Спартыўныя будынкі
Для прафесійных спартсменаў і аматараў спорту ў Беларусі нямала спартыўных будынкаў сусветнага класа.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" мае ў распараджэнні лыжаролерную трасу, кросавыя трасы працягласцю больш за 20 км, сучаснае стрэльбішча, комплекс трамплінаў, акрабатычны схіл, слаламную трасу, трэнажорныя залы, трэніровачную хакейную арэну і іншыя аб′екты. У "Раўбічах" вядуць падрыхтоўку біятланісты і лыжнікі, фрыстайлісты, канькабежцы, скакуны з трампліна і дваяборцы. Алімпійскі спартыўны комплекс адзначаны залатым знакам UIPMB. У 1996 г. Міжнародны саюз біятлона прысвоіў яму найвышэйшую катэгорыю "А", выдаў ліцэнзію на правядзенне спаборніцтваў самага высокага ўзроўню без усякіх выключэнняў.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі" з′яўляецца найбуйнейшай спартыўнай базай па падрыхтоўцы нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь да чэмпіянатаў Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў па больш за 20 відах спорту. Спорткомплекс адпавядае міжнародным стандартам і даўно мае славу высакакласнага вучэбна-трэніровачнага цэнтра. Пачынаючы з Алімпіяды 1972 г. у Мюнхене, у "Стайках" спартсмены праводзяць падрыхтоўку да летніх Алімпійскіх гульняў.
Гарналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс "Лагойск" па сваіх характарыстыках не саступае знакамітым еўрапейскім курортам. З 2004 г. працуе па еўрапейскіх стандартах абслугоўвання горналыжнікаў-аматараў і сноўбардыстаў. Архітэктура комплексу выканана ў самабытным беларускім стылі з невялікай часткай "альпійскай" рамантыкі. Для катання адкрыта некалькі трас рознай ступені складанасці. Гарналыжны комплекс гатовы сустракаць сваіх гасцей круглы год. Для аматараў актыўнага адпачынку – прафесійныя крытыя тэнісныя корты, футбольнае поле, валейбольныя пляцоўкі, лазнева-спартыўны комплекс.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы адказвае ўсім міжнародным стандартам, яго спартыўная база ўключае адкрыты пясчаны манеж, канкурнае поле з трыбунамі, 4 крытыя манежы, 2 спартыўныя залы, 6 адкрытых трэніровачных пляцовак, трасу для палявых выпрабаванняў па трохбор′і, шэраг тыпавых стайняў. Цэнтр у Ратамцы з′яўляецца адзіным на тэрыторыі СНД, дзе арганізавана цэнтралізаваная падрыхтоўка юнакоў і юніёраў. Дзякуючы гэтаму юнацкія каманды Беларусі заваёўваюць першыя месцы на спаборніцтвах і матчавых сустрэчах з сапернікамі з СНД, краін Балтыі і Усходняй Еўропы.
Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр "Сілічы" – гонар айчыннай індустрыі турызму і адпачынку – адкрыты ў 2005 г. Пры выбары месца для будаўніцтва была ўлічана галоўная перавага ўчастка пад Лагойскам – тутэйшы пагорысты ландшафт. Гэты прыродны рэльеф меў 76 м перападу ад верхняй да ніжняй кропкі. З падсыпкай у 30 м атрымаліся досыць стромкія, з перападам да 100 м схілы, вугал круцізны якіх дазваляе выкарыстаць іх для хуткаснага спуску. Гарналыжная база ўключае гасцінічны гарадок і спартыўную залу, якая ў зімовы перыяд выкарыстоўваецца як крыты каток.
Шматфункцыянальны спартыўна-відовішчны комплекс "Мінск-Арэна" – буйнейшы ў Еўропе ўнікальны спартыўны аб′ект, створаны па самых сучасных тэхналогіях. Ён змяшчае ўсё неабходнае для заняткаў 30 відамі спорту, уключае шматфункцыянальную галоўную арэну з залай умяшчальнасцю да 15 тыс. чалавек, канькабежны трэк з трыбунамі на 3 тыс. гледачоў, веладром на 2 тыс. чалавек, шматузроўневую паркоўку і адміністрацыйныя будынкі. "Мінск-Арэна" заслужыла высокія водгукі кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе і зорак сусветнага хакея і была выбрана галоўнай пляцоўкай Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 г.
Шматфункцыянальны культурна-спартыўны і забаўляльны комплекс "Чыжоўка-Арэна" ўмяшчае каля 10 тыс. гледачоў. Комплекс з′яўляецца базавай арэнай для каманд хакейнага клуба "Юнацтва-Мінск". На лёдавых пляцоўках комплексу праходзілі матчы Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 г.