Закрыть
image description
Спасо-Преображенская церковь. Полоцк. Фото А. Хитрова. БЕЛТА
Спаса-Праабражэнская царква. Полацк. Фота А. Хітрова. БЕЛТА
Transfiguration Church. Polotsk. Photo by A. Khitrov. BELTA
image description
Храм Живоначальной Троицы. Ельск. Фото С. Холодилина. БЕЛТА
Храм Жываначальнай Троіцы.Ельск. Фота С. Халадзіліна. БЕЛТА
Temple of the Life-Giving Trinity. Elsk. Photo by S. Kholodilin. BELTA
image description
Большой театр оперы и балета Беларуси. Минск Фото Г. Жинкова. БЕЛТА
Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Мінск. Фота Г. Жынкова. БЕЛТА
Bolshoi Opera and Ballet Theater of Belarus. Minsk. Photo by G. Zhinkov. BELTA
image description
Верхний город. Минск. Фото А. Дидевича. БЕЛТА
Верхні горад. Мінск. Фота А. Дзідзевіча. БЕЛТА
"Verkhniy" city. Minsk. Photo by A. Didevich. BELTA
image description
Новогрудок - первая столица Великого Княжества Литовского. Фото Г. Жинкова. БЕЛТА
Навагрудак - першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Фота Г. Жынкова. БЕЛТА
Novogrudok is the first capital of the Grand Duchy of Lithuania. Photo by G. Zhinkov. BELTA

Архітэктурная спадчына

Беларусь знаходзіцца на мяжы Усходняй і Заходняй Еўропы, на стыку культурных арэалаў. У прыродна-геаграфічных адносінах паўночная і паўднёвая часткі Беларусі адрозніваюцца структурай рэльефу, воднымі сістэмамі, характарам расліннасці. Гэта адбілася на спецыфіцы дойлідства, паколькі яно залежыць ад прыродна-кліматычных умоў і мясцовых будаўнічых матэрыялаў.

У перыяд ранняга Сярэднявечча на берагах рэк – найважнейшых гандлёвых шляхоў – узнікалі гарады. У геаграфічных крыніцах таго часу край называлі Гардорыкай – краінай гарадоў. Самыя старажытныя гарады Беларусі Полацк і Віцебск размешчаны на берагах Заходняй Дзвіны. У Полацку, які ў X ст. стаў цэнтрам найбуйнейшага на беларускіх землях удзельнага княства, пасля прыняцця хрысціянства па візантыйскім узоры быў збудаваны першы крыжова-купальны праваслаўны Сафійскі сабор, які паклаў пачатак беларускаму манументальнаму дойлідству. Сафійскі сабор, пабудаваны ў XI ст., у сярэдзіне XVIII ст. грунтоўна перабудаваны ў стылі віленскага (познабеларускага) барока, захаваў да нашых дзён ад храма XI ст. фрагменты кладкі, старажытны падмурак, які практычна поўнасцю захаваўся, часткі слупоў і сцен, а таксама дзівосныя фрэскавыя роспісы 2-й паловы XI ст. Сабор і сёння ўражвае прыгажосцю і веліччу.

Першы вядомы па летапісе ўсходнеславянскі дойлід, манах Іаан, родам з Полацка, узвёў тут у XII ст. невялікі сабор Спаса-Праабражэнскага манастыра, які стаў выдатным дасягненнем мясцовай школы дойлідства. Другой рэгіянальнай школай дойлідства старажытнарускага перыяду, якая склалася на заходнебеларускіх землях, з’яўляецца ўпрыгожаная рознакаляровымі гранітна-гнейсавымі валунамі і маёлікавымі пліткамі Барыса-Глебская (Каложская) царква ў Гродне.

У XIII ст. пад пагрозай татара-мангольскага нашэсця і экспансіі Тэўтонскага рыцарскага ордэна сфарміравалася Вялікае Княства Літоўскае. Наступіў перыяд абароннага дойлідства. Асноўным відам манументальнага будаўніцтва сталі замкі з магутнымі сценамі і вежамі, збудаванымі з валуноў і цэглы вялікага памеру, акружаныя валамі і рвамі. Захаваліся да нашых дзён вежа-данжон у Камянцы (XIII ст.), замкі ў Лідзе, Крэве (XIV ст.), Міры, Нясвіжы, Гродне (XVI ст.). Першыя каталіцкія культавыя пабудовы неслі мастацкія рысы цэнтральна-еўрапейскай цаглянай готыкі. Больш шматлікія ў той час праваслаўныя храмы ператвараліся ў маленькія крэпасці, якія фланкіраваліся на вуглах баявымі вежамі.

Захаваліся царква-крэпасць у Сынковічах, Малым Мажэйкаве (XVI ст.). Эканамічнае і культурнае ажыўленне беларускіх гарадоў пачалося ў XVI ст., чаму спрыяў агульнарэфармацыйны рух. Са шматлікіх пратэстанцкіх кірункаў у архітэктуры Беларусі асаблівы след пакінуў кальвінізм, прыхільнікамі якога сталі найбуйнейшыя магнаты. На іх сродкі была збудавана значная колькасць кальвінскіх “збораў”, якія спалучалі культавую спецыфіку пратэстантызму і эстэтыку паўночнага Адраджэння.

