Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

29 красавіка 1945 года. 10 дзён да Перамогі

Капітуляцыя ў Італіі. Становішча на Усходнім фронце. Ліст з Аўстрыі. Бабруйск рыхтуецца да Першамаю. Веснавыя палявыя работы працягваюцца. Газеты: “Віцебскі рабочы” (№ 44), “Совецкая радзіма” (№ 70).

75 гадоў таму, на 1408-мы дзень вайны, у Паўночнай Італіі “падпісаны Акт аб капітуляцыі германскіх узброеных сілаў”, а “савецкі ўрад прызнаў часовы ўрад Аўстрыі” (“1418 дней Великой Отечественной войны”, с. 398). Нягледзячы на тое, што асноўныя сілы нямецкіх войскаў у Аўстрыі былі пераможаны, заставаліся ачагі супраціву, якія душыліся нашымі войскамі і пасля 9 мая. З гэтай горнай краіны ў Беларусь прыйшоў ліст ад аднаго з байцоў – Атрошкіна. У ім ён піша: “Вітаю, Фруза! ... Учора я толькі атрымаў першы ліст, якая была радасць для мяне! Я ўяўляю, што і твае лісты ўяўлялі б для Лёшы вялікую радасць. ... Ён паранены і адпраўлены ў шпіталь”. А далей аўтар працягвае пра сябе: “па-ранейшаму ваюю. Жыву выдатна. Вядзём падрыхтоўку да 1-га Мая. Як шкада, што сярод наc няма майго баявога таварыша і земляка! Ты уяві, Фруза, што я адчуваю вялікую страту, нават няма з кім пагаварыць шчыра. Але нічога, калі будзем жывыя, то яшчэ ўбачымся. Пакуль да пабачэння. З гарачым франтавым прывітаннем з горных вяршынь Аўстрыі!” (ліст Атрошкіна ад 29 красавіка 1945 г. з базы даных “Жывая памяць пакаленняў" Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна).

А ў Берліне “войскі 1-га Беларускага і 1-га Украінскага франтоў працягвалі жорсткія баі. Войскі 2-га Украінскага фронту вялі паспяховыя наступальныя дзеянні ў Чэхаславакіі” (“1418 дней Великой Отечественной войны”, с. 398).

29_text.jpg

У гэты дзень у Беларусі выйшлі абласныя газеты. На іх старонках – ужо знаёмыя чытачу матэрыялы, апублікаваныя раней у цэнтральных органах друку: даклад аб Дзяржаўным бюджэце СССР на 1945 год (“Віцебскі рабочы”, № 44), “Заклікі Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) да 1 мая 1945 года”, выступленне В.М. Молатава на прэс-канферэнцыі ў ААН (“Совецкая радзіма”, № 70).

Унізе другой паласы газеты “Совецкая радзіма” (№ 70) – невялікі артыкул пра падрыхтоўку Бабруйска да Першамайскага свята: плакаты, лозунгі, партрэты вышэйшага партыйнага кіраўніцтва будуць размешчаны на гарадскіх будынках, напярэдадні на прадпрыемствах пройдуць урачыстыя сходы, у гарадскім савеце – урачыстае пасяджэнне. На гарадской плошчы 1 мая будуць дэманстравацца кінафільмы, а на 2 мая запланаваны спартыўныя спаборніцтвы, святочная эстафета на прыз газеты “Совецкая радзіма”, якая збярэ 60 каманд. Нататка на 4-й старонцы гэтай газеты працягвае пералік мерапрыемстваў: 1 мая ў школах, дзіцячых дамах і дзіцячых садках пройдуць ранішнікі, а 2 мая – парадам па вуліцы пройдуць піянеры і школьнікі. Выканаўчы камітэт Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных у прынятым нядаўна рашэнні пералічыў меры па забеспячэнні супрацьпажарнай бяспекі ў дні першамайскіх свят.

У калгасах палявыя работы працягваюцца і ў святочныя дні. Некаторыя калгасы ў Аршанскім раёне ўжо завяршылі пасеў яравых збожжавых і бабовых культур, пачалі пасадку бульбы (“Віцебскі рабочы”, № 44). Калгаснікі Асіповіцкага раёна здалі больш за 2 200 літраў малака для патрэб параненых байцоў Чырвонай арміі. Моладзь калгасу “Политотделец” Бабруйскага раёна паказвае ўзоры Стаханаўскай працы: некаторыя перадавікі штодня на траціну перавыконваюць норму па ўзворванні. Яшчэ адна радасная навіна са Старых Дарог: пабудавана 903 новыя дамы, пастаўлена больш за 200 зрубаў і яшчэ 93 зрубы ўзводзяцца (“Совецкая радзіма”, № 70, с. 4).

10 дзён засталося да Перамогі...