Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

14 красавіка 1945 года. 25 дзён да Перамогі

Вызваленне сталіцы Аўстрыі. Дзень жалобы ў ЗША ў сувязі са смерцю прэзідэнта Ф. Рузвельта. Заява Г. Трумэна. Аднаўленне помніка У.І. Леніну ля Дома ўрада ў Мінску. Мерапрыемствы памяці Уладзіміра Маякоўскага.  Газеты: “Звязда” (№ 68), “Советская Белоруссия” (№ 67), “Совецкая радзiма” Бабруйскай (цяпер ліквідаванай) вобласці (№ 59).

У ноч на 14 красавіка "Альпійская крэпасць", так фашысты ахрысцілі Вену, цалкам перайшла пад кантроль савецкіх войскаў. І нягледзячы на тое, што найважнейшыя аб'екты горада, яго галоўныя славутасці былі замініраваны, а дамы ператвораны ва ўмацаваныя агнявыя кропкі, умелыя і рашучыя дзеянні нашых войскаў сарвалі злачынныя планы нямецкага камандавання па ператварэнні Вены ў арэну зацяжных баёў і не дапусцілі маштабнага разбурэння старажытнай жамчужыны Еўропы. Савецкія воіны прадухілілі выбух Імперскага моста праз Дунай, а таксама разбурэнне многіх іншых выдатных архітэктурных збудаванняў, сярод якіх сабор Святога Стэфана, Венская ратуша і іншыя.

Савецкія афіцэры ўскладаюць вянок з чырвоных руж на магілу аўстрыйскага кампазітара, прызнанага "караля вальса" Іагана Штрауса. Фота ТАСС.

50 воінскіх часцей і злучэнняў, якія вызначыліся ў баях за Вену, атрымалі ганаровыя назвы "венскіх". Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР заснаваў медаль "За ўзяцце Вены". (У жніўні 1945 года ў Вене, на плошчы Шварцэнбергплац, у гонар савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне Аўстрыі, быў усталяваны помнік. – Заўв. аўт.).

Цэлыя палосы ў газетах гэтага дня прысвечаны матэрыялам у сувязі з раптоўнай смерцю прэзідэнта ЗША Франкліна Рузвельта. Апублікаваны спачуванні савецкага ўрада амерыканскаму народу, жонцы прэзідэнта Элеаноры Рузвельт, дзяржаўнаму сакратару. 14 красавіка аб'яўлены днём жалобы ў ЗША.

Рэдакцыйнай калегіяй газеты “Советская Белоруссия” (№ 67, с. 2.) падрыхтаваны даведачны матэрыял пра жыццё і палітычную дзейнасць Франкліна Дэлана Рузвельта (1882–1945), прэзідэнта ЗША з 1932 па 1945 год. У абстаноўцы сусветнага эканамічнага крызісу Рузвельт праводзіў "новы курс", які меў на мэце абмежаванне манаполіі і паляпшэнне сацыяльных умоў для шырокіх народных мас. Гэта палітыка надала яму вялікую папулярнасць у амерыканскім грамадстве. Адным з першых актаў Рузвельта пасля абрання яго прэзідэнтам было ўстанаўленне ў 1933 годзе дыпламатычных адносін з СССР. Адразу ж пасля вераломнага нападу Германіі на Савецкі Саюз Рузвельт заявіў аб сімпатыях амерыканскага народа да СССР. Паміж ЗША і СССР былі заключаны пагадненні, якія прадугледжвалі мерапрыемствы па забеспячэнні СССР узбраеннем і матэрыяламі.

Апублікаваны таксама біяграфічная даведка пра Гары Трумэна, новага прэзідэнта ЗША, які ўступіў у гэтую пасаду праз 3 гадзіны пасля раптоўнай смерці Ф. Рузвельта, і яго заява, у якой ён паведаміў пра намер працягваць палітыку Рузвельта, захаваць кабінет ранейшага прэзідэнта і працягнуць вайну да паспяховага заканчэння (“Советская Белоруссия”, № 67).