Рэфармацыйны рух у Еўропе выклікаў зваротную рэакцыю з боку каталіцкай царквы – контррэфармацыю, якую ў першую чаргу праводзіў ордэн езуітаў. Адным са сродкаў пераканання ў перавазе каталіцызму над аскетычным пратэстантызмам было пышнае сакральнае мастацтва. У гэты час узнік новы архітэктурна-мастацкі стыль барока, які панаваў у свеце на працягу двух стагоддзяў. Так было і ў Беларусі, якая ў 1569 г. увайшла ў склад Рэчы Паспалітай.

Першым творам архітэктуры барока на тэрыторыі Беларусі стаў Фарны касцёл Божага цела ў Нясвіжы, цэнтры ўладанняў князёў Радзівілаў. Гэты храм стаў тым парасткам, з якога вырасла самабытная архітэктура беларускага барока. У стылі барока збудаваны езуіцкі касцёл у Гродне (XVII ст.), касцёл кармелітаў у Глыбокім (XVII–XVIII стст.) і інш.

У Беларусі XV–XVII стст. асновай манументальнага дойлідства і горадабудаўніцтва былі манастырскія ансамблі шматлікіх ордэнаў, якіх на тэрыторыі Беларусі дзейнічала каля 20. Панарамы гарадоў і мястэчак упрыгожвалі сілуэты барочных касцёлаў, накіраваных увысь ажурнымі вежамі. Другую па значэнні ролю ігралі свецкія манументальныя пабудовы – ратушы і рэзідэнцыі магнатаў, створаныя ў агульнай з касцёламі барочнай стылістыцы. Уніяцкія і праваслаўныя цэрквы будаваліся пераважна з дрэва, увасабляючы ў сабе лепшыя традыцыі народнага цяслярства.

Пасля далучэння ў XVIII ст. беларускіх зямель да Расіі архітэктура і горадабудаўніцтва падпарадкаваліся мастацкім законам класіцызму.

Развіццё прамысловай вытворчасці прывяло да ўзвядзення архітэктурных збудаванняў рознага прызначэння: грамадскіх будынкаў, банкаў, тэатраў, вакзалаў, вучэбных устаноў, шматпавярховых жылых дамоў, мастацкі вобраз якіх у XIX ст. меў рысы эклектыкі, а з пачатку XX ст. – стыляў мадэрн, канструктывізм (будынкі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна, Вялікага тэатра оперы і балета, Дома ўрада ў Мінску). Найвышэйшым дасягненнем архітэктуры савецкага перыяду можна лічыць узвядзенне ў 1945–1954 гг. па-мастацку выразнага ансамбля Ленінскага праспекта (цяпер праспект Незалежнасці), цэнтра Мінска, амаль поўнасцю разбуранага ў 1941–1944 гг. Мастацкія вартасці архітэктурнага ансамбля цэнтральнай часткі праспекта зрабілі яго гісторыка-культурнай каштоўнасцю сусветнага значэння.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны праведзена велізарная праца па ўзнаўленні разбураных гарадоў і сёл, будаўніцтве новых гарадоў (Светлагорск, Салігорск, Наваполацк, Новалукомль і інш.).

Сучасная архітэктура Беларусі канца ХХ–ХХI стст. вылучаецца прымяненнем новых тэхналогій і форм, новымі інтэрпрэтацыямі архітэктурна-мастацкіх стыляў Чыгуначны вакзал у Мінску, творцы якога былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у 2005 г., Палац Рэспублікі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Мінск-Арэна, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і інш.). На мяжы ХХ–ХХI стст. у гарадах рэспублікі збудавана значная колькасць культавых будынкаў.

Усяго ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 1 759 помнікаў архітэктуры (па звестках 2014 г.). Іх ахова з’яўляецца прыярытэтным кірункам культурнай палітыкі Беларусі. Маштабная праца па рэстаўрацыі і рэканструкцыі праводзілася ў рамках дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі” на 2012–2018 гады. Апошняе дзесяцігоддзе вызначаецца агульным паляпшэннем стану помнікаў каменнага сакральнага дойлідства, у тым ліку дзякуючы дзейнасці рэлігійных абшчын.

Неабходна падкрэсліць, што з усіх існуючых на тэрыторыі краіны помнікаў архітэктуры два аб’екты ўключаны ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны: архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі рода Радзівілаў у Нясвіжы і замкавы комплекс “Мір”. На сённяшні час для ўключэння ў гэты спіс рыхтуюцца дасье на Спаса-Праабражэнскую царкву ў Полацку, Аўгустоўскі канал, Каложскую (Барыса-Глебскую) царкву ў Гродне, культавыя пабудовы абарончага тыпу ў вёсках Сынковічы (Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці), Малое Мажэйкава (Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці), Камаі (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці).