30 красавіка 1945 года. 9 дзён да Перамогі
Штурм рэйхстага ў Берліне. На канферэнцыі ААН у Сан-Францыска. Навіны з Заходняй Еўропы. Канцэнтрацыйныя лагеры і лагеры смерці. Газеты: “Звязда” (№№ 31, 79), “Советская Белоруссия” (№ 78).
У гэты вясновы дзень 1945 года “войскі 1-га Беларускага фронту магутным артылерыйскім залпам пачалі штурм рэйхстага. Разведчыкі сяржанты М. Ягораў і М. Кантарыя ўзнялі над рэйхстагам Сцяг Перамогі” (“1418 дней Великой Отечественной войны”, с. 399). Як успамінаў Ілья Эрэнбург, гэты велізарны будынак штурмавалі з некалькіх бакоў розныя групы салдат, таму сцягі над рэйхстагам былі паднятыя ў некалькіх месцах. Адсюль вядуць свой пачатак і некаторыя розначытанні ў асвятленні гэтай падзеі, бо ў спіс салдат, якія ўнімалі чырвоны сцяг над рэйхстагам, уваходзяць і іншыя прозвішчы.
Пра баі ў Берліне распавядаецца ў рэпартажы спецыяльнага карэспандэнта ТАСС, апублікаваным у газеце “Звязда” (№ 79, с. 2). Горад уяўляе сабой асабліва ўмацаваную крэпасць. Баі ідуць на зямлі і пад зямлёй: пры неабходнасці нашы салдаты спускаюць у метро артылерыю і змятаюць супраціўленне немцаў. У тых раёнах, дзе баі ўжо адгрымелі, з вокнаў вывешваюць белыя прасціны, гараджане выходзяць на расчыстку вуліц, дымяцца палявыя кухні... Цяжка паверыць, што ў яшчэ ахопленым вайною горадзе адразу ж пачынае ўступаць у свае правы мірнае жыццё. Але пра гэта піша ў сваіх нататках і Леанід Кудраватых, ваенкор “Известий” (“Берлинская тетрадь: записки военного корреспондента”, с. 54–58, фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). У гэтай кнізе ёсць невялікі раздзел, датаваны якраз 30 красавіка. Там распавядаецца, што “ў вызваленых частках Берліна ўлада раённых ваенных камендатур ўсталёўвалася неадкладна пасля заняцця Чырвонай арміяй вуліцы або квартала. Гэтая ўлада распаўсюджвалася на ўсе сферы жыцця раёна”. Так, ва Фрыдрыхбергскім раёне Берліна пасля абвяшчэння два дні таму пра ўсталяванне ўлады наладжвалася жыццё: “на вуліцах працавалі берлінцы, прыбіралі завалы. У харчовых крамах стаялі чэргі хатніх гаспадынь, якія атрымлівалі дастаўленыя нашымі войскамі прадукты. Да каменданта ішлі на рэгістрацыю жыхары раёна. Па першых даных, у раёне засталося каля 200 тыс. жыхароў. Камендант ужо прызначыў выканаўчую ўладу – бургамістра раёна. На ролю бургамістра выдзелены ўплывовы старажыл раёна юрыст Пауль Лейк, беспартыйны. Ён на працягу 27 гадоў (з 1907 па 1934 год) быў бургамістрам гэтага раёна. Цяпер бургамістр пры падтрымцы савецкага каменданта арганізуе забеспячэнне хлебам, падвоз і выдачу мяса насельніцтву”.
У Сан-Францыска працягваецца канферэнцыя ААН. Уся другая паласа газеты “Советская Белоруссия” (№ 78) прысвечана гэтай падзеі: апублікавана выступленне В.М. Молатава на пленарным пасяджэнні 26 красавіка, зварот да канферэнцыі УССР і БССР, запрошаных на канферэнцыю ў якасці членаў ААН, іншыя матэрыялы.
На 4-й старонцы – важнае паведамленне ТАСС: 28 красавіка “агенцтва Рэйтар перадало апублікаваную канцылярыяй прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі інфармацыю ”аб прапанове Гімлера “капітуляваць перад Англіяй і Злучанымі Штатамі”. Аднак урады гэтых краін адказалі, што “яны прымуць безумоўную капітуляцыю толькі перад усімі саюзнікамі, у тым ліку і перад Савецкім Саюзам”.
