Працягласць чыгуначных магістраляў складае 5,5 тыс. км. Беларуская чыгунка  забяспечвае рэгіянальныя, міжрэгіянальныя і міжнародныя перавозкі пасажыраў. Яна ахоплівае больш за 2100 населеных пунктаў рэспублікі, а таксама звязвае Беларусь з Парыжам, Ніцай, Берлінам, Варшавай, Прагай, Венай, сталіцамі і адміністрацыйнымі цэнтрамі Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Казахстана. Продаж праязных дакументаў цалкам аўтаматызаваны і ажыццяўляецца праз АСК «Экспрэс-3», што дазваляе ў лічаныя хвіліны набыць квіткі да любой станцыі, размешчанай на сетцы чыгунак дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў і краін Балтыі.

Ключавымі для чыгуначнага комплексу Беларусі з'яўляюцца транзітныя перавозкі грузаў. На іх долю прыпадае трэцяя частка агульнага аб'ёму перавозак. У мэтах развіцця транспартна-лагістычнай дзейнасці і прыцягнення дадатковых грузаў, якія перавозяцца ў напрамку Усход-Захад-Усход праз Брэсцкі пагранічны пераход і пераходы Гродзенскай вобласці, створаны прадпрыемствы "Брэстгрузтранс-лагістык"  і "Баранавіцкі грузавы цэнтр транспартнай лагістыкі".

У Беларусі функцыянуе разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог, якая дазваляе забяспечваць круглагадовую сувязь з усімі населенымі пунктамі. Па шчыльнасці дарог агульнага карыстання ў разліку на 1 кв. км рэспубліка займае 15-е месца ў свеце і 12-е месца па іх працягласці на 1 тыс. жыхароў. Аўтамабільным транспартам перавозіцца звыш 58% ад агульнага аб'ёму перавозак пасажыраў і каля 40% ад агульнага аб'ёму перавозак грузаў. У цяперашні час у галіне аўтамабільнага, гарадскога электрычнага транспарту і метрапалітэна рэалізуецца Дзяржаўная праграма развіцця транспартнага комплексу Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, зацверджаная Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2016 г. № 345. Мэтай праграмы з'яўляецца збалансаванае развіццё розных відаў транспарту і транспартнай інфраструктуры; павышэнне хуткасці дастаўкі грузаў і перавозкі пасажыраў; паляпшэнне інвестыцыйнай прывабнасці транспартнага комплексу, развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы дасць магчымасць забяспечыць задавальненне патрэб насельніцтва і эканомікі рэспублікі ў транспартных паслугах; іх даступнасць, высокую якасць і бяспеку; павышэнне эфектыўнасці функцыянавання транспартнага комплексу.

Важнае значэнне надаецца развіццю паветранага транспарту, як найбольш мабільнаму складніку транспартнай інфраструктуры сучаснай дзяржавы. Найбуйнейшым аэрапортам з'яўляецца Нацыянальны аэрапорт «Мінск», які прадастаўляе ўвесь комплекс аэрапортавых паслуг,  у 2015 г. стаў членам Міжнароднай асацыяцыі аэрапортаў. Узлётна-пасадачная паласа (даўжыня 3 641 м, шырыня 60 м) і сігнальнае абсталяванне, якое выпускаеццв вядомай кампаніяй “Siemens”, дазваляюць ажыццяўляць пасадку ўсіх тыпаў паветраных судоў. Нацыянальная авіякампанія «Belavia», якая з 1997 г. з'яўляецца членам Міжнароднай асацыяцыі авіяперавозчыкаў (ІATA), інтэгравана ў сучасную структуру еўрапейскіх авіяперавозак і мае спецыяльныя камерцыйныя пагадненні з 48 авіякампаніямі. Кампанія «Трансавіяэкспарт» спецыялізуецца на перавозках грузаў у краіны Еўропы, Паўднёвай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Бліжняга Усходу. Акрамя таго працуюць аэрапорты «Гомель», «Брэст», «Гродна», «Віцебск», «Магілёў». Існуючая маршрутная сетка забяспечвае перавозкі пасажыраў на міжнародных, міжрэгіянальных і рэгіянальных лініях. Для паляпшэння якасці абслугоўвання пасажыраў функцыянуе сістэма інтэрнэт-рэгістрацыі на рэгулярныя рэйсы праз сайт авіякампаніі, а таксама кіёскі самаабслугоўвання. У аэрапортавых комплексах працягваецца абнаўленне спецтэхнікі, тэхналагічнага абсталявання і сродкаў механізацыі, тэхнічнае перааснашчэнне службаў авіяцыйнай бяспекі сучасным абсталяваннем для дагляду.

Па тэрыторыі Беларусі праходзяць магістральныя нафта- і газаправоды, якія ўяўляюць сабой магутныя высокапрадукцыйныя сістэмы, што ўдзельнічаюць у транспартнай дзейнасці. Гэта стратэгічны від транспарту, які выконвае функцыі транзітнага (па трубаправоднай сетцы ажыццяўляюцца пастаўкі прыроднага газу і нафты з месцаў здабычы (Расійская Федэрацыя) у еўрапейскія краіны).

У сістэме воднага транспарту працуе 10 рачных партоў рознага ўзроўню, а таксама транспартна-экспедыцыйныя кампаніі. Арганізацыі гэтай сферы ажыццяўляюць перавозку грузаў па рэках Рэспублікі Беларусь і па міжнародных лініях па Дняпры ў чарнаморскія парты, а таксама займаюцца праектаваннем, будаўніцтвам і рамонтам судоў. Надаецца ўвага перавозкам удзельнікаў розных экскурсій. У арганізацыі і правядзенні актыўнага воднага адпачынку задзейнічаны Аўгустоўскі канал. Сёння на беларускай частцы старадаўняга канала функцыянуюць 5 шлюзаў-рэгулятараў, 2 плаціны і 4 суднаходных шлюзы. На канале і яго прытоках распрацавана больш за 10 водных маршрутаў. Аматарам водных падарожжаў прапануюцца прагулкі на цеплаходзе і катанне на катарах, сплавы на байдарках, пракат катамаранаў і лодак. Для паспяховага праходжання па фарватэры прадастаўляюцца паслугі лоцмана. У бліжэйшы час будуць уведзены ў дзеянне прычалы для малых суднаў, зоны адпачынку і навігацыйная GPS-карта.

Далейшае развіццё транспартна-лагістычнай сістэмы мае надзвычай важнае значэнне, асабліва ў частцы паскарэння глабалізацыйных працэсаў і інтэграцыі на гэтай аснове нашай краіны ў сусветную эканамічную і інфармацыйную прастору. У 2016 г. была прынята новая Рэспубліканская праграма развіцця лагістычнай сістэмы і транзітнага патэнцыялу на 2016-2020 гады. Галоўнай яе мэтай з'яўляецца эфектыўная інтэграцыя нацыянальнай лагістычнай сістэмы ў міжнародную сістэму размеркавання фінансавых і працоўных рэсурсаў, павышэнне транзітнай прывабнасці дзяржавы, павелічэнне даходнасці ад экспарту лагістычных паслуг. У рамках рэалізацыі праграмы пачалося актыўнае нарошчванне аб'ёмаў лагістычнага сэрвісу, асабліва ў галіне пабудовы сучасных лагістычных цэнтраў.  На пачатак 2017 г. у Рэспубліцы Беларусь функцыянавала 42 лагістычных цэнтры рознай накіраванасці. Плошча прадастаўленых ім памяшканняў у сукупнасці складае звыш 500 тыс. кв. м.

З мэтай развіцця лагістычнай сістэмы ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна рэалізуецца інвестыцыйны праект будаўніцтва мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу «Бремино-Орша». Гэта будзе садзейнічаць аптымізацыі грузапатокаў, працэсаў перапрацоўкі і перамяшчэння тавараў на рынках Еўрасаюза і Мытнага саюза. У комплекс уваходзяць складскія, транспартныя, вытворчыя аб'екты і кампаніі, якія іх абслугоўваюць.

Транспартная дзейнасць ажыццяўляецца ў рэспубліцы ў рамках разгалінаванага прававога поля. Дзеючае профільнае заканадаўства вызначае прававыя, эканамічныя і арганізацыйныя асновы рэгулявання адносін, звязаных з карыстаннем аўтамабільнымі дарогамі, паветранай прасторай, чыгуначным і аўтамабільным транспартам і інш. Як комплексная галіна транспартная дзейнасць кіруецца не толькі сістэмай спецыяльных нарматыўных прававых актаў, але і актамі іншых галін заканадаўства або асобнымі іх часткамі (мытнае заканадаўства, заканадаўства аб фінансах і крэдыце і інш.).

Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы

Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь

Мытныя органы Рэспублікі Беларусь

Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў (БАМАП)

Асацыяцыя міжнародных экспедытараў і лагістыкі «БАМЭ» 

Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках: Закон Рэспублікі Беларусь

Беларускі партал грузаперавозак

Белмытсэрвіс

Белрусінвест

Дзяржаўная праграма развіцця транспартнага комплексу Рэспублікі Беларусь на 2016 – 2020 гады 

Клуб лагістаў 

Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь 

РУП «Белдарцэнтр» 

ТАА «Белагратэрмінал» 

ТАА «Рэсурскантроль» 

Трансавіяэкспарт

Цэнтр павышэння кваліфікацыі «БАМЭ-Экспедытар»

BelToll