Культура і мастацтва
Беларускі народ за сваё шматвяковае мінулае стварыў самабытную культуру, якая з'яўляецца неад'емнай часткай славянскай і агульначалавечай культурнай прасторы.
Працэс фарміравання агульнанацыянальнай культуры Беларусі бярэ пачатак у перыяд існавання Старажытнарускай дзяржавы (IX – перш. палова XIII ст.). У рамках гэтай дзяржавы склалася матэрыяльная і духоўная культура, якая пазней стала асновай беларускай, рускай і ўкраінскай культур. У гэтым выявілася найважнейшая асаблівасць фарміравання агульнанацыянальнай культуры Беларусі: славянская традыцыя крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў цесна перапляталася з культурай балтаў і фіна-угорскіх плямёнаў, якія жылі тут да прыходу славян. За гэты час беларусы прайшлі шлях ад паганства да хрысціянства, ад адсутнасці пісьменства да з′яўлення рукапісных кніг, ад прымітыўнай бытавой архітэктуры да стварэння велічных храмаў, палацаў і замкаў, што ўвайшлі ў скарбніцу сусветнай культуры. Прыняцце хрысціянства абумовіла развіццё ў Беларусі адукацыі, выяўленчага мастацтва, архітэктуры, мастацкай літаратуры.
Набыццё рэспублікай дзяржаўнага суверэнітэту абумовіла новы этап у развіцці нацыянальнай культуры. Яго асаблівасцямі сталі: пашырэнне форм і жанраў развіцця культуры, нацыянальна-культурнае адраджэнне, вяртанне айчыннай гістарычнай спадчыны.
Культурнае жыццё Беларусі разнастайнае і дынамічнае. Класічныя творы беларускага музычнага і драматычнага мастацтва гучаць і дэманструюцца ў канцэртных залах і тэатрах краіны. Арганізуюцца мастацкія выстаўкі, музычныя, тэатральныя і кінематаграфічныя фестывалі.
Сучасны культурны працэс у Рэспубліцы Беларусь засноўваецца на дасягненнях папярэдніх этапаў развіцця і характарызуецца ўдасканаленнем дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры праз укараненне новых эканамічных і арганізацыйна-прававых механізмаў, інфармацыйную і фінансавую падтрымку арганізацый культуры, устаноў адукацыі ў сферы культуры, калектываў мастацкай творчасці, творчых саюзаў, дзеячаў культуры і мастацтва.
У Беларусі працуюць каля 30 прафесійных тэатраў, больш за 50 музычных і харэаграфічных калектываў, больш за 150 музеяў, 2,5 тыс. бібліятэк (у сістэме Міністэрства культуры), больш за 2,6 тыс. клубных устаноў, каля 420 музычных школ, больш за 10 паркаў культуры і адпачынку, 2 цыркі. У дзяржаўнай кінасетцы дзейнічаюць больш за 80 стацыянарных кінатэатраў, працуюць больш за 140 мабільных відэапраекцыйных установак. 3 вышэйшыя навучальныя ўстановы і больш за 15 каледжаў ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў для сферы культуры і мастацтва.
У краіне створаны ўнікальныя кампазітарскія і выканальніцкія школы. Канцэртную дзейнасць ажыццяўляюць каля 20 дзяржаўных канцэртных арганізацый.
У Беларусі дзейнічаюць больш за 10 творчых саюзаў, якія аб'ядноўваюць каля 9 тыс. творцаў краіны.
Рэалізаваны Дзяржаўныя праграмы “Культура Беларусі” на 2011–2015 гады; “Культура Беларусі” на 2016–2020 гады; праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012–2015 гады; праграма супрацоўніцтва з беларусамі замежжа “Беларусы ў свеце” на 2013–2015 гады; дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі” на 2012–2018 гады. Дзейнічае Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, прыняты ў 2016 г.; Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады. Згодна з Праграмай, працягваецца фарміраванне лічбавага культурнага кантэнту, стварэнне электронных каталогаў гісторыка-культурных і прыродных помнікаў Рэспублікі Беларусь, алічбоўка фондаў музеяў, бібліятэк, кінафонду, аб'ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
У Беларусі створаны дзяржаўны інфармацыйны рэсурс “Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь”, які ўяўляе сабой сістэматызаваны збор звестак аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, узятых пад ахову дзяржавай і ўключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Рэсурс змяшчае поўную навукова-праектную дакументацыю аб аб’ектах гісторыка-культурных каштоўнасцей, інфармацыю аб выдавецкіх i іншых матэрыялах, якія адносяцца да гісторыка-культурнай спадчыны.
Культурнае і мастацкае жыццё краіны адлюстроўваецца на старонках перыядычных выданняў: газеты «Літаратура і мастацтва» (выдаецца на беларускай мове з 1932 г.) і «Культура» (выдаецца таксама на беларускай мове з 1991 г.); часопіс «Мастацтва» (з 1983 па 1991 гг. выходзіў пад назвай «Мастацтва Беларусі», на беларускай мове). Заснавальнікам газеты «Культура» і часопіса «Мастацтва» з'яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
"Культура", газета
"Літаратура і мастацтва", газета
"Мастацтва", часопіс
Беларускі саюз музычных дзеячаў
Беларускі саюз тэатральных дзеячаў
Беларускае грамадскае аб'яднанне фатографаў
Навучальныя ўстановы
Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў
Баранавіцкі дзяржаўны мастацкі каледж
Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Р. Шырмы
Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў
Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І.І. Салярцінскага
Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка
Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага
Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж
Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў
Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў