Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь
Праект "Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь" у нашай краіне рэалізуецца з 2016 года. Статус "Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь" можа быць прысвоены абласному цэнтру, гораду абласнога або раённага падпарадкавання, гарадскому пасёлку тэрмінам на адзін год па выніках конкурсу, які праводзіцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Інфармацыя аб прысваенні гораду статуса "Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь" размяшчаецца ў сродках масавай інфармацыі, на афіцыйным партале Міністэрства адукацыі, на сайце Моладзь Беларусі. Статус Маладзёжнай сталіцы з'яўляецца ганаровым і адказным, паколькі горад становіцца на гэты год галоўнай пляцоўкай рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, інавацыйных праектаў і мерапрыемстваў для маладых людзей, усе яркія і значныя мерапрыемствы года будуць акумуляваны ў гэтым горадзе.
Маладзёжнымі сталіцамі ў розныя гады былі:
2017 – Полацк;
2018 – Магілёў;
2019 – Орша;
2020 – Пінск;
2021 – Гродна;
2022 – Віцебск.
У 2023 годзе статус "Маладзёжнай сталіцы Рэспублікі Беларусь" прысвоены гораду Наваполацку Віцебскай вобласці – аднаму з самых маладых гарадоў Беларусі (у чэрвені 2023 года яму спаўняецца ўсяго 65 гадоў). Малады Наваполацк знаходзіцца побач са старажытным горадам Беларусі Полацкам і з'яўляецца не менш важным для эканомікі краіны. Сёння Наваполацк – адзін з буйнейшых індустрыяльных навукова-адукацыйных і культурных цэнтраў рэспублікі, цэнтр беларускай нафтахіміі, сапраўднае ўвасабленне сучаснасці і маладосці, з насельніцтвам больш за 96 тыс. чалавек.