20 лютага 1945 года. 79 дзён да Перамогі
Узяты нямецкі арсенал. Навіны з розных раёнаў Беларусі. Завяршыўся кубак па хакеі. Газеты: «Звязда» (№ 34); «Совецкая радзіма» (№ 26).
Савецкія войскі працягвалі выконваць сваю ваенную працу – наступалі, атакавалі, бралі ў палон, ліквідавалі ачагі супраціўлення. У перадавіцы газеты «Звязда» (№ 34), прысвечанай святу Савецкай арміі, – дадзены агляд поспехаў Чырвонай арміі, якім паспяхова адказваюць дасягненні прадпрыемстваў у тылавой Беларусі.
Перадрукаваны цікавы рэпартаж карэспандэнта «Праўды», які пабываў у адным з нямецкіх падземных арсеналаў. Наша армія настолькі хутка наступала, а танкавы ўдар у накірунку сховішча зброі быў такі раптоўны, што ахоўнікі, уцякаючы, пакінулі на стале недапісаны ліст, адрасаваны невядомай Луізе, акуратна раскладзеную ежу, і нават не паспелі ўключыць рубільнік, каб замініраваны арсенал узляцеў у паветра.
З розных абласцей і раёнаў Беларусі перадаюць розныя навіны. У Асіповіцкім раёне 8 будаўнічых брыгад адбудоўваюць у вёсках жылыя дамы; у Бабруйскім раёне ў адным з калгасаў адкрыта лякарня для коней («Совецкая радзіма» № 26). З Мазыра паведамляюць, што нядаўна пры Хойніцкім райземаддзеле завяршылі курс навучання будучыя садоўнікі. Побач, у суседняй калонцы, – фота лепшага токара Мінскага рамонтна-механічнага завода, які вырабляе дэталі будучага трактара. З Васілевічаў перадаюць, што ў некаторых калгасах другасна ачысцілі пасяўны матэрыял. Рэкамендуецца новы метад пасадкі бульбяных клубняў, прапанаваны ў 1943 годзе акадэмікам Т.Д. Лысенкам – заснавальнікам і найбуйнейшым прадстаўніком псеўданавуковага напрамку ў біялогіі –мічурынскай аграбіялогіі. («Звязда» № 34). Цікава, ці апраўдаў сябе гэты метад або праз час быў прызнаны памылковым? У Клічаўскім раёне да абласнога агляду самадзейнасці калектывы развучваюць беларускія народныя песні і танцы, песні савецкіх кампазітараў ( «Звязда» № 34).
Кубак БССР па хакеі (пра пачатак якога было напісана ў навіне ад 4 лютага – заўв. аўтара), завяршыўся, аўтар нататкі на 4-й старонцы газеты «Звязда» пералічыў гарады –ўдзельнікі спаборніцтва, назваў пераможца і кошт фінальнага матчу (6: 0 ), тут жа прадстаўлена фота, на якім захаваны востры момант гульні.
А да Перамогі засталося 79 дзён ...