Навука і інавацыі
Сучасная беларуская навука – гэта магутная інтэлектуальная індустрыя, якая развіваецца з прыцэлам на практыку, на ўкараненне вынікаў даследаванняў ва ўсе сферы народнай гаспадаркі краіны. Рэкамендацыі вучоных леглі ў аснову найважнейшых нацыянальных праграм: па атамнай энергетыцы, космасе, рэсурсазберагальных тэхналогіях, развіцці сяла і малых гарадоў Беларусі.
Беларусь уваходзіць у лік дзяржаў з высокім узроўнем навукова-тэхнічнага развіцця. За апошнія гады ўдалося захаваць і ўмацаваць навуковы патэнцыял краіны.
Па стане на верасень 2020 г. у Рэспубліцы Беларусь акрэдытаваны 244 навуковыя арганізацыі, у тым ліку 82 арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 36 – Міністэрства адукацыі, 26 – Міністэрства аховы здароўя, 20 – Міністэрства прамысловасці, 11 – Дзяржаўнага камітэта ваеннай прамыслолвасці, 4 – Міністэрства культуры, 65 арганізацый іншай ведамаснай падпарадкаванасці. Доля занятых навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі – каля 0,6% ад занятых у эканоміцы. Колькасць даследчыкаў у разліку на 1 млн жыхароў склала больш за 2 тыс. чалавек. У прафесійнай структуры навуковых кадраў пераважаюць спецыялісты ў галіне тэхнічных і прыродазнаўчых навук.
Адной з прыярытэтных задач дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі з'яўляецца фарміраванне эфектыўнай арганізацыйнай мадэлі айчыннай навукі. Яна павінна ўяўляць сабой цэласную сетку тэхнічна абсталяваных, укамплектаваных кваліфікаванымі кадрамі, дастаткова вялікіх і ўстойлівых у фінансавым плане арганізацый, якія выконваюць фундаментальныя даследаванні сусветнага ўзроўню і ствараюць прыкладныя распрацоўкі па прыярытэтных напрамках развіцця навукі і тэхналогій з высокім узроўнем канкурэнтаздольнасці.
Прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і з'яўляюцца падставай для размеркавання сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, што выдзяляюцца на навуковую дзейнасць. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2020 г. № 156 у Беларусі зацверджаны адзіныя прыярытэтныя напрамкі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі на 2021–2025 гады. Згодна з дакументам прадугледжваецца далейшае развіццё інфармацыйных, медыцынскіх, біялагічных, машынабудаўнічых, аграпрамысловых тэхналогій, энергетыкі, будаўніцтва, рацыянальнага прыродакарыстання, забеспячэння бяспекі чалавека і грамадства. Чакаецца таксама актывізацыя сумеснай работы навуковых устаноў і прамысловых арганізацый па ўкараненні новых тэхналогій і стварэнні інавацыйных вытворчасцяў, павышэнне канкурэнтаздольнасці навукаёмістых і высокатэхналагічных сектараў нацыянальнай эканомікі.
Важнае месца ў інавацыйнай інфраструктуры займаюць навукова-тэхнічныя цэнтры, якія павышаюць эфектыўнасць узаемадзеяння навукі і вытворчасці. Дзейнасць вучоных накіравана на рашэнне задач па мадэрнізацыі прамысловасці і фарміраванні новай інавацыйнай эканомікі, стварэнне новых вытворчасцей 5-га і 6-га тэхналагічных укладаў.
Вялікая ўвага надаецца інфармацыйнаму забеспячэнню навукі і інавацый. Найбуйнейшымі бібліятэкамі краіны створана база даных "Вучоныя Беларусі". Гэта карпаратыўны фактаграфічны інфармацыйны рэсурс, які змяшчае даныя аб асобах, якія маюць вучоныя ступені доктара/кандыдата навук, вучоныя званні; навуковых работніках і выкладчыках ВНУ, – аўтарах навуковых публікацый; інфармацыю пра навуковыя арганізацыі і іх структурныя падраздзяленні, а таксама вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе працуюць вучоныя.
Звесткі аб беларускіх навукоўцах і спецыялістах навукова-тэхнічнай сферы і вытворчасці: біяграфіі, галіна навуковай і вытворчай дзейнасці, дасягненні, узнагароды, спіс асноўных навуковых публікацый, бібліяграфічныя апісанні патэнтаў на вынаходніцтвы і карысныя мадэлі Рэспублікі Беларусь прадстаўлены ў базе даных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі "Вынаходнікі Беларусі".
З мэтай развіцця супрацоўніцтва навукоўцаў-суайчыннікаў, якія працуюць у Беларусі і па-за яе межамі, абмену ідэямі і вопытам на Нацыянальным навукова-тэхнічным партале Рэспублікі Беларусь прадстаўлены праект віртуальнага месца сустрэчы "Беларускія навукоўцы за мяжой".
Дзейнасць у сферы навукі і інавацый заканадаўча рэгулюецца. На павышэнне ролі навукі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі, стварэнне спрыяльных умоў для захавання і развіцця навуковага патэнцыялу было накіравана рашэнне аб абвяшчэнні 2017 года Годам навукі.
Аб навуковай дзейнасці. Закон Рэспублікі Беларусь
Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Закон Рэспублікі Беларусь
Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь
Вучоныя Беларусі. База даных
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Нацыянальны навукова-тэхнічны партал Рэспублікі Беларусь