13 красавіка 1945 года. 26 дзён да Перамогі
Жорсткія баі за вызваленне Вены. Ваенныя дзеянні на Заходнім фронце і Ціхім акіяне. Дагавор пра дружбу, узаемную дапамогу і пасляваеннае супрацоўніцтва паміж СССР і Югаславіяй. Масавая сяўба. Рэспубліканскі агляд мастацкай самадзейнасці. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 66), “Звязда” (№ 67).
Вена – адзін з найбуйнейшых у Еўропе прамысловых цэнтраў. У горадзе сканцэнтравана вялікая частка аўстрыйскай прамысловасці. Акрамя таго, за час вайны немцы перавялі ў раён Вены шэраг ваенных заводаў з Германіі. Таму так важна для нямецкага камандавання было ўтрымаць гэты найважнейшы стратэгічны аб’ект. Яшчэ ў 1944 годзе праціўнік разгарнуў узвядзенне абарончых збудаванняў вакол Вены. Прыродныя ўмовы мясцовасці – горы і шырокі і мнагаводны Дунай – спрыялі баку, які абараняўся. Але дзякуючы імклівым і самаадданым дзеянням савецкіх войскаў сталіца Аўстрыі – Вена за некалькі дзён была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Венская наступальная аперацыя – адна з самых паспяховых аперацый Чырвонай арміі на завяршальным этапе Вялікай Айчыннай вайны.
Са зводак Саўінфармбюро. Падчас жорсткіх баёў за подступы да Вены і сам горад з 16 сакавіка па 13 красавіка войскі 2-га і 3-га Украінскіх франтоў разграмілі адзінаццаць танкавых дывізій немцаў, у тым ліку 6-тую танкавую армію СС, узялі ў палон больш за 130 тысяч салдат і афіцэраў праціўніка, знішчылі і захапілі 1 345 танкаў і самаходных гармат, 2 250 палявых гармат і шмат іншай ваеннай маёмасці.
Войскі саюзнікаў на Заходнім фронце пачалі наступленне праз раку Ісель (Вестфалія). На поўнач ад Аснабрука саюзнікі занялі Брамшэ. На паўднёвы захад ад Брэмена войскі саюзнікаў занялі Гарпштэт. На ўсход ад гэтага раёна праціўнік аказвае моцнае супраціўленне.
Газеты паведамляюць таксама аб актывізацыі ваенных дзеянняў на Ціхім акіяне, налёце на Токіа 150 цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў ЗША.
У Маскве падчас знаходжання дэлегацыі Югаславіі на чале са старшынёй Савета міністраў Югаславіі маршалам Іосіфам Броз Ціта адбыліся перамовы паміж урадамі СССР і Югаславіі, якія пацвердзілі рашучасць дзвюх краін дамагацца хутчэйшага і канчатковага разгрому гітлераўскай Германіі, а таксама іх імкненне ўмацоўваць дружбу і супрацоўніцтва народаў дзвюх краін і ў пасляваенны перыяд. Па выніках візіту бакі заключылі Дагавор аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве паміж СССР і Югаславіяй.
У Беларусі ў кароткія тэрміны былі адрамантаваны 10 440 школьных будынкаў, што дазволіла ў першы навучальны год пасля вызвалення сесці за парты звыш з1,2 млн школьнікаў. У газеце “Звязда” (№ 67) паведамляецца, што ўпершыню ў школах Беларусі, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, у 4-м і 7-м класах будуць выпускныя экзамены, у 10-м – экзамены на атэстат сталасці; у астатніх класах – экзамены для пераводу ў наступны клас.
Аўтар артыкула “Газ з торфу” прапануе звярнуць увагу на выкарыстанне торфу пры ажыццяўленні цэнтральнай газіфікацыі БССР. А па багацці тарфяных масіваў Беларусь займае адно з першых месцаў у СССР, прычым торф высокай якасці і масівы яго размешчаны ўдала адносна прамысловых прадпрыемстваў. Мясцовы торф можа замяніць дровы, каменны вугаль, нафту, калі атрымаць з яго газ. Тарфяны газ мае шэраг пераваг перад цвёрдым палівам: з’яўляецца бяздымным і не ўтрымлівае серы.
Многія публікацыі ў газетах за гэты дзень прадстаўляюць першы ў пасляваеннай Беларусі Рэспубліканскі агляд мастацкай самадзейнасці, які пачаўся 10 красавіка ў Мінску, на сцэне Беларускага тэатра імя Янкі Купалы. Каля 30 000 чалавек у агульнай складанасці прынялі ўдзел у адборы на раённым і абласным узроўнях. З іх звыш 1 000 найбольш таленавітых з розных і самых далёкіх куткоў краіны адправіліся ў Мінск. Яны прадстаўляюць розныя творчыя напрамкі: песню, слова, музыку і танцы. Варта адзначыць, што многія калектывы, сфармаваныя яшчэ да вайны, ваявалі ў партызанскіх атрадах, дзе не толькі са зброяй у руках, але і сваёй творчасцю набліжалі перамогу. У ацэнцы творчасці прымаюць удзел лепшыя майстры беларускага мастацтва – кампазітары, вядомыя артысты, пісьменнікі. Так, кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Яўген Цікоцкі, дзелячыся ўражаннямі аб аглядзе, піша: “Няма сумнення, што многім сённяшнім удзельнікам рэспубліканскага агляду будзе прадастаўлена магчымасць удасканаліць свае таленты ў музычных вучылішчах, кансерваторыях, драматычных студыях” (“Советская Белоруссия”, № 66, с. 3). Ніжэй прадстаўлена фота з газеты “Звязда” (№ 67) Бялыніцкага калгаснага хору, удзельніка агляду мастацкай самадзейнасці.
Актуальным і своечасовым для аграрыяў у перыяд вясновых палявых работ з’яўляецца артыкул “Аб шляхах павышэння ўраджайнасці” Д.М. Пранішнікава, прызнанага заснавальніка савецкай аграхіміі, прафесара Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі. У сваіх навуковых працах і публікацыях ён актыўна прапагандуе пасеў шматгадовага лубіна, які спрыяе назапашванню ў глебе біялагічнай азоту. Гэта асабліва актуальна ў дачыненні да знясіленых за гады акупацыі зямель Беларусі (“Звязда”, № 67, с. 3).
У рубрыцы “Бібліяграфія” той жа “Звязды” (№ 67, с. 3) - вялікі артыкул прысвечаны зборніку апавяданняў “Вялікае сэрца” (Мінск, 1945), які толькі што выйшаў з друку. Яго аўтар, таленавіты беларускі пісьменнік Кузьма Чорны (1900–1944), на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця ў лістападзе 1944 года ва ўзросце 44 гадоў. Усе апавяданні напісаны ў гады вайны.
Да Перамогі застаецца 26 дзён.