Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

6 мая 1945 года. 3 дні да Перамогі

Навіны ваенных дзеянняў. Рэпартаж Б. Палявога з Берліна. Пра ўзнаўленне прамысловасці ў БССР. Друк у СССР і БССР. Газеты: “Звязда” (№ 83), “Советская Белоруссия” (№ 82)

 6.05_1.jpgУ гэты майскі дзень 1945 года “пачалася Пражская наступальная аперацыя. Праводзілася войскамі 1, 2 і 4-га Украінскіх франтоў і завяршылася 11 мая акружэннем амаль усёй групіроўкі праціўніка, якая знаходзілася ў Чэхаславакіі. Толькі 10–22 мая было ўзята ў палон больш за 860 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў” (“1418 дней Великой Отечественной войны”, Мінск, 2014, с. 401).

6.05_2.jpgЯшчэ адно з паспяховых ваенных дзеянняў на Усходнім фронце – 5 мая узяты Свінэмюндэ (зараз Свінауйсце ў складзе Польшчы), буйны порт і ваенна-марская база на Балтыйскім моры. Масква вітала гэтую падзею 12-цю залпамі салюту. З Лондана таксама перадалі добрыя весткі. Нямецкія войскі ў Галандыі і Даніі капітуліравалі перад саюзнымі войскамі. Саюзнікі паспяхова рухаюцца па Чэхаславакіі і Аўстрыі (5 мая яны знаходзяцца за 5 км ад Лінца).

А Берлін працягвае заставацца ў цэнтры ўвагі: многія ваенныя карэспандэнты камандзіраваны, ды і самі імкнуцца пабываць у гэтым горадзе і яго ваколіцах, напісаць для сваіх газет рэпартажы, сустрэць дзень Перамогі менавіта тут. Адзін з іх, Барыс Палявы, напісаў для газеты “Правда” нарыс “У нямецкім генштабе” – пра добра замаскіраваны сакрэтны цэнтр кіравання сухапутнымі войскамі Германіі, які знаходзіўся ў вёсцы Цосен, за 30 км на поўдзень ад Берліна. Насельнікі паспелі пакінуць яго, перш чым танкісты П. Рыбалка выявілі гэта таемнае месца. Б. Палявы піша: “Яшчэ цікавая дэталь кінулася мне ў вочы, калі мы хадзілі па пустых пакоях генеральнага штаба. Гэта рукапісныя шыльды, што звісалі з найбольш важных тэлеграфных агрэгатаў. Яны былі напісаныя па-руску, але з памылкамі: “Солдаты! Не трогайте и не порчайте этих аппарат. Это есть очень ценный трофеум вашей красной армии” (“Советская Белоруссия”, № 82, с. 4). Гэтыя шыльды, напісаныя інжынерамі, што абслугоўвалі электрычную гаспадарку падзем’я, маглі спатрэбіцца для будучыні. (І спатрэбіліся – гэты вузел сувязі адыграў сваю ролю ў аднаўленні пасляваеннай Германіі. – Заўв. аўт.).

Газеты працягваюць публікаваць матэрыялы пра дзяржаўную пазыку. У перадавым артыкуле яна названа “пазыкай Перамогі”. Усё новыя і новыя калектывы прадпрыемстваў і калгасаў многіх раёнаў БССР падтрымліваюць яе. Да іх далучыліся супрацоўнікі Акадэміі навук. Шырока разгарнулася падпіска ў буйных прамысловых цэнтрах СССР – Маскве, Ленінградзе, Баку, Харкаве і многіх іншых (“Звязда”, № 83, с. 1, 3; “Советская Белоруссия”, № 82, с. 1).

Разбураная народная гаспадарка паступова ўзнаўляецца. Адраджэнне і развіццё прамысловасці застаецца адной з надзённых задач. На сесіі Вярхоўнага Савета СССР адзін з дэпутатаў падзяліўся такімі данымі: “першыя крокі па аднаўленні прамысловасці ўжо зробленыя. З пачатку вызвалення па 1 студзеня 1945 года ў рэспубліцы адноўлена і запушчана 3 406 прадпрыемстваў, у тым ліку некалькі буйных прадпрыемстваў абароннага значэння, а таксама тыя, што выпускаюць будаўнічыя матэрыялы”. Вялікія надзеі ў гэтым кірунку ўскладзены на бягучы год: “1945 год будзе годам вялікіх аднаўленчых работ у прамысловасці Беларусі” (“Звязда”, № 83, с. 2; “Советская Белоруссия”, № 82, с. 2).

У гэты дзень працягваецца серыя публікацый пра друк. “У СССР выпушчана 10 мільярдаў кніг” – у артыкуле з такой назвай зроблены агляд за 27 гадоў: з 1918-га па бягучы. Адкрыта падпіска на часопіс Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі “Большэвік Беларусі”, які не выходзіў у гады вайны. У Дзяржаўным выдавецтве БССР плануецца выпуск зборніка класіка беларускай літаратуры Ф. Багушэвіча, яго "Выбраныя творы" выйшлі ў Мінску ў 1946 годзе (“Советская Белоруссия”, № 82, с. 4. Кніга захоўваецца ў фондзе НББ).

  3 дні засталося да Перамогі...

.