З Нью-Ёрка перадаюць, што ў ЗША “з радасцю вітаюць гістарычную сустрэчу войскаў Чырвонай арміі з англа-амерыканскімі войскамі на тэрыторыі Германіі”. І яшчэ навіны з Еўропы: у Аўстрыі ўтвораны часовы ўрад, у Італіі пакараныя Мусаліні і іншыя кіраўнікі фашысцкай партыі, а ў Мюнхене, хутчэй за ўсё, было задушана паўстанне, што нядаўна там успыхнула ( “Советская Белоруссия”, № 78).
Газета французскіх камуністаў “Юманітэ” пратэстуе супраць забароны міністра па справах ваеннапалонных і высланых дэманстраваць ў Францыі савецкі фільм “Майданэк” (“Звязда”, № 79, с. 4). Канцэнтрацыйны лагер Майданэк быў арганізаваны нацыстамі на тэрыторыі Польшчы ў 1941 годзе і вызвалены Чырвонай арміяй у ліпені 1944 года.
Канцэнтрацыйныя лагеры, створаныя нацысцкім рэжымам Германіі, – гэта асобная трагічная старонка ў гісторыі Другой сусветнай вайны. Яны ствараліся на падкантрольнай Трэцяму рэйху тэрыторыі яшчэ да 1939 года. Сюды спецыяльна звозіліся грамадзянскія асобы па палітычных ці расавых матывах, а ў час ваенных дзеянняў – узятыя ў палон салдаты і афіцэры, а таксама ўдзельнікі Супраціўлення – падпольшчыкі і партызаны. Толькі невялікая частка гэтых лагераў адносілася да “працоўных” – там зняволеныя выконвалі цяжкія работы, напрыклад на будаўніцтве дарог, часам на ваенных заводах. Частка падобных месцаў зняволення належала да так званы[ “лагераў смерці” і прызначалася для фізічнага знішчэння яўрэяў, цыган, прадстаўнікоў славянскіх народаў. Праз канцэнтрацыйныя лагеры прайшлі мільёны вязняў, большая частка з іх была знішчана.
Згаданы вышэй Майданэк адносіўся да катэгорыі месцаў знішчэння. Сёння на яго тэрыторыі арганізаваны музей. Трагічную долю вязняў смерці гэтага, ды і іншых лагераў адлюстраваў у серыі сваіх работ “Майданек: лагерь уничтожения” савецкі ўкраінскі мастак Зіновій Талкачоў, ураджэнец Беларусі. У фондзе НББ захоўваецца папка рэпрадукцый гэтых работ, а некаторыя з іх выкарыстаны ў якасці ілюстрацый да гэтага матэрыяла.
30 красавіка 1945 года часткі Чырвонай арміі вызвалілі яшчэ адзін лагер – Равенсбрук. Ён быў створаны ў 1939 годзе за 90 км на поўнач ад Берліна. Гэта быў самы буйны лагер для жанчын, праз яго прайшло больш за 130 тыс. чалавек, больш за палову з іх былі знішчаны. У дзень вызвалення тут заставалася каля 3 тыс. хворых жанчын, а таксама абслуговы медыцынскі персанал з ліку вязняў. 20 тыс. вязняў лагера напярэдадні пагналі так званым “маршам смерці” ў заходнім кірунку да знешніх лагераў Равенсбрук. Да 3 мая 1945 года высілкамі злучэнняў 2-га Беларускага фронту і гэтыя вязні былі вызвалены.
На тэрыторыі БССР таксама было некалькі лагераў. У газеце “Звязда” за 16 лютага (№ 31, с. 4) апублікавана паведамленне БелТА пра выхад у Маскоўскім дзяржаўным выдавецтве палітычнай літаратуры кнігі “Лагери смерти” з дакументальнымі матэрыяламі (сведчаннямі ўдзельнікаў падзей і фота) Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі “аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі”. Гэтая кніга таксама захоўваецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Сёння нельга забываць пра гэтую асабліва чорную старонку Другой сусветнай вайны і ўсёй сусветнай гісторыі. Нельга дазволіць, каб яна паўтарылася калі-небудзь у будучыні.
Да Перамогі застаецца 9 дзён...