Магілеўшчына
Магілёўская вобласць – адна з шасці абласцей сучаснай Беларусі. Гэтыя землі людзі абжывалі яшчэ ў каменным веку. Ужо ў нашу эру тут сяліліся балтыйскія і славянскія плямёны, а гарады и паселішчы, якія ўзніклі, уваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі.
Магілёўская вобласць у складзе БССР была створана ў 1938 г. У выніку адміністрацыйных рэформаў 1944 г. i 1960-х гг. межы вобласці некалькі разоў мяняліся. Сёння ў яе складзе 21 раён.
У час гітлераўскай акупацыі на тэрыторыі вобласці дзейнічалі партызанскія атрады і партызанскія зоны, дзе была адноўлена савецкая ўлада. Найбольш вядомая зона – Клічаўская, якая налічвала больш за 18 тыс. партызан. У самім Магілёве дзейнічала падпольная арганізацыя «Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі». У гады Вялікай Айчыннай вайны вобласць панесла незаменныя людскія страты. Аднаўленне народнай гаспадаркі запатрабавала ад жыхароў Прыдняпроўскага краю велізарных сіл. І толькі к канцу чацвёртай пяцігодкі (1946–1950 гг.) народная гаспадарка па асноўных паказчыках было адноўлена.
Сучасная Магілёўшчына валодае значным шматгаліновым прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам. На долю Прыдняпроўскага краю прыпадае прыкладна дзясятая частка аб'ёмаў прамысловай і каля 15% сельскагаспадарчай вытворчасці краіны. Штогод больш за палову ўсёй вырабленай у Магілёўскай вобласці прадукцыі пастаўляецца на экспарт.
У структуры прамысловасці вядучыя пазіцыі займаюць хімічная галіна, машынабудаванне, лёгкая і харчовая прамысловасць. У спісе найбуйнейшых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці – «Магілёўхімвалакно», «Белшына», «Чырвоны харчавік», «Магатэкс», холдынг Магілёўская малочная кампанія «Бабуліна крынка», адна з буйнейшых у СНД абутковая фабрыка Shagovita, «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання», вытворца тэкстыльнай прадукцыі «Стужка», «Сервалюкс», «Бабруйскаграмаш», «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў», «Джакей пластык», прадпрыемства дрэваапрацоўкі «ФанДОК» і інш. За апошнія гады ў рэгіёне створаны шэраг новых прадпрыемстваў, найбольш значныя з якіх «Тэхналіт», «Магілёўскі завод палімерных труб».
Паспяхова развіваецца аграрны сектар эканомікі. На працягу апошніх гадоў у галіне намалочвалі больш за мільён тон збожжавых культур, развіваюцца буйныя інтэграцыйныя фарміраванні, якія аб'ядноўваюць вытворчасць сельскагаспадарчай сыравіны, перапрацоўку і збыт канчатковай прадукцыі. Станоўчымі прыкладамі такой формы працы могуць служыць прадпрыемствы: «Александрыйскае», «Агракамбінат «Зара», холдынг «Купалаўскае». У выніку рэалізацыі прынятай Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на Магілёўшчыне было добраўпарадкавана каля 200 аграгарадкоў.
У 2002 г. створана свабодная эканