Агульная інфармацыя
Краіна размешчана ў геаграфічным цэнтры Еўропы на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў, скрыжаванні найважнейшых еўрапейскіх транспартных артэрый. Беларусь – своеасаблівае перакрыжаванне, дзе сходзяцца самыя важныя трансеўрапейскія чыгуначныя і аўтамабільныя магістралі, нафта- і газаправоды, водныя і паветраныя шляхі зносін паміж эканамічна развітай Заходняй Еўропай і багатай прыроднымі рэсурсамі Азіяй. Праз Беларусь пралягаюць самыя кароткія шляхі з цэнтральных і ўсходніх раёнаў Расіі ў краіны Заходняй Еўропы, а таксама паміж Балтыйскім і Чорным марамі. Геапалітычнае месцазнаходжанне краіны ў значнай меры вызначала і вызначае яе гістарычны лёс. Беларусь заўсёды была і з’яўляецца злучальным мостам паміж Усходам і Захадам, адыгрывае істотную ролю ва ўмацаванні светапоглядных і духоўных асноў народаў Еўропы.
Афіцыйная назва Рэспубліка Беларусь
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка (1994)
Прэм′ер-міністр Раман Галоўчанка (2020)
Тэрыторыя
Агульная плошча – 207,6 тыс. кв. км, што складае прыкладна 2 % тэрыторыі Еўропы (13-е месца сярод еўрапейскіх дзяржаў). Працягласць тэрыторыі з поўначы на поўдзень – 560 км, з усходу на захад – 650 км. Беларусь мяжуе з Польшчай, Літвой, Латвіяй, Расіяй, Украінай. Адміністрацыйна-тэрытарыяльна рэспубліка дзеліцца на 6 абласцей, уключаючы 118 адміністрацыйных раёнаў, і горад Мінск.
Насельніцтва
На 1 студзеня 2024 г. колькасць насельніцтва склала 9 155 978 чалавек, доля гарадскога насельніцтва – 78 %.
Сталіца: Мінск – 1 992 862 чалавек.
Колькасць насельніцтва па абласцях:
- Мінская вобласць – 1 460 289 чалавек;
- Брэсцкая вобласць – 1 308 569 чалавек;
- Віцебская вобласць – 1 081 911 чалавекі;
- Гомельская вобласць – 1 338 617 чалавек;
- Гродзенская вобласць – 992 862 чалавек;
- Магілёўская вобласць – 981 174 чалавек.
Абласныя цэнтры: Брэст (340 723), Віцебск (360 419), Гомель (503 984), Гродна (357 493), Мінск (1 992 862), Магілёў (355 436).
Нацыянальнасці
Па даных перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 г. на тэрыторыі краіны пастаянна пражывалі прадстаўнікі каля 140 нацыянальнасцей і народнасцей: беларусы – 84,9 %, рускія – 7,5 %, палякі – 3,1 %, украінцы – 1,7 %, яўрэі – 0,9 %. У дзясятку самых шматлікіх нацыянальнасцей, акрамя беларусаў, рускіх, палякаў, украінцаў, таксама ўваходзяць яўрэі, армяне, татары, цыгане, азербайджанцы і літоўцы.
Дзяржаўныя мовы
беларуская, руская
Сімволіка
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн з′яўляюцца сімваламі суверэнітэту краіны.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Словы М. Клімковіча, У. Карызны
Музыка Н. Сакалоўскага
Мы, беларусы – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Дружба народаў – сіла народаў –
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны – радасці сцяг!
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Нацыянальная валюта
Беларускі рубель (Br)
Эканамічныя паказчыкі
Асноўныя гандлёвыя партнёры
Асноўныя гандлёвыя партнёры Беларусі - Расія, краіны ЕАЭС і СНД. Пашыраецца прысутнасць беларускіх вытворцаў на рынках краін Азіі, Афрыкі, Амерыкі і Акіяніі. У 2022 г. беларуская прадукцыя экспартавана на рынкі 161 краіны. Найважнейшыя экспартныя пазіцыі: прадукцыя нафтахіміі, машынабудавання, металургіі, дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці, малочная і мясная прадукцыя, мэбля, шкло, шкловалакно, цэмент.
Геаграфія
Беларусь размешчана ў лясной зоне. Выхаду да мора краіна не мае. Паверхня ў асноўным раўнінная, з мноствам рэк, азёр і забалочаных зямель. Вялікую плошчу займаюць лясы і лугі, якія чаргуюцца з шырокімі апрацаванымі палямі. На поўначы знаходзіцца сістэма марэнных град (Свянцянская, Браслаўская і інш.), паміж якімі распасціраюцца забалочаныя нізіны з участкамі грудоў (Нёманская, Нарачана-Вілейская, Полацкая і інш.). З захаду на ўсход працягнулася Беларуская града, якая складаецца з асобных узвышшаў. Найвышэйшая кропка краіны – гара Дзяржынская (345 м над узроўнем мора). К паўднёваму ўсходу ад Беларускай грады размяшчаюцца прыледніковыя раўніны. На поўдні рэспублікі знаходзіцца плоскае, моцна забалочанае Беларускае Палессе.
Рэспубліка Беларусь – дзівосны край азёр і лясоў. За велізарную колькасць азёр нашу краіну завуць сінявокая Беларусь. Колькасць азёр у Беларусі перавышае 10 тыс., а рэк – звыш 20 тыс. Рэкі Беларусі належаць да басейна Чорнага і Балтыйскага мораў, іх агульная даўжыня складае каля 90 тыс. км. Самыя доўгія рэкі – Днепр (працягласць на тэрыторыі Беларусі 700 км), Бярэзіна (613 км), Прыпяць (495 км), Сож (493 км), Нёман (459 км), Пціч (421 км). Вялікая частка азёр краіны размешчана на поўначы. Найбуйнейшыя азёры – Нарач (плошча 79,6 кв. км), Асвейскае (52,8 кв. км), Чырвонае (40,8 кв. км), Лукомскае (37,7 кв. км), Дрывяты (36,1 кв. км).
Раслінны і жывёльны свет Беларусі
Лясныя масівы (змяшаныя і хвойныя) займаюць значную частку краіны, тут сустракаюцца ў асноўным сасна, дуб, бяроза, яліна, асіна і алешына. У цэлым на тэрыторыі Беларусі налічваецца звыш 12 тыс. розных відаў раслін, каля 200 з якіх знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Каля 20 % зямель заняты пашамі і лугамі.
Фаўна Беларусі налічае каля 457 відаў пазваночных жывёл і больш за 20 тыс. відаў беспазваночных. Шырока распаўсюджаны мядзведзі, зайцы, казулі, ваўкі, лісы, ласі, кабаны, бабры, выдры, яноты, андатры і вавёркі. Зубр (еўрапейскі бізон), папуляцыя якога падтрымліваецца ў запаведніку Белавежская пушча, стаў сапраўдным сімвалам Беларусі. Нароўні з ім са старажытных часоў беларусы паважаюць і ахоўваюць велічных, прыгожых птушак – буслоў. Нямала відаў жывёл і птушак знаходзіцца пад пагрозай знікнення, для іх аховы створаны прыродныя запаведнікі. Ахоўваюцца дзяржавай больш за 180 відаў жывёл.
Беларускія азёры багатыя на рыбу, найбольш пераважаюць асобіны сямейства карпавых.
Адна з найвядомейшых славутых мясцін Беларусі – Белавежская пушча, першабытны лясны масіў, які ўражвае сваёй плошчай (500 тыс. кв. км). Межы запаведніка – прыродныя: Балтыйскае мора, рэкі Одэр, Днепр і Буг. У 1992 г. пушча была ўключана ў фонд сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а праз год атрымала статут біясфернага запаведніка і стала ўладальнікам Еўрапейскага дыплома – узнагароды, якая прысуджаецца за захаванне нацыянальных паркаў і прыродных запаведнікаў.
Нетры Беларусі багаты калійнымі солямі, па здабычы якіх рэспубліка займае 3-е месца ў свеце. У паўднёвай і паўднёва-ўсходняй частках краіны маюцца радовішчы нафты, бурага і каменнага вугалю, гаручых сланцаў, жалезнай руды, руд каляровых металаў, даламітаў. Шырока распаўсюджаны радовішчы глін, будаўнічага каменю. Маюцца буйныя залежы торфу. Здабыча нафты і бурага вугалю пакрывае 10 % ад агульных патрэб рэспублікі ў энерганосьбітах.
Клімат
Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны, даволі мяккі, вільготны, часта бывае пахмурна, туманна (прыкладна трэць дзён у годзе – воблачныя). Сярэдняя тэмпература студзеня – 4,2°С, сярэдняя тэмпература ліпеня – +16,5°С. Штогод выпадае 550–700 мм ападкаў.
Знакамітыя людзі і падзеі
Анлайн-энцыклапедыя «Беларусь у асобах і падзеях» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі змяшчае фактаграфічную інфармацыю пра знакамітых людзей, якія ўнеслі значны ўклад у навуковую, культурную і духоўную спадчыну Беларусі; пра найбольш важныя падзеі ў эканамічнай, грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах жыцця краіны; пра мемарыяльныя комплексы, помнікі гісторыі, культуры, прыроды; прафесійныя творчыя калектывы і інш.
Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы
Інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт
Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт
Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт
Афіцыйныя геральдычныя сімвалы Рэспублікі Беларусь
Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны парк "Белавежская пушча"
Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур
Belarus.by. Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь