Дзень беларускага пісьменства
Дзень беларускага пісьменства – адна з самых значных культурных падзей Рэспублікі Беларусь і сапраўднае свята роднага слова. Традыцыйна сталіцай Дня беларускага пісьменства, які, пачынаючы з 1994 года, праводзіцца ў першую нядзелю верасня, становяцца гарады, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Канцэпцыя свята прадугледжвае дэманстрацыю адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Упершыню, у 1994 годзе, свята праходзіла ў старажытным горадзе Полацку, радзіме беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны.
За час правядзення Дня беларускага пісьменства (1994–2023) 27 беларускіх гарадоў з багатай гісторыяй, духоўным і культурным жыццём сталі цэнтрамі ўрачыстасцей:
-
Полацк, Віцебская вобласць (1994, 2003, 2017)
-
Тураў, Брэсцкая вобласць (1995, 2004)
-
Навагрудак, Гродзенская вобласць (1996)
-
Нясвіж, Мінская вобласць (1997)
-
Орша, Віцебская вобласць (1998)
-
Пінск, Брэсцкая вобласць (1999)
-
Заслаўе, Мінская вобласць (2000, 2014)
-
Мсціслаў, Магілёўская вобласць (2001)
-
Мір, Гродзенская вобласць (2002)
-
Камянец, Брэсцкая вобласць (2005)
-
Паставы, Віцебская вобласць (2006)
-
Шклоў, Магілёўская вобласць (2007)
-
Барысаў, Мінская вобласць (2008)
-
Смаргонь, Гродзенская вобласць (2009)
-
Хойнікі, Гомельская вобласць (2010)
-
Ганцавічы, Брэсцкая вобласць (2011)
-
Глыбокае, Віцебская вобласць (2012)
-
Быхаў, Магілёўская вобласць (2013)
-
Шчучын, Гродзенская вобласць (2015)
-
Рагачоў, Гомельская вобласць (2016)
-
Іванава, Брэсцкая вобласць (2018)
-
Слонім, Гродзенская вобласць (2019)
-
Бялынічы, Магілёўская вобласць (2020)
-
Капыль, Мінская вобласць (2021)
-
Добруш, Гомельская вобласць (2022)
-
Гарадок, Віцебская вобласць (2023)
Тройчы сустракаў гасцей свята Полацк – у 1994, 2003 і ў юбілейным для беларускага кнігадрукавання 2017 годзе; двойчы – Тураў (1995, 2004) і двойчы – Заслаўе (2000 і 2014).
У рамках падрыхтоўкі да свята цэнтры правядзення Дня беларускага пісьменства атрымліваюць новы імпульс у сваім развіцці. Праводзяцца значныя работы па рамонце, рэканструкцыі і аднаўленні будынкаў, вуліц і плошчаў, абнаўленні жыллёвага фонду, уводу ў дзеянне аб'ектаў сацыяльна-культурнай сферы, адкрыцці помнікаў архітэктуры і мастацтва.
Сярод святочных мерапрыемстваў – рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў з Жыватворным Агнём ад Труны Гасподняй", у якой удзельнічаюць прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Пры гэтым экспедыцыя праходзіць па гарадах і сёлах некалькіх рэгіёнаў краіны і заканчвае працу ў "сталіцы" правядзення свята.
Штогод на свята збіраюцца тысячы гасцей з усёй Беларусі і замежжа. Традыцыйна ў мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства бяруць удзел кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў. Праграма свята прадугледжвае правядзенне прэзентацый буйнейшых выдавецтваў нашай краіны, навукова-практычных канферэнцый, выступленні беларускіх і замежных пісьменнікаў і паэтаў. Удзельнікі і госці маюць магчымасць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, паслухаць выступленні творчых калектываў і выканаўцаў, сустрэцца з вядомымі паэтамі і пісьменнікамі.
Яшчэ адной важнай падзеяй Дня беларускага пісьменства, пачынаючы з 2015 года, стала ўрачыстае ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі – прэстыжнай дзяржаўнай узнагароды за лепшыя творы года. Прэмія была зацверджана Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Папярэднікам гэтай прэміі лічыцца рэспубліканская прэмія за лепшы літаратурны твор года "Залаты Купідон". Аргкамітэт конкурсу складаецца з прадстаўнікоў трох міністэрстваў: інфармацыі, адукацыі, культуры, а таксама Саюза пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкага дома "Звязда" і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прэмія ўручаецца ў наступных намінацыях:
-
Лепшы твор ці зборнік паэзіі
-
Лепшы твор прозы
-
Лепшы твор драматургіі
-
Лепшы твор публіцыстыкі
-
Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства
-
Лепшы твор для дзяцей і юнацтва
-
Лепшы дэбют
У 2025 годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стане старажытны горад Ліда Гродзенскай вобласці.