Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

30 сакавіка 1945. 40 дзён да Перамогі

Узяцце Данцыга (Гданьска) і лісты-падзякі з Польскай рэспублікі. Падрыхтоўка тарфянікаў да сезону. Папаўненне ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дыспут у чытальнай зале бібліятэкі Дома партыйнай асветы. Газеты: “Звязда” (№№ 58, 59), “Советская Белоруссия” (№№ 57, 58, 60), “Совецкая радзіма” (№ 49).

У гэты дзень 75 гадоў таму “войскі 2-га Беларускага фронту вызвалілі горад і ваенна-марскую базу Данцыг (Гданьск)” (“1418 дней Великой Отечественной войны”, с. 388). Аб узяцці гэтага архіважнага пункта абароны немцаў паведамляецца ў газетах, якія выйшлі 31 сакавіка (“Звязда”, № 59“Советская Белоруссия”, № 58): над горадам “узняўся нацыянальны сцяг Польскай дзяржавы”, “узялі ў палон 10 000 нямецкіх салдат і афіцэраў”, захапілі трафеі, сярод якіх 84 самалёты, 140 танкаў і самаходных гармат, 306 паравозаў і 6 675 чыгуначных вагонаў, 45 падводных лодак і 151 судна рознага танажу, 214 складоў з узбраеннем і боепрыпасамі, харчаваннем. Мяркуючы па трафеях – “праціўнік падрыхтаваў горад да доўгай абароны”, прычым палонныя паведамілі пра загад Гітлера “абараняць Данцыг да апошняга салдата”, іх тут сапраўды загінула нямала – 39 000.

Узяцце Гдыні і Гданьска савецкімі войскамі было з удзячнасцю ўспрынята ў Польшчы – у газеце “Советская Белоруссия” (№ 60, с. 1) апублікавана тэлеграма прэзідэнта Краёвай рады нарадовай і кіраўніка Часовага ўрада Польскай рэспублікі маршалу СССР І. Сталіну, дзе ёсць такія радкі: “Увесь польскі народ горача вітае Чырвоную армію, якая вызваліла вусце Віслы і польскія парты Гданьск і Гдыню. Польскі народ ніколі не забудзе, што Чырвоная армія пад Вашым кіраўніцтвам вызваліла для Польшчы шырокі доступ да мора і дала магчымасць аб'яднаць старажытны польскі горад Гданьск з адроджанай Польшчай”. Тут жа размешчаны і ліст: “Салдаты 1-й арміі Польскага войска, пакланяючыся гераізму і ахвярнасці савецкіх салдат, шлюць Вам найглыбейшую падзяку”. У тэлеграме ў адказ кіраўнік СССР адзначыў: “Сардэчна дзякую Вам за прывітанне ў сувязі з вызваленнем Гдыні і Гданьска, найважнейшых польскіх партоў на Балтыцы. Савецкі Саюз выканаў свой доўг саюзніка Польшчы. Ён і надалей будзе яго выконваць наколькі мажліва”.

У БССР вырашаюцца чарговыя задачы аднаўлення народнай гаспадаркі. Перадавы артыкул газеты “Совецкая радзіма” (№ 49) прысвечаны торфаздабычы. Гэты важны від паліва і ўсе працы, звязаныя з ім, павінны быць штодня ў цэнтры ўвагі партыйных і савецкіх арганізацый – трэба памятаць, што даць паліва для прамысловасці – значыць узяць удзел у дапамозе фронту! Цалкам гатовы да сезону Асіповіцкі торфазавод “Новы мост”. Але далёка не на ўсіх прадпрыемствах праведзены падрыхтоўчыя працы, якія ўключаюць рамонт завадскога абсталявання, падрыхтоўку балот (выкарчоўванне лесу) і іншыя.

На 2-й старонцы газеты выкладзены задачы сельскай гаспадаркі Бабруйскай вобласці, а на 3-й і часткова 4-й – зварот перадавікоў сельскай гаспадаркі вобласці, у якім яны па пунктах выклалі свой план развіцця галіны і атрымання высокага ўраджаю, а таксама выклікалі на сацыялістычнае спаборніцтва калгасы Мінскай вобласці. На 4-й старонцы – заклік Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта да гараджан уключыцца ў дэкаду па ачыстцы горада (з 27 сакавіка па 5 красавіка 1945 г.).

І – некаторыя навіны з гуманітарнай сферы. Работнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працягваюць папаўняць фонды экспанатамі, звязанымі з ваеннымі падзеямі. Нядаўна з вызваленых польскіх гарадоў дастаўлены прылады катаванняў, якія выкарыстоўваюцца ў гестапа, трафейная нямецкая форма салдат і афіцэраў, іх ордэны і медалі. Цікава тое, што ў 13 км ад Мінска музей узяў пад ахову поле з пакінутай пасля ліпеньскіх баёў 1944 г. нямецкай тэхнікай, куды да лета 1945 г. плануецца вазіць экскурсіі (“Советская Белоруссия”, № 57, с. 4).

Газета “Звязда” (№ 58, с. 4) у рубрыцы “Дзень Бабруйска” паведаміла, што ў чытальнай зале бібліятэкі Дома партыйнай асветы прайшоў літаратурна-мастацкі дыспут па аповесці К. Сіманава “Гордый человек”. (Пазнаёміцца з гэтай кнігай можна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі – яна захоўваецца ў яе фондзе).

Яшчэ адна падзея – аб'ява дырэкцыі Мінскага педагагічнага інстытута: студэнты, якія ў 1941 г. здалі ўсе дзяржаўныя экзамены, могуць атрымаць дыпломы аб заканчэнні інстытута, а тыя выпускнікі 1941 г., якія здалі не ўсе дзяржэкзамены, – могуць іх здаць у перыяд работы дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі з 15 чэрвеня да 15 ліпеня 1945 г. Перапыненае на вайну жыццё – працягваецца...

А да Перамогі застаецца яшчэ 40 дзён...