Міншчына
Жыхары двойчы ардэнаноснай Мінскай вобласці ўдзяляюць вялікую ўвагу вывучэнню роднага краю, яго добраўпарадкаванню. Актыўна працуючы ў арганізацыях, на прадпрыемствах, на сельскагаспадарчых угоддзях яны ўносяць важкі ўклад у падтрымку і развіццё патэнцыялу вобласці.
Землі Міншчыны маюць складаную і багатую падзеямі гісторыю. На яе працягу яны не раз далучаліся да розных дзяржаў. Так, з пачатку X ст. тэрыторыя сённяшняй Мінскай вобласці ўваходзіла ў склад Старажытнарускай дзяржавы, затым Полацкага княства, пазней – Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Пасля аб'яднання ВКЛ і зямель Кароны Польскай вобласць стала часткай Рэчы Паспалітай. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) тэрыторыя вобласці была далучана да Расіі ў складзе Мінскай губерні. Пасля грамадзянскай вайны заходняя частка вобласці ўвайшла ў склад Польшчы, а ўсходняя – Савецкай Беларусі (1921 г.).
Як асобная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Мінская вобласць была ўтворана ў 1938 г. на падставе Закона СССР ад 1938/01/15 «Аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР». Сёння яна знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Рэспублікі Беларусь і мяжуе з усімі астатнімі яе абласцямі. З-за свайго размяшчэння вобласць адзіная з усіх не мае выхаду да дзяржаўнай мяжы. З улікам Мінска ў ёй самая працяглая ў рэспубліцы сетка аўтамабільных дарог агульнага карыстання (23,3 тыс. км).
Плошча вобласці складае 39,854 тыс. км². Яе найбольшая працягласць – 315 км (з поўначы на поўдзень). Самай высокай кропкай не толькі вобласці, але і ўсёй краіны з'яўляецца Дзяржынская гара (345 м над узроўнем мора). Міншчына займае другое месца ў рэспубліцы па колькасці вадаёмаў. Самымі буйнымі рэкамі лічацца Нёман, Бярэзіна і Вілія, сярод 60 азёр – возера Нарач (плошча 80 км²). 38,4 % тэрыторыі вобласці пакрыта лясамі. Найбольш лясістымі з'яўляюцца Бярэзінскі, Барысаўскі, Крупскі і Старадарожскі раёны, найменш – Нясвіжскі. Нетры вобласці багатыя карыснымі выкапнямі: калійнымі і каменнымі солямі, торфам, сапрапелямі, пясчана-жвіровымі матэрыяламі, мінеральнымі водамі і інш. Разведаны радовішчы жалезнай руды і гаручых сланцаў.
Клімат у Мінскай вобласці ўмерана-кантынентальны. У студзені сярэдняя тэмпература не перавышае мінус 7 ° C, у ліпені – плюс 18 ° C.
Адміністрацыйнае дзяленне Мінскай вобласці прадстаўлена 22 раёнамі, 24 гарадамі, 18 пасёлкамі гарадскога тыпу, 5207 сельскімі населенымі пунктамі, 222 пасялковымі і сельскімі выканаўчымі камітэтамі. Адміністрацыйным цэнтрам вобласці з'яўляецца Мінск. Аднак ён не ўваходзіць у яе склад, бо мае статус асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
Сучасная Міншчына – буйнейшы рэгіён Беларусі з высокаразвітым прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам. Прадпрыемствы прамысловасці вырабляюць звыш 19% рэспубліканскага аб'ёму прадукцыі і пастаўляюць свае тавары на рынкі 152 краін свету. Вядучае месца належыць хімічнай вытворчасці, якая займае больш за 20% абласнога аб'ёму. Найбуйнейшым прадпрыемствам хімічнай і нафтахімічнай галіны з'яўляецца "Беларуськалій". Развіта таксама фармацэўтычная прамысловасць («Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў», «Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў», «Фармлэнд, «Лекфарм»), вытворчасць бытавой касметыкі. У вобласці вырабляецца асноўная частка пэстыцыдаў (24 тыс. тон з 28,7 тыс. тон у краіне).
