Закрыть
image description
Белорусский писатель Владимир Семенович Короткевич. Фото В. Ждановича. БЕЛТА
Беларускі пісьменнік Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Фота В. Ждановіча.. БЕЛТА
Belarusian writer Vladimir Semenovich Korotkevich. Photo by V. Zhdanovich. BELTA
image description
Народный поэт Беларуси Максим Танк. Фото В. Лупейко. БЕЛТА
Народны паэт Беларусі Максім Танк. Фота У. Лупейкі. БЕЛТА
People's poet of Belarus Maxim Tank. Photo by V. Lupeyko. BELTA
image description
Народный писатель Беларуси Иван Шамякин. Фото М. Иванова. БЕЛТА
Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Фота М. Іванова. БЕЛТА
People's Writer of Belarus Ivan Shamyakin. Photo by M. Ivanov. BELTA
image description
Народный писатель Беларуси Кондрат Крапива. Фото В. Лупейко. БЕЛТА
Народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва. Фота У. Лупейкі. БЕЛТА
People's Writer of Belarus Kondrat Krapiva. Photo by V. Lupeyko. BELTA
image description
Народный писатель Беларуси Василь Быков. Фото В. Шубы. БЕЛТА
Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Фота У. Шубы. БЕЛТА
People's Writer of Belarus Vasil Bykov. Photo by V. Shuba. BELTA
image description
Белорусский писатель Франтишек Богушевич. Фоторепродукция БЕЛТА
Беларускі пісьменнік Францішак Багушэвіч. Фотарэпрадукцыя БЕЛТА
Belarusian writer Frantisek Bogushevich. BELTA photo reproduction
image description
Народный поэт Беларуси Якуб Колас. Фото Р. Королева. БЕЛТА
Народны паэт Беларусі Якуб Колас. Фота Р. Каралёва. БЕЛТА
National poet of Belarus Yakub Kolas. Photo by R. Korolev. BELTA
image description
Народный поэт Беларуси Янка Купала. Фоторепродукция БЕЛТА
Народны паэт Беларусі Янка Купала. Фотарэпрадукцыя БЕЛТА
People's poet of Belarus Yanka Kupala. BELTA photo reproduction
image description
Факсимильное издание "Книжное наследие Франциска Скорины". Фото Р. Насибулина. БЕЛТА
Факсімільнае выданне "Кніжная спадчына Францыска Скарыны". Фота Р. Насібуліна. БЕЛТА
Facsimile edition of the "Francis Skaryna's Book Heritage". Photo by R. Nasibulin. BELTA

Літаратура

Вытокі беларускай літаратуры ідуць з глыбокай старажытнасці. Яна непарыўна звязана з вусна-паэтычнай народнай творчасцю беларусаў, якая лічыцца адной з найбагацейшых у славянскім свеце. Зараджэнне літаратуры на беларускіх землях непасрэдна звязана з прыняццем у 988 г. Кіеўскай Руссю хрысціянства і з’яўленнем пісьменства. Буйным цэнтрам распаўсюджвання пісьменства становіцца Полацк, дзе ў ХII–XIII стст. зараджаецца мясцовае летапісанне. Беларуская (Полацкая) тэма гучыць у летапісе "Аповесць мінулых гадоў" і ў "Слове пра паход Ігаравы" – шэдэўрах старажытнай усходнеславянскай літаратуры.

Для наступнага станаўлення і развіцця беларускай літаратуры ў XIV–XV стст. найважнейшае значэнне мела аб’яднанне беларускіх зямель у Вялікім Княстве Літоўскім, у якім старабеларуская мова набыла статус дзяржаўнай. Дасягненнем беларускай гістарычнай прозы XIV–XVI стст. стала беларуска-літоўскае летапісанне.

Найважнейшым помнікам беларускага дзелавога пісьменства і прававой думкі сталі Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гг.

Выключнае значэнне мела дзейнасць беларускага гуманіста-асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пісьменніка і перакладчыка Францыска Скарыны (каля 1490 – каля 1551).

Скарына пераклаў на мову, якая была блізкай мове старажытнага беларускага пісьменства, а ў 1517–1519 гг. пракаментаваў і выдаў у Празе 23 кнігі Бібліі.

