Міжнародныя мерапрыемствы ў Беларусі
Штогод Рэспубліка Беларусь становіцца месцам для розных дзелавых і навуковых мерапрыемстваў, культурных акцый і фестываляў, спартыўных спаборніцтваў і чэмпіянатаў самага рознага кірунку і ўзроўню. Многія з іх ужо сталі традыцыйнымі, праводзяцца не адзін дзясятак гадоў і заваявалі высокае прызнанне і вялікую аўдыторыю. Іх мэта - абмеркаванне асноўных пытанняў эканамічнага і культурнага развіцця, вызначэнне новых магчымасцей, тэндэнцый і стратэгій у галіне індустрыі, абмен вопытам, пашырэнне сувязей, устанаўленне міжнародных кантактаў. Кантынгент удзельнікаў мерапрыемстваў сведчыць аб тым, што наша краіна становіцца ўсё больш прывабнай і зручнай пляцоўкай для правядзення дзелавых перамоў з прадстаўнікамі замежных кампаній па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, для арганізацыі навуковых мерапрыемстваў, тэатральных, музычных і іншых культурных форумаў і сустрэч. Пастаянна пашыраецца і геаграфія ўдзельнікаў міжнародных мерапрыемстваў.
Правядзенне навуковых семінараў, канферэнцый, сімпозіумаў і кангрэсаў – гэта магчымасць абмеркавання дасягнутых навуковых вынікаў падчас жывых зносін навукоўцаў і спецыялістаў, наладжванне непасрэдных кантактаў з мэтай абмену вопытам і далейшага развіцця супрацоўніцтва. Тэматыка навуковых мерапрыемстваў адлюстроўвае прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. Гэта – энергетыка, інфармацыйныя тэхналогіі і электроніка, медыцына і фармацыя, хімічны сінтэз і прадукты, біялагічныя сістэмы і тэхналогіі, аграпрамысловы комплекс і харчовая бяспека, экалогія і прыродакарыстанне і г.д.
У апошнія гады ў нашай краіне пачала развівацца івэнт-індустрыя. Яна становіцца ўсё больш прафесійнай, практыкуючы бізнэс-сустрэчы і дзелавыя перамовы ў фармаце В2В і В2С, уключаючы наведванне цікавых прадпрыемстваў. Назапашаны вопыт у гэтым кірунку сведчыць аб тым, што чым больш у нас адбываецца цікавых падзей міжнароднага маштабу, тым больш прывабнай краінай мы становімся для замежных спецыялістаў і аматараў падарожжаў. Адзначаецца станоўчая дынаміка ў сферы ўязнога турызму. Так, у 2017 г. Беларусь прыняла 4,3 млн замежных гасцей, у 2018 г. – 4,8 млн. Плануецца, што ў сувязі з правядзеннем у 2019 г. у Мінску II Еўрапейскіх гульняў колькасць замежных гасцей значна ўзрасце.
У каляндар найважнейшых мерапрыемстваў, які прадстаўлены на сайце, увайшлі навуковыя канферэнцыі, семінары, форумы, выставы-кірмашы, найбуйнейшыя культурныя акцыі і фестывалі, а таксама спартыўныя спаборніцтвы і чэмпіянаты міжнароднага ўзроўню, якія адбудуцца ў Рэспубліцы Беларусь у 2019 г.
Сардэчна запрашаем у Беларусь!