Закрыть
image description
Международный кинофестиваль «Лістапад». Минск. Фото с сайта фестиваля
Міжнародны кінафестываль «Лістапад». Мінск. Фота з сайта фестывалю
International Film Festival «Listapad». Minsk. Photos from the festival website
image description
На кинофестивале «Лістапад». Минск. Фото Е. Налецкой. Сайт фестиваля
На кінафестывалі «Лістапад». Мінск. Фота Я. Налецкай. Сайт фестывалю
At the film festival «Listapad». Minsk. Photo by E. Naletskaya. Festival website
image description
Международный кинофестиваль «Лістапад». Минск. Фото Г. Жинкова. БЕЛТА
Міжнародны кінафестываль «Лістапад». Мінск. Фота Г. Жынкова. БЕЛТА
International Film Festival «Listapad». Minsk. Photo by G. Zhinkov. BELTA
image description
Столичный кинотеатр «Москва». Фото Г. Жинкова. БЕЛТА
Сталічны кіінатэатр «Масква». Фота Г. Жынкова. БЕЛТА
Capital cinema «Moscow». Photo by G. Zhinkov. BELTA
image description
На кинофестивале «Лістапад». Минск. Фото Г. Жинкова. БЕЛТА
На кінафестывалі «Лістапад». Мінск. Фота Г. Жынкова. БЕЛТА
At the Listapad Film Festival. Minsk. Photo by G. Zhinkov. BELTA

Кінамастацтва

17 снежня адзначаецца Дзень беларускага кіно. Гэтая дата прымеркавана да стварэння ў 1924 г. Дзяржаўнага ўпраўлення па справах кінематаграфіі Беларусі (Белдзяржкіно), у адпаведнасці з рашэннем Савета Народных Камісараў БССР. Менавіта гэта падзея з’яўляецца пачаткам беларускай кінематаграфіі. Цэнтр вытворчай дзейнасці да 1939 г. знаходзіўся ў Ленінградзе. Першай ігравой карцінай, знятай на беларускім матэрыяле ў 1926 г., быў гісторыка-рэвалюцыйны фільм «Лясная быль» у пастаноўцы Ю. Тарыча.

У Мінск кінастудыя пераехала ў 1939 г., у 1946 г. яна атрымала сённяшнюю назву – «Беларусьфільм». У 1997 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі кінастудыі «Беларусьфільм» прысвоены статус нацыянальнай.

Значныя поспехі беларускага мастацкага і дакументальнага кіно звязаны з распрацоўкай тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны, якой прысвечаны фільмы «Канстанцін Заслонаў» (рэж. У. Корш-Саблін,А. Файнцімер, 1949), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (рэж. М. Фігуроўскі, 1958), «Праз могілкі» (рэж. В. Тураў, 1964) і інш. Важнае месца займалі таксама фільмы, прысвечаныя гістарычнаму мінуламу: «Чырвонае лісце» (рэж. У. Корш-Саблін, 1958), «Масква – Генуя» (рэж. У. Корш-Саблін, П. Арманд, А. Спешнеў, 1964), «Я, Францыск Скарына» (рэж. Б. Сцяпанаў, 1969).

Заўсёды карысталіся вялікім поспехам у кінаманаў фільмы, знятыя па сцэнарыях беларускіх пісьменнікаў: «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» (рэж. В. Тураў, 1981 і 1983) па дылогіі «Палеская хроніка» І. Мележа, «Альпійская балада» (рэж. Б. Сцяпанаў, 1965) і «Знак бяды» (рэж. М. Пташук, 1986) па аповесцях В. Быкава, «Дзікае паляванне караля Стаха» (рэж. В. Рубінчык, 1979) па аповесці У. Караткевіча, «Ідзі і глядзі» (рэж. Э. Клімаў, 1985) па аповесці А. Адамовіча, – гэтыя карціны ўваходзяць у залаты фонд беларускага кіно.

З канца 1980-х гг. беларускія кінематаграфісты імкнуцца больш глыбока асэнсаваць гістарычнае мінулае і складаныя працэсы сучаснасці, што знайшло адлюстраванне ў фільмах «Белыя росы» (рэж. І. Дабралюбаў, 1983), «Наш браняпоезд» і «Кааператыў "Палітбюро"» (рэж. М. Пташук, 1988 і 1992), «Аз аддам» (рэж. Б. Сцяпанаў, М. Касымава, Б. Шадурскі, 1993) і інш.

Надзвычай яркі след у беларускім кінематографе пакінулі фільмы для дзяцей і юнацтва: экранізацыя твораў А. Рыбакова «Корцік», «Бронзавая птушка» (рэж. М. Калінін, 1973 і 1974) і «Апошняе лета дзяцінства» (рэж. В. Рубінчык, 1974); мюзіклы па сюжэтах казак «Прыгоды Бураціна» і «Пра Чырвоную Шапачку» (рэж. Л. Нячаеў, 1975 і 1977); фільмы па матывах «Дзяніскіных аповедаў» В. Драгунскага «Па сакрэце па ўсім свеце» (рэж. І. Дабралюбаў, 1976), «Дзівосныя прыгоды Дзяніса Караблёва» (група рэжысёраў, 1979) і інш.

Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» сёння – адна з вядучых кінафабрык ва Усходняй Еўропе з поўным цыклам вытворчасці, здольная за год выпускаць да 15 ігравых, 40 хранікальна-дакументальных і 10 анімацыйных фільмаў. Паслугамі кінастудыі актыўна карыстаюцца і кінавытворцы іншых краін. Акрамя студыі ігравога кіно на «Беларусьфільме» дзейнічае студыя дакументальнага кіно «Летапіс», а таксама студыя анімацыйных фільмаў. З 1980 г. працуе Тэатр-студыя кінаакцёра, трупа якога першапачаткова складалася з акцёрскага штата кінастудыі «Беларусьфільм».

На працягу 1989–2013 гг. вытворчасцю кароткаметражных фільмаў займалася дзяржаўная арганізацыя «Белвідэацэнтр», якая пазней увайшла ў склад кінастудыі «Беларусьфільм».

У верасні 2019 г. пры студыі «Беларусьфільм» быў створаны кінаклуб, у рамках якога ладзяцца творчыя сустречы з кінематаграфістамі (сцэнарыстамі, рэжысёрамі, аператарамі, акцёрамі), а таксама паказы мастацкіх і дакументальных стужак (у тым ліку перадпрэм'ерныя) і прэзентацыі кінапраектаў.

Прававое рэгуляванне ў галіне кінематаграфіі накіравана на стварэнне ўмоў для развіцця канкурэнтаздольнай беларускай кінематаграфіі, якая забяспечвае вытворчасць, паказ і распаўсюджванне айчынных фільмаў высокага мастацкага ўзроўню, у тым ліку ўдасканаленне парадку расходавання сродкаў рэспубліканскага бюджэту, што выдзяляюцца на кінематаграфію.

З 1 студзеня 2012 г. у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта любая кінастудыя, незалежна ад формы ўласнасці, зарэгістраваная на тэрыторыі Беларусі, мае права звярнуцца за дзяржпадтрымкай. Новаўвядзенне накіравана на павышэнне мастацкага ўзроўню беларускіх фільмаў за кошт стварэння эканамічнай і творчай канкурэнцыі.

Сучасны этап развіцця індустрыі кіно вызначаюць Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2021-2025 гады і Указ Прэзідэнта "Аб развіцці кінематаграфіі" ад 16 красавіка 2021 г. Пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь дзейнічае Савет па развіццю кінематаграфіі.

У рамках Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў–удзельніц СНД дзейнічае Рабочая група па кінематаграфіі, створаная ў 2011 г. з мэтай практычнай рэалізацыі двух пагадненняў – аб супрацоўніцтве ў галіне кінематаграфіі і аб сумеснай фільмавытворчасці.

У верасні 2019 г. на кінастудыі «Беларусьфільм» упершыню сабраўся Савет дырэктараў кінастудый краін СНД і Грузіі. Прадстаўнікі шасці кінастудый падпісалі пагадненне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве, што прадугледжвае стварэнне сумесных кінапраектаў. У кастрычніку 2019 г. беларуская нацыянальная кінастудыя правяла Тыдзень кінасяброўства краін СНД і Грузіі, падчас якога можна было азнаёміцца з працамі дзяржаўных кінастудый «Беларусьфільм», «Узбекфільм», «Грузія-фільм», «Казахфільм», «Кыргызфільм», «Таджыкфільм».

У лістападзе 2021 г. прадстаўнікі кінастудый краін СНД (Арменіі, Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, Туркменістана) і Грузіі падпісалі ў Мінску Пагадненне аб супрацоўніцтве, у выніку якога чакаецца пашырэнне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы кіно.

Майстэрства айчынных кінематаграфістаў у розныя часы высока ацэньвалася на міжнародных кінафестывалях. Першы савецкі містычны трылер «Дзікае паляванне караля Стаха» (рэж. В. Рубінчык, 1979) быў адзначаны адразу на некалькіх кінафорумах. Мастацкі фільм «Людзі на балоце» (рэж. В. Тураў, 1981) сярод іншых мае і прыз журы XXIII Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах (ЧССР, 1982) акцёрскаму ансамблю. Сацыяльная драма пра наркаманаў «Пад небам блакітным...» (рэж. В. Дудзін, 1989) у 1990 г. на 47-м Міжнародным кінафестывалі ў Венецыі (Італія) сабраў адразу некалькі ганаровых узнагарод. Ваенная драма класіка айчыннага кіно рэжысёра В. Турава «Праз могілкі» ў 1994 г. рашэннем ЮНЕСКА была ўнесена ў спіс 100 лепшых фільмаў свету.

За апошнія гады ўзнагарод розных кінафестываляў былі ўдастоены створаныя ў Беларусі фільмы «Анастасія Слуцкая» (рэж. Ю. Ялхоў, 2003), «Павадыр» і «Дунечка» (рэж. А. Яфрэмаў, 2001 і 2005), «У жніўні 44-га» (рэж. М. Пташук, 2000), «Брэсцкая крэпасць» (рэж. А. Кот, 2010), «У тумане» (рэж. С. Лазніца, 2012), «Вышэй за неба» (рэж. Д. Марынін, 2012), «Беларускі псіхапат» (рэж. М. Лаўрэцкі, 2015), «Граф у апельсінах» (рэж. В. Сянькова, 2015), «Каханне і партнёрства» (рэж. Н. Лаўрэцкі, 2016), «Крышталь» (рэж. Д. Жук, 2018), «Заўтра» (рэж. Ю. Шатун, 2018), «Абход» (рэж. В. Аслюк, 2019), «Summa» (рэж. А. Куціла, 2019).

Сфарміравана сістэма міжнародных і рэспубліканскіх кінафестываляў, што праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь. Найбуйнейшым кінафорумам краіны лічыцца Мінскі міжнародны кінафестываль «Лiстапад». У яго праграме значацца толькі лепшыя мастацкія, дакументальныя і анімацыйныя фільмы – прызёры міжнародных кінафестываляў краін СНД, Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. У межах форума ладзіцца конкурс поўнаметражных ігравых і анімацыйных фільмаў для дзяцей і юнацтва «Лістападзік», а таксама Нацыянальны конкурс, мэтай якога з’яўляецца падтрымка беларускіх кінематаграфістаў.

Сярод іншых кінафестываляў, якія праходзяць у Беларусі, можно адзначыць Мінскі міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў «Кіназмена», Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» (Магілёў), Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» (Мінск, Глыбокае), Мінскі міжнародны фестываль лічбавага мастацтва «Terra Nova», Нацыянальны фестываль беларускіх фільмаў (Брэст), Фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Евразия.DOC» (Мінск, Смаленск), Рэспубліканскі адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча "Я здымаю кіно"  (Полацк), Мінскі міжнародны фестываль поўнакупальных фільмаў у Беларусі.

У 2018 г. упершыню быў праведзены Рэспубліканскі конкурс «Нацыянальная кінапрэмія Беларусі». Арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», Беларускі саюз кінематаграфiстаў, Беларуская гільдыя акцёраў кіно. У конкурсе прымалі ўдзел фільмы, створаныя альбо спрадзюсіраваныя рэзідэнтамі Беларусі.

У 2019 г. з мэтай стварэння пазітыўнага вобраза Беларусі і адбору высокамастацкіх сцэнарыяў, а таксама для выяўлення і падтрымкі таленавітых аўтараў, па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» быў праведзены адкрыты Рэспубліканскі конкурс сцэнарыяў поўнаметражных ігравых фільмаў «Мая Беларусь» (па намінацыях «Жыццё сучаснай Беларусі», «Легенды спорта» і «Таямніцы чалавечых адносінаў»).

Вялікую работу па развіцці нацыянальнага кінамастацтва праводзіць Беларускі саюз кінематаграфістаў, створаны ў 1962 г.

З лістапада 1989 г. існуе Грамадскае аб’яднанне «Беларуская гільдыя акцёраў кіно» (ГА «БГАК»). Гэты рэспубліканскі творчы саюз быў створаны акцёрамі, якія працуюць у галіне кіна-, тэле-, відэавытворчасці з мэтай садзейнічання прафесійнай дзейнасці сваіх членаў, а таксама для абароны іх правоў і законных інтарэсаў. Аб’яднанне з’яўляецца правапераемнікам «Гільдыі кінаакцёраў Беларусі» (ГКБ) – аддзялення Усесаюзнай Гільдыі акцёраў савецкага кіно. З 1994 г. Аб’яднанне ўваходзіць ў склад Міжнароднай федэрацыі акцёраў FIA (lnternational federation of actors).

У 1957 г. быў заснаваны часопіс  «На экранах». На яго старонках асвятляюцца пытанні айчыннага і замежнага кіно, класіка і прэм'еры, конкурсы і фестывалі. У прыярытэце – беларускі кінематограф. Выданне з'яўляецца інфармацыйным партнёрам кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама летапісцам Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лiстапад».

У 1976 г. да 50-годдзя выхаду першага беларускага фільма «Лясная быль» Ю. Тарыча быў створаны і адкрыты Музей гісторыі беларускага кіно. У 2005 г. музей стаў філіялам «Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь»; з верасня 2014 – філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Тут сабраныя дакументы і матэрыялы па гісторыі беларускага кіно, ладзяцца экскурсіі, выставы і паказы айчыннай і замежнай кінакласікі на аснове музейнага відэафонда.

У 1941 г. быў створаны Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Значную частку яго дакументаў складаюць кінадакументы: мастацкія, анімацыйныя, навукова-папулярныя, навучальныя і дакументальныя фільмы, кінанарысы, альманахі і кіначасопісы, у тым ліку перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Асноўнымі крыніцамі камплектавання фондаў архіва з'яўляюцца Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" і Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь.

У красавіку 2010 г. у структуры ўстановы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў» быў створаны факультэт экранных мастацтваў, галоўнай задачай якога з’яўляецца забеспячэнне падрыхтоўкі спецыялістаў-прафесіяналаў найвышэйшага ўзроўня, якія адпавядаюць патрабаванням, што прад’яўляюць сучаснае кіно, радыё і тэлебачанне.

На афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь маецца доступ да інфармацыйнага рэсурсу «Дзяржаўны рэгістр фільмаў», які ўтрымлівае ўсе звесткі аб узроставых абмежаваннях, забароне на распаўсюджванне той ці іншай кінастужкі. Рэгістр складаецца з трох раздзелаў: 1) анімацыйныя і мастацкія кіна- і відэафільмы вытворчасці беларускіх студый; 2) дакументальныя кіна- і відэафільмы, сацыяльныя і рэкламныя ролікі вытворчасці беларускіх студый; 3) кіна- і відэафільмы замежнай вытворчасці. 

Кінаабслугоўваннем насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, дэманстрацыяй твораў айчыннага і сусветнага кінамастацтва, а таксама папулярызацыяй кіно (у тым ліку нацыянальнага) праз арганізацыю розных кінамерапрыемстваў (тэматычных паказаў, прэзентацый, фестываляў) займаюцца ўнітарныя прадпрыемствы «Кінавідэапраката»: «Брэстаблкінавідэапракат», «Кінавідэапракат» Віцебскага аблвыканкама, «Гомелькінавідэапракат», «Гроднааблкінавідэапракат», «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, «Мінаблкінавідэапракат», Магілёўскі абласны «Кінавідэапракат».

Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы

"Аб развіцці кінематаграфіі", Указ Прэзідэнта ад 16 красавіка 2021 г.

Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

«Брэстаблкінавідэапракат»

«Гомелькінавідэапракат» 

«Гроднааблкінавідэапракат» 

«Кінавідэапракат» Магілёва

«Кінавідэапракат» Віцебскага аблвыканкама 

«Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама

Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка»

«Мінаблкінавідэапракат»

Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад»  

Мінскі міжнародны фестываль поўнакупальных фільмаў у Беларусі

Музей гісторыі беларускага кіно 

Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (Белтэлерадыёкампаніія)

Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм»

Рэпертуар поўнакупальных (сферычных) фільмаў

Рэспубліканскі адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча "Я здымаю кіно", Полацк

Тэатр-студыя кінаакцёра

Фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC» 

Часопіс «На экранах»