Прававая сістэма Рэспублікі Беларусь
Прававая сістэма Рэспублікі Беларусь гістарычна фарміравалася ва ўмовах прававой культуры кантынентальнай Еўропы. Яна адносіцца да так званай сям′і рамана-германскага права, якая характарызуецца даволі дакладнай структураванасцю самога права, дзяленнем яго на галіны і інстытуты. Вызначальную ролю ў прававой сістэме краіны іграе сістэма права. На сучасны момант сістэма права Рэспублікі Беларусь складаецца з наступных асноўных галін:
1. Канстытуцыйнае права. Яго нормы рэгулююць асновы дзяржаўнага ладу краіны, амацоўваюць асноўныя правы і абавязкі грамадзян, вызначаюць парадак фарміравання і дзейнасці органаў улады і кіравання, устанаўліваюць сістэму правасуддзя. Асноўнай крыніцай канстытуцыйнага права з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая мае вышэйшую юрыдычную сілу. У выпадку разыходжання іншых нарматыўных прававых актаў з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя.
2. Грамадзянскае права. Галіна права, якая рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны. Грамадзянскія праваадносіны рэгулююцца нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь і іншымі адпаведнымі гэтым заканадаўчым актам нарматыўнымі прававымі актамі.
3. Адміністрацыйнае права. Нормамі гэтай галіны права рэгулююцца адносіны, якія ўзнікаюць паміж органамі кіравання, а таксама адносіны паміж органамі кіравання і грамадзянамі. Змяшчаюцца нормы адміністрацыйнага права галоўным чынам у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама ў іншых законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановах Урада Рэспублікі Беларусь, актах міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і іншых органаў.
4. Крымінальнае права. Устанаўлівае, якія дзеянні людзей з’яўляюцца злачынствамі і якім пакаранням падвяргаюцца асобы, што іх здзейснілі. Адзінай крыніцай крымінальнага права з’яўляецца Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, які асноўваецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права.
5. Працоўнае права. Рэгулюе адносіны паміж работнікамі і наймальнікамі. Гэтыя адносіны рэгулююцца як дзяржавай, так і пагадненнем бакоў. Асноўнымі крыніцамі працоўнага права з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь і іншыя заканадаўчыя і падзаконныя нарматыўныя акты.
6. Сямейнае права. Вызначае парадак уступлення ў шлюб і яго спынення, рэгулюе асабістыя і маёмасныя адносіны мужа і жонкі і іншых членаў сям’і, адносіны ўсынаўлення, апекі, папячыцельства, устанаўлівае парадак рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і інш. Нормы сямейнага права змяшчаюцца ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям′і і іншых актах заканадаўства.
7. Зямельнае права – сістэма прававых норм, якія рэгулююць адносіны, што складваюцца пры кіраванні зямельнымі рэсурсамі з мэтай забеспячэння рацыянальнага выкарыстання зямель і іх аховы. Зямельныя адносіны рэгулююцца адпаведнымі нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб зямлі, іншымі заканадаўчымі і падзаконнымі актамі.
8. Фінансавае права. Рэгулюе адносіны ў сферы акумуляцыі, размеркавання і выкарыстання дзяржаўных грашовых сродкаў. Нормы фінансавага права змяшчаюцца ў артыкулах раздзела VII Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Банкаўскім кодэксе Рэспублікі Беларусь, Падатковым кодэксе Рэспублікі Беларусь, у законах аб рэспубліканскім бюджэце, падатках і зборах, у дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановах Урада Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і інш.
9. Крымінальна-выканаўчае права. Рэгулюе парадак і ўмовы адбывання крымінальнага пакарання, прызначанага судом, і дзейнасць органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць пакаранне. Асноўным актам, які змяшчае нормы крымінальна-выканаўчага права, з’яўляецца Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь.
10. Крымінальна-працэсуальнае права – гэта сістэма прававых норм, якія вызначаюць парадак правядзення работы па крымінальных справах. Імі рэгулюецца дзейнасць органаў дазнання, папярэдняга расследавання, пракуратуры, суда па распачынанні, расследаванні і разглядзе крымінальных спраў, прававы стан удзельнікаў крымінальнага працэсу, парадак збору і ацэнкі доказаў, вынясення прыгавораў, іх абскарджання і да т.п. Прававым актам, які змяшчае нормы крымінальна-працэсуальнага права, з’яўляецца Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь
11. Грамадзянска-працэсуальнае права – галіна права, якая рэгулюе парадак судаводства па грамадзянскіх, сямейных, працоўных і некаторых іншых справах. Крыніцамі грамадзянска-працэсуальнага права з’яўляюцца Грамадзянскі працэсуальны Кодэкс Рэспублікі Беларусь і Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь .
Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы
Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў