Закрыть
image description
Международный кинофестиваль “Лістапад”. Минск. Фото Г. Жинкова. БЕЛТА
Міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Мінск. Фота Г. Жынкова. БЕЛТА
International Film Festival “Listapad”. Minsk. Photo by G. Zhinkov. BELTA
image description
Столичный кинотеатр "Москва". Фото Г. Жинкова. БЕЛТА
Сталічны кіінатэатр "Масква". Фота Г. Жынкова. БЕЛТА
Capital cinema "Moscow". Photo by G. Zhinkov. BELTA
image description
Закрытие XXII Международного кинофестиваля "Лістапад". Фото О. Манчук. БЕЛТА
Закрыццё XXII Міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". Фота А. Манчук. БЕЛТА
Closing of the XXII International Film Festival Listapad. Photo by O. Manchuk. BELTA
image description
На кинофестивале "Лістапад". Минск. Фото Г. Жинкова. БЕЛТА
На кінафестывалі "Лістапад". Мінск. Фота Г. Жынкова. БЕЛТА
At the Listapad Film Festival. Minsk. Photo by G. Zhinkov. BELTA

Кінамастацтва

Пачатак беларускай кінематаграфіі датуецца снежнем 1924 г., калі рашэннем Савета Народных Камісараў БССР было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі Беларусі (Белдзяржкіно). Цэнтр вытворчай дзейнасці да 1939 г. знаходзіўся ў Ленінградзе. Першай ігравой карцінай, знятай на беларускім матэрыяле ў 1926 г., быў гісторыка-рэвалюцыйны фільм "Лясная быль" у пастаноўцы Ю. Тарыча.

У Мінск кінастудыя пераехала ў 1939 г., у 1946 г. яна атрымала сённяшнюю назву – "Беларусьфільм". У 1997 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі кінастудыі "Беларусьфільм" прысвоены статус нацыянальнай.

Значныя поспехі беларускага мастацкага і дакументальнага кіно звязаны з распрацоўкай тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны, якой прысвечаны фільмы "Канстанцін Заслонаў" (рэж. У. Корш-Саблін, А. Файнцімер, 1949), "Гадзіннік спыніўся апоўначы" (рэж. М. Фігуроўскі, 1958), "Праз могілкі" (рэж. В. Тураў, 1964) і інш. Важнае месца займалі таксама фільмы, прысвечаныя гістарычнаму мінуламу: "Чырвонае лісце" (рэж. У. Корш-Саблін, 1958), "Масква – Генуя" (рэж. У. Корш-Саблін, П. Арманд, А. Спешнеў, 1964), "Я, Францыск Скарына" (рэж. Б. Сцяпанаў, 1969).

Заўсёды карысталіся вялікім поспехам у кінаманаў фільмы, знятыя па сцэнарыях беларускіх пісьменнікаў: "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы" (рэж. В. Тураў, 1981 і 1983) па дылогіі "Палеская хроніка" І. Мележа, "Альпійская балада" (рэж. Б. Сцяпанаў, 1965) і "Знак бяды" (рэж. М. Пташук, 1986) па аповесцях В. Быкава, "Дзікае паляванне караля Стаха" (рэж. В. Рубінчык, 1979) па аповесці У. Караткевіча, "Ідзі і глядзі" (рэж. Э. Клімаў, 1985) па аповесці А. Адамовіча, – гэтыя карціны ўваходзяць у залаты фонд беларускага кіно.

З канца 1980-х гг. беларускія кінематаграфісты імкнуцца больш глыбока асэнсаваць гістарычнае мінулае і складаныя працэсы сучаснасці, што знайшло адлюстраванне ў фільмах "Белыя росы" (рэж. І. Дабралюбаў, 1983), "Наш браняпоезд" і "Кааператыў «Палітбюро»" (рэж. М. Пташук, 1988 і 1992), "Аз воздам" (рэж. Б. Сцяпанаў, М. Касымава, Б. Шадурскі, 1993) і інш.

Надзвычай яркі след у беларускім кінематографе пакінулі фільмы для дзяцей і юнацтва: экранізацыя твораў А. Рыбакова "Корцік", "Бронзавая птушка" (рэж. М. Калінін, 1973 і 1974) і "Апошняе лета дзяцінства" (рэж. В. Рубінчык, 1974); мюзіклы па сюжэтах казак "Прыгоды Бураціна" і "Пра Чырвоную Шапачку" (рэж. Л. Нячаеў, 1975 і 1977); фільмы па матывах "Дзяніскіных аповедаў" В. Драгунскага "Па сакрэце па ўсім свеце" (рэж. І. Дабралюбаў, 1976), "Дзівосныя прыгоды Дзяніса Караблёва" (група рэжысёраў, 1979) і інш.

Майстэрства айчынных кінематаграфістаў у розныя часы высока ацэньвалася на міжнародных кінафестывалях. Першы савецкі містычны трылер "Дзікае паляванне караля Стаха" (рэж. В. Рубінчык, 1979) быў адзначаны адразу на некалькіх кінафорумах. Мастацкі фільм "Людзі на балоце" (рэж. В. Тураў, 1981) сярод іншых мае і прыз журы XXIII Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах (ЧССР, 1982) акцёрскаму ансамблю. Сацыяльная драма пра наркаманаў "Пад небам блакітным..." (рэж. В. Дудзін, 1989) у 1990 г. на 47-м Міжнародным кінафестывалі ў Венецыі (Італія) сабраў адразу некалькі ганаровых узнагарод. Ваенная драма класіка айчыннага кіно рэжысёра В. Турава "Праз могілкі" ў 1994 г. рашэннем ЮНЕСКА была ўнесена ў спіс 100 лепшых фільмаў свету.

За апошнія гады ўзнагарод розных кінафестываляў былі ўдастоены створаныя ў Беларусі фільмы "Анастасія Слуцкая" (рэж. Ю. Елхаў, 2003), "Павадыр" і "Дунечка" (рэж. А. Яфрэмаў, 2001 і 2005), "У жніўні 44-га" (рэж. М. Пташук, 2000), "Брэсцкая крэпасць" (рэж. А. Кот, 2010), "У тумане" (рэж. С. Лазніца, 2012).

Найбуйнейшым кінафорумам краіны лічыцца Мінскі міжнародны кінафестываль "Лiстапад". У яго праграме значацца толькі лепшыя мастацкія, дакументальныя і анімацыйныя фільмы – прызёры міжнародных кінафестываляў краін СНД, Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" сёння – адна з вядучых кінафабрык ва Усходняй Еўропе з поўным цыклам вытворчасці, здольная ў год выпускаць да 15 ігравых, 40 хранікальна-дакументальных і 10 анімацыйных фільмаў. Паслугамі "Беларусьфільма" актыўна карыстаюцца і кінавытворцы іншых краін.

На "Беларусьфільме" дзейнічае студыя дакументальнага кіно "Летапіс", а таксама майстэрня мультыплікацыйных фільмаў. Працуе тэатр-студыя кінаакцёра.

Вялікую работу па развіцці нацыянальнага кінамастацтва праводзіць Беларускі саюз кінематаграфістаў, створаны ў 1962 г.

У 1976 г. да 50-годдзя выхаду фільма "Лясная быль" створаны і адкрыты Музей гісторыі беларускага кіно.