Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

2 красавіка 1945 года. 37 дзён да Перамогі

Дырэктыва па Берлінскай наступальнай аперацыі. Выхад Чырвонай арміі да аўстра-венгерскай мяжы. Ваенныя трафеі. Аб'екты налёту саюзных знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў. Абласны сход сялян Маладзечанскай вобласці. Дапамога сем'ям франтавікоў. Кінафікацыя вёскі. Газеты: "Советская Белоруссия" (№ 60), "Звязда" (№ 61), "Большэвік Палесся" Палескай (цяпер ліквідаванай) вобласці (№ 32), "Чырвоны сцяг" Давыд-Гарадоцкага (цяпер Столінскага) раёна (№ 18).

Камандуючы войскамі 1-га Украінскага фронту атрымаў дырэктыву Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага па падрыхтоўцы і правядзенні Берлінскай наступальнай аперацыі. На працягу дня войскі 2-га Украінскага фронту на браціслаўскім напрамку занялі горад Топальчаны і выйшлі да аўстра-венгерскай мяжы ("1418 дней Великой Отечественной войны", Мінск, 2014, с. 389.). Працягваюцца наступальныя баі нашых войскаў на Венскім напрамку. Войскі 3-га Украінскага фронту сумесна з балгарскімі войскамі вызвалілі цэнтр нафтавай прамысловасці Венгрыі горад Надзьканіжа, важны вузел дарог і магутны апорны пункт абароны немцаў ("Большэвік Палесся", № 32). За гэты дзень войскі фронту ўзялі ў палон больш за 12 000 салдат і афіцэраў. Сярод захопленых трафеяў 30 самалётаў, 159 аўтамашын, 25 паравозаў, 927 чыгуначных вагонаў, 38 складоў з узбраеннем, боепрыпасамі, прадуктамі харчавання і інш. Войскі саюзнікаў захапілі 27 771 палоннага. Саюзныя знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі здзейснілі налёт на аб'екты праціўніка на шырокай тэрыторыі, якая распасціраецца ад Амерсфарта ў Нідэрландах да Брэмена ў Германіі ("Советская Белоруссия", № 60"Звязда", № 61).

Сельскае насельніцтва Беларусі працягвае займацца веснавымі работамі. Калектыўная праца накіравана на атрыманне з калгасных палёў высокіх ураджаяў. У гэтым усяляк задзейнічаны адноўленыя машынна-трактарныя станцыі. Не забываюцца і асабістыя гаспадаркі сялян, якія маюць цяжкасці, бо іх кармільцы змагаюцца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ці загінулі ў гэтай барацьбе. Камсамольцы пярвічнай арганізацыі пры Лядзецкім сельсавеце Давыд-Гарадоцкага раёна прынялі рашэнне аказаць дапамогу сем'ям франтавікоў у правядзенні веснавой сяўбы. На іх участкі хлопцы сваімі сіламі вывезуць угнаенне, узаруць і засеюць. Брак насення будзе кампенсаваны са створанага пры сельсавеце фонду. Працягваюць фарміравацца фонды дапамогі асірацелым дзецям.  У Веляміцкім сельсавеце Давыд-Гарадоцкага раёна для дзяцей-сірот сабрана больш за 70 пудоў збожжа і 1 875 руб. ("Чырвоны сцяг", № 18).

У гэты ж дзень скончыў працу першы абласны сход сялян Маладзечанскай вобласці. Дэлегаты абмяркоўвалі план сельскагаспадарчых работ на 1945 год і мерапрыемствы па найхутчэйшым і высакаякасным правядзенні веснавой сяўбы. Удзельнікі распрацавалі сацыялістычныя абавязацельствы і выклікалі на спаборніцтва суседнюю Полацкую вобласць ("Звязда", № 61).

Не выпускаецца з-пад увагі сфера вольнага часу сельскіх жыхароў. Давыд-Гарадоцкі раённы аддзел кінафікацыі атрымаў гукавую кінаперасоўку, якая будзе абслугоўваць выключна сельскае насельніцтва. Неўзабаве жыхары сёл атрымаюць магчымасць паглядзець шэраг мастацкіх і гістарычных кінафільмаў ("Чырвоны сцяг", № 18).

Да Перамогі засталося 37 дзён...