Першую друкаваную кнігу на старабеларускай мове на тэрыторыі сучаснай Беларусі выдаў вядомы дзеяч еўрапейскай Рэфармацыі, публіцыст і перакладчык Сымон Будны (каля 1530–1593) (“Катэхізіс”, 1562; Нясвіж). У XVI–XVII стст. у беларускай літаратуры з’явіліся новыя жанры гістарычнай прозы (мемуары, дзённікі, сямейныя хронікі і г.д.), вялікага развіцця дасягнулі паэзія і палемічная публіцыстыка. У сярэдзіне XVII ст. пачаў сваю дзейнасць беларуска-рускі паэт, драматург і асветнік Сімяон Полацкі (1629–1680).

Беларуская літаратура аж да першай паловы XIХ ст. развівалася ў рэчышчы тых кірункаў, якія панавалі ў Заходняй Еўропе (рэнесанс, барока).

У першай палове XIХ ст. у літаратуры ўзнікаюць новыя, рамантычныя рысы, якія садзейнічалі яе арыентацыі на жывую мову і фальклор. Самым яркім прадстаўніком гэтага кірунку быў вялікі польскі і беларускі паэт Адам Міцкевіч (1798–1855), які прысвяціў беларускай зямлі (Адам Міцкевіч нарадзіўся на Навагрудчыне) адзін з самых значных сваіх твораў – паэму “Пан Тадэвуш”. Да гэтага ж часу адносіцца пачатак літаратурнай дзейнасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808–1884), якога лічаць пачынальнікам сучаснай беларускай літаратуры.

Найбольш значнай асобай апошняй трэці XIХ ст. з’яўляецца Францішак Багушэвіч (1840–1900), па сутнасці першы народны і нацыянальны пісьменнік.

Важную ролю ў развіцці беларускай літаратуры адыгралі першыя беларускія газеты “Наша доля” і асабліва “Наша ніва”, вакол якой аб’ядналіся Янка Купала (1882–1942), Якуб Колас (1882–1956), Алаіза Пашкевіч (1876–1916), Максім Багдановіч (1891–1917), Змітрок Бядуля (1886–1941), Максім Гарэцкі (1893–1938), Канстанцыя Буйло (1893–1986), Алесь Гарун (1887–1920) і інш. Этапнай з’явай сталі прасякнутыя нацыянальнай ідэяй зборнікі Алаізы Пашкевіч “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду”; Янкі Купалы “Жалейка”, “Гусляр” і “Шляхам жыцця”, яго рамантычныя і драматычныя паэмы, п’есы “Паўлінка” і “Раскіданае гняздо”; зборнікі Якуба Коласа “Песні-жальбы”, “Апавяданні”, “Родныя вобразы”; паэтычны зборнік Максіма Багдановіча “Вянок”. Яркія старонкі ў гісторыю беларускай прозы гэтага перыяду ўпісалі таксама Максім Гарэцкі і Змітрок Бядуля.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. у беларускай літаратуры дамінавала нацыянальна-адраджэнская праблематыка, агульнай задачай аўтараў было імкненне дапамагчы самаідэнтыфікацыі беларусаў.

У 1930-я гг. свабодная хада літаратурнага працэсу была штучна перапынена ідэалагічным дыктатам. Тым не менш, прыгожыя вобразы лірыкі, эпікі, драмы змаглі стварыць Уладзіслаў Галубок (1882–1937), Міхась Чарот (1896–1937), Уладзімір Дубоўка (1900–1976), Кандрат Крапіва (1896–1991), Паўлюк Трус (1904–1929) і інш.

У гады Вялікай Айчыннай вайны асабліва актуальнымі былі мастацкая публіцыстыка і сатыра. Самыя значныя дасягненні ў паэзіі – цыкл Пімена Панчанкі (1917–1995) “Іранскі дзённік”, паэма Аркадзя Куляшова (1914–1978) “Сцяг брыгады”. Вяршыня беларускай прозы ваенных гадоў – раманы Кузьмы Чорнага (1900–1944) “Млечны шлях”, “Пошукі будучыні”, “Вялікі дзень”.

Для беларускай савецкай літаратуры надоўга вызначальнай становіцца тэма вайны: празаічныя творы Івана Шамякіна (1921–2004) “Глыбокая плынь” і “Трывожнае шчасце”, Міхася Лынькова (1899–1975) “Векапомныя дні”, Алеся Адамовіча (1927–1994) “Хатынская аповесць” і “Карнікі”, Івана Пташнікава (1932–2016) “Тартак”, “Найдорф”, Івана Навуменкі (1925–2006) “Сасна пры дарозе”, паэма Рыгора Барадуліна (1935–2014) “Блакада” і інш. Асабліва значная ў гэтых адносінах творчасць Васіля Быкава (1924–2003) – аповесці “Мёртвым не баліць”, “Сотнікаў”, “Круглянскі мост”, “Знак бяды” і інш. Акрамя ваеннай тэматыкі, беларуская проза адлюстроўвала праблемы жыцця беларускай вёскі – “Палеская хроніка” Івана Мележа (1921–1976), “Ніжнія Байдуны” Янкі Брыля (1917–2006), творы Вячаслава Адамчыка (1933–2001), Міхася Стральцова (1937–1987). Актывізуецца гістарычны жанр. Самым яркім прадстаўніком гэтага жанру з’яўляецца Уладзімір Караткевіч (1930–1984) – аўтар аповесцей “Сівая легенда”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, рамана “Каласы пад сярпом тваім” і многіх інш.

У сярэдзіне 1950–1970-х гг. у беларускую паэзію прыйшло шмат яркіх творчых індывідуальнасцей, сярод якіх Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін (1936–2014), Алег Лойка (1931–2008), Ніл Гілевіч (1931–2016), Яўгенія Янішчыц (1948–1988), Сяргей Законнікаў (нарадз. 1946), Алесь Разанаў (нарадз. 1947) і інш. Проза папоўнілася творамі Віктара Казько (нарадз. 1940), Алеся Жука (нарадз. 1947), Васіля Гігевіча (нарадз. 1947), Генрыха Далідовіча (нарадз. 1946) і інш. Найбольш значныя імёны беларускай драматургіі гэтага перыяду – Андрэй Макаёнак (1920–1982), Уладзімір Бутрамееў (нарадз. 1953), Аляксей Дудараў (нарадз. 1950), Алена Папова (нарадз. 1947), Георгій Марчук (нарадз. 1947), Мікола Матукоўскі (1929–2001).

Сучасная беларуская літаратура характарызуецца гарманічным спалучэннем традыцыяналісцкіх і постмадэрнісцкіх плыняў. Прыкметна пашырыліся жанравыя, стылістычныя, праблемна-тэматычныя пошукі. Востра загучалі патрыятычныя матывы. Сэнсавым цэнтрам многіх твораў стала ідэя нацыянальнага суверэнітэту. Такой з’яўляецца проза Андрэя Федарэнкі (нарадз. 1964), Алеся Асташонка (1954–2004), Галіны Багданавай (нарадз. 1961), Адама Глобуса (нарадз. 1958), Леаніда Дранько-Майсюка (нарадз. 1957), Анатоля Казлова (нарадз. 1962), Уладзіслава Рубанава (1952–1994), Людмілы Рублеўскай (нарадз. 1965), Юрыя Станкевіча (нарадз. 1945), Уладзіміра Сцяпана (нарадз. 1958), Уладзіміра Ягоўдзіка (нарадз. 1956) і інш. У сучасную беларускую паэзію найбольшы ўклад унеслі Ірына Багдановіч (нарадз. 1956), Алесь Бадак (нарадз. 1966), Вольга Іпатава (нарадз. 1945), Алесь Пісьмянкоў (1957–2004), Эдуард Акулін (нарадз. 1963), Славамір Адамовіч (нарадз. 1962) і інш.

Творы беларускай літаратуры перакладзены на мовы многіх народаў, у тым ліку на ўсё еўрапейскія.

У 2015 г. беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч (нарадз. 1948) стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры "за яе шматгалосную творчасць – помнік пакуце і мужнасці ў наш час". Многія яе творы перакладзены і выдадзены больш чым на 30-ці мовах свету.

Штогод у краіне праводзіцца Дзень беларускага пісьменства. Канцэпцыя свята прадугледжвае адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі, а таксама развіццё беларускай літаратуры і культуры на сучасным этапе.

Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Беларусі

Класікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Нацыянальная літаратурная прэмія

Спасылкі на рэсурсы выдавецтваў

Выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі"

Выдавецтва "Беларусь"

Выдавецтва "Звязда"

Выдавецтва "Мастацкая літаратура"

Выдавецтва "Народная асвета"