Машынабудаўнічы комплекс прадстаўлены прадпрыемствамі, доля якіх перавышае 19% ад агульнай колькасці ў вобласці. Сярод іх лідыруе «Беларускі аўтамабільны завод». Прадпрыемствы комплексу пастаянна асвойваюць вытворчасць новых відаў экспартаарыентаванай прадукцыі, павышаюць яе якасць.
Шырока вядомы ў Рэспубліцы Беларусь тэкстыльныя і швейныя вырабы. Вялікі ўклад у вытворчасць гэтай прадукцыі ўносяць прадпрыемствы: «Cвiтанак», «Купалінка», «Калінка», «Марк Фармэль», «Смілавіцкая валяльна-лямцавая фабрыка», «Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне», «Маттиоли» і інш.
Сельскагаспадарчыя арганізацыі займаюць 21 % плошчы сельскагаспадарчых зямель рэспублікі. Вобласць спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса, збожжа, бульбы, цукровых буракоў, гародніны і штогод вырабляе больш за чвэрць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі рэспублікі. Сярод лідэраў харчовай галіны – «Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат» і «Гарадзейскі цукровы камбінат», а таксама прадпрыемствы, якія вырабляюць хлебабулачныя, мясныя вырабы, сыры і іншыя прадукты.
Гісторыка-культурная спадчына Мінскай вобласці адлюстроўвае жыццё насельніцтва рэгіёну розных эпох – ад глыбокай старажытнасці да нашага часу. На яе землях захаваліся каштоўныя самабытныя помнікі гісторыі і культуры, якія сведчаць аб майстэрстве і таленце іх стваральнікаў. Многія з культурных аб'ектаў складаюць неад'емную частку сусветнай культурнай спадчыны. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 663 матэрыяльныя нерухомыя аб'екты, размешчаныя на тэрыторыі Мінскай вобласці. Сярод іх памятныя мясціны; помнікі, звязаныя з развіццём навукі, культуры, мастацтва, вайскоўцамі і рэвалюцыйнымі падзеямі; стаянкі, гарадзішчы, курганы, магільнікі; помнікі архітэктуры; запаведныя мясціны. У вобласці знаходзіцца больш за 20 музеяў: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе», Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь», Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей і інш. У межах вобласці размешчаны частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, якому прысвоены статус міжнароднага, прыродны нацыянальны парк «Нарачанскі» і шэраг асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага значэння. Усё гэта садзейнічае развіццю турыстычных паслуг. У вобласці распрацаваны і дзейнічаюць шматлікія турыстычна-экскурсійныя маршруты, якія ўключаюць знаёмства з гісторыка-культурнымі аб'ектамі і ўнікальнай прыродай вобласці.
Захаванню гісторыка-культурнай спадчыны сваёй малой радзімы спрыяе дзейнасць устаноў культуры, адукацыі, вядомых краязнаўцаў, падчас якой ствараюцца розныя інфармацыйныя прадукты. Напрыклад, многае робіцца публічнымі бібліятэкамі, якія як складнікі тэрытарыяльнай інфраструктуры выконваюць важную місію ў сістэме краязнаўства. На працягу многіх гадоў яны займаюцца зборам дакументаў, назапашваннем і распаўсюджваннем звестак па гісторыі і сучаснасці Міншчыны на розных носьбітах. Сабраная шырокая бібліяграфічная і фактаграфічная краязнаўчая інфармацыя адлюстравана ў бібліятэчных каталогах, падрыхтаваных выданнях, падборках публікацый у СМІ, а таксама ў выглядзе краязнаўчых электронных інфармацыйных рэсурсаў (ЭІР). Каштоўным для карыстальнікаў з'яўляецца арганізацыя аддаленага доступу да гэтых ЭІР праз прадстаўленне на сайтах бібліятэк.
Спасылкі на краязнаўчыя рэсурсы бібліятэк вобласцi
Пісьменнікі-землякі Салігоршчыны
Знакамітыя людзі Маладзечанскага краю
Iнфармацыя пра iншыя краязнаўчыя рэсурсы прадстаўлена на сайце Зводнага электроннага каталога бiблiятэк Мiнскай вобласцi ў раздзеле Краязнаўчыя базы даных
Iнтэрнэт-рэсурсы арганiзацый i ўстаноў Miнскай вобласцi
Мінскі абласны выканаўчы камітэт
Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці
Мінскі абласны драматычны тэатр
Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі
Мінскі абласны краязнаўчы музей
Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці