Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description

27 сакавіка 1945. 43 дні да Перамогі

Наступленне Чырвонай арміі. Веснавыя палявыя работы пачаліся. Навіны з Мазыра, Барысаўскага раёна і іншых куткоў БССР. Газеты: “Большэвік Палесся” (№ 29), “Совецкая радзіма” (№ 47), “Большэвіцкая трыбуна” Барысаўскага раёна (№№ 30–31), “Звязда” (№ 53).

Войскі 3-га Беларускага фронту з баямі ўзялі апошні апорны пункт нямецкіх войскаў на ўзбярэжжы заліва Фрыш Гаф (Калінінградскі) – горад Хайлігенбайль (цяпер Мамонава), а таксама яшчэ некалькі населеных пунктаў. У палон здаліся больш за 9 000 салдат і афіцэраў праціўніка. Нашымі войскамі захоплена шмат трафеяў, у тым ліку больш за 100 самалётаў. Усё бліжэй нашы войскі да ўзяцця Данцыга – ужо захоплены адзін з яго прыгарадаў. У ноч напярэдадні наша авіяцыя бамбіла ваенныя аб’екты, чыгуначны вузел і порт Данцыга, порт у Пілау. Няўхільны наступ працягваецца і ў Венгрыі: войскі 2-га Украінскага фронту зламалі магутную абарону немцаў у раёне горнага масіву Вертэш, разграмілі групоўку ў раёне горада Эстэргом і за 2 дні прасунуліся на 45 км. Тут таксама ў палон здаліся 7 000 немцаў, захоплена 250 танкаў і шмат іншай зброі. Доўжыліся баі і ў раёне возера Балатон (“Большэвік Палесся”, № 29, с. 1).

На працягу значнага часу напярэдадні пасяўных работ гэтай тэме газеты штодня адводзілі цэнтральнае месца.

Але вось вясенне-палявыя работы пачаліся!

З Васілевічаў па тэлефоне перадалі, што 25 сакавіка калгас імя Сталіна адным з першых у Палескай вобласці (цяпер ліквідавана) пачаў палявыя работы, у гэты дзень было ўзарана 2 га цаліны. Аратыя гэтага і іншых калгасаў за дзень выконваюць па паўтары нормы! Вядома, такімі тэмпамі ўся пасяўная кампанія будзе завершана за тыдзень – такія абавязацельствы ўзяў на сябе адзін з калгасаў.

Побач з гэтымі маштабнымі падзеямі ў нататках і аб’явах часта публікуюцца цікавыя і малазнаёмыя нам даныя пра факты і падзеі меншага маштабу.

У Мазыры падчас веснавых канікул школьнікі ў сваёй школе гуляюць у шашкі і шахматы, займаюцца ў гуртках мастацкай самадзейнасці. Адзін з гурткоў выступіў перад параненымі ў падшэфным шпіталі. У планах школьнікаў – калектыўныя паходы ў кіно (“Большэвік Палесся”, № 29, с. 2).

“Совецкая радзіма” (№ 47, с. 4) паведамляе наступнае. З першых вясновых дзён пачалася ачыстка ад хламу і смецця не толькі вуліц, але і сквераў і садоў у Бабруйску. Тут рыхтуюцца высадзіць больш за 1 000 дрэў уздоўж праспекта і вуліц, у садах разаб’юць клумбы. З 1 студзеня 1945 г. у горадзе працуе абласная санітарна-эпідэміялагічная станцыя, якая запланавала выязныя мерапрыемствы па раёне і вобласці, у тым ліку лекцыі пра барацьбу з інфекцыйнымі захворваннямі, асабістую гігіену і да т.п. У правым ніжнім куце газетнага ліста – некалькі аб’яў: пра развод грамадзян, вакансіі Бабруйскага аддзялення Ваенгандлю (патрэбны краўцы і краўчыхі, шаўцы і бляхары); арцель інвалідаў, якая прымае заказы на рамонт кухоннага посуду і выраб вёдраў, тазоў, начовак.

Першыя зялёныя ўсходы ранняй агародніны з’явіліся ў парніках аднаго з саўгасаў Барысаўскага раёна – піша “Большэвіцкая трыбуна” (№ 30–31, с. 1). А ў адэскіх сталоўках і рэстаранах ужо падаюць першую зеляніну – яе выгадавалі ў парніках калгаса імя 51-й Перакопскай дывізіі. У заходніх абласцях Беларусі адкрываюцца новыя навуковыя ўстановы (“Большэвіцкая трыбуна” (№ 30–31, с. 4).

Эшалоны з украінскімі перасяленцамі працягваюць прыбываць ва Украінскую ССР з Польшчы – калгаснікі ў Сталінскай (Данецкай) і Кіраваградскай абласцях падрыхтавалі для іх жыллё, сабралі кармы для жывёл. У хуткім часе чакаецца візіт у Савецкі Саюз жонкі прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі спадарыні Чэрчыль, заснавальніцы Фонду дапамогі Расіі (“Большэвіцкая трыбуна”, № 30–31; “Звязда”, № 53).

Здаецца, што вайна адышла кудысьці на далёкі план. Але яна ўсё яшчэ прысутнічае ў жыцці. У штодзённых зводках Саўінфармбюро, лістах і пахаванках, вестках аб раненнях блізкіх.

А да Перамогі застаецца яшчэ 43 дні…