Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

26 красавіка 1945 года. 13 дзён да Перамогі

Акружэнне Берліна. Узяцце Пілау. Ліст з фронту. Міжнародныя падзеі. Газеты: "Звязда" (№ 76),"Советская Белоруссия" (№ 75).

Газеты гэтага дня ("Звязда", № 76; "Советская Белоруссия", № 75) паведамляюць, што напярэдадні, 25 красавіка завяршылася поўнае акружэнне нашымі войскамі Берліна (сіламі войскаў 1-га Беларускага і 1-га Украінскага франтоў), часткі 1-га Беларускага фронту занялі некалькі прыгарадаў нямецкай сталіцы. У гэты ж дзень узяты апошні апорны пункт немцаў на Земландскім паўвостраве – горад-крэпасць Пілау (цяпер Балтыйск Калінінградскай вобласці). Лаканічныя радкі аператыўнай зводкі апісваюць удары нашай авіяцыі і артылерыі, імклівасць пяхоты, люты супраціў заселых у каменных дамах гітлераўцаў; "у баях за Пілау немцы панеслі велізарныя страты" – а колькі палегла і нашых…

12.jpgПра сваё франтавое жыццё піша з Прусіі сваёй маці адзін з салдат – Казімір Бутраменка: "жывём зараз вельмі добра. Шмат прайшлі наперад, узялі многа трафеяў, многа немцаў у палон і інш. ... Ужо некалькі дзён ваюем на самым беразе мора. Зараз пішу ліст і чую шум хваль. ... Увогуле, матэрыяльныя ўмовы выдатныя, прадуктаў усялякіх колькі заўгодна. Цяпер, напрыклад, ем селядца, столькі, колькі магу з'есці. Надвор'е зараз добрае, спякотна. Шынялём карыстаюся толькі ноччу. Дарагая мама! Канца вайны, якая прынесла нам столькі бедстваў, засталося чакаць няшмат. Вы, напэўна, ужо чулі, што нашы войскі зайшлі ў Берлін. Спадзяюся, што пакуль вы атрымаеце гэты ліст, ён будзе цалкам у нашых руках. Хутка надыдзе той дзень, які мы сустрэнем у мірнай абстаноўцы" (ліст К. Бутраменка ад 26 красавіка 1945 г. з базы даных "Жывая памяць пакаленняў" Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна).

Міжнародныя падзеі рознага маштабу адбыліся ў гэтыя дні.

Напярэдадні, 25 красавіка, у Сан-Францыска адкрылася канферэнцыя ААН (газета "Звязда", № 76), а 26 красавіка быў падпісаны статут гэтай арганізацыі ("1418 дней Великой Отечественной войны", с. 397). Дзеячы культуры і навукі БССР – Якуб Колас, Пятрусь Броўка і іншыя – вітаюць падпісанне Дамовы аб дружбе паміж СССР і Польскай Рэспублікай ("Звязда", № 76; "Советская Белоруссия", № 75). У Мінск прыбылі вышэйшыя службовыя асобы гэтай краіны. У Тэгеранскім археалагічным музеі адбылася лекцыя прафесара Атабекі пра жыццё і творчасць драматурга А. Астроўскага і прагляд фільма "Беспасажніца", знятага паводле яго п'есы. Блізу 4 тыс. долараў канадскія арганізацыі сабралі ў "Фонд дапамогі Расіі". Дацкія патрыёты, затапіўшы 2 судны, перакрылі нямецкім караблям выхад з Капенгагенскага порта. Саюзнікі працягваюць вызваляць гарады Італіі, займаць у Германіі горад за горадам ("Советская Белоруссия", № 75).

А да Перамогі засталося 13 дзён…