У “Советской Белоруссии” таксама паведамляецца, што ленінградскім заводам мастацкага ліцця “Манумент-скульптура” завершана адліўка разбуранага фашыстамі помніка У. І. Леніну ля Дома ўрада ў Мінску. У гэтай працы ўзяў удзел аўтар праекта помніка – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, скульптар М.Г. Манізер. Помнік У. І. Леніну быў усталяваны ў 1932 годзе пасля заканчэння будаўніцтва Дома ўраду. Яго вага дасягала 9 тон, вышыня помніка без пастамента – 6,5 метра, з пастаментам – 11 метраў. Устаноўка помніка пасля аднаўлення будзе выканана на старым месцы ў першых чыслах мая.

У сувязі з 15-й гадавінай з дня смерці паэта і трыбуна У. Маякоўскага многія газетныя публікацыі прысвечаны як жыццю і творчай дзейнасці паэта, так і шматлікім мерапрыемствам у навучальных установах, тэатрах, клубах і бібліятэках. У прыватнасці, згадваецца аб мерапрыемствах у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна, абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна і іншых установах ("Звязда", № 68, "Советская Белоруссия", № 67).

Добрыя метэаўмовы спрыяюць дружнай і зладжанай сяўбе ранніх яравых культур у гаспадарках Слуцкага, Старадарожскага і Клічаўскага раёнаў. Пра гэта паведамляюць карэспандэнты газеты "Совецкая радзiма" (№ 59).

Вялікая колькасць сем'яў за гады вайны страціла карміцеляў, многія з фронту вярнуліся інвалідамі. Рэгулярна ў прэсе публікуюцца матэрыялы пра арганізацыю па краіне збораў сродкаў для аказання ім пасільнай дапамогі ад насельніцтва і з дзяржаўнага бюджэту. Толькі за два першыя месяцы 1945 года па рэспубліцы выплачана дзяржаўнай дапамогі шматдзетным і адзінокім маці каля 14 млн рублёў, з іх па Мінскай вобласці – 1 752 тыс., па Віцебскай – 1 146 тыс., Баранавіцкай – 1 341 тыс. рублёў. Вялікія сумы вылучаны і іншым абласцям. У якасці прыкладу газета ("Совецкая радзiма", № 59) паведамляе пра месячнік у Слуцку па зборы сродкаў 176 сем'ям франтавікоў і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя значнай сумы грошай, сабрана каля 12 тон збожжа, 7 тон бульбы, іншых прадуктаў харчавання, тым, хто жыве ў нястачы, перададзена таксама адзенне і абутак.

У гэтай жа газеце змешчаны цікавы матэрыял, прысвечаны адраджэнню Глускай арцелі па вытворчасці спатры – асінавай стружкі шырынёй 1 мм, з якой выраблялі тканае палатно. (Дарэчы, вытворчасць спатры была заснавана ў 1902 годзе італьянцам і аўстрыйцам, тэхналогія трымалася ў строгім сакрэце, тканае палатно ішло на выраб летніх галаўных убораў, пастаўлялася ў Еўропу. На тэрыторыі СССР існавала ўсяго толькі 3 падобныя вытворчасці – у Глуску, на Урале і пад Ленінградам. – Заўв. аўт.). Для невялікага гарадскога пасёлка гэта было даволі буйное прадпрыемства з прыбыткам у 3 млн рублёў у год. Арцель мела багатую дапаможную гаспадарку (5 гектараў саду і 100 гектараў зямлі). Для работнікаў (1 500 чалавек) быў арганізаваны дом адпачынку, а для іх дзяцей летам функцыянаваў санаторый. Да вайны арцель была вядома далёка за межамі Беларусі. Падчас акупацыі фашысты разрабавалі арцель, усё абсталяванне было вывезена ў Германію. Зараз жа ў планах арганізатараў – адраджэнне вытворчасці практычна з нуля.

Вызваленая Беларусь прывыкае да мірнага жыцця: адраджаецца, імкліва адбудоўваецца, нарошчвае вытворчасць і актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці краіны.

А да Перамогі яшчэ застаецца 25 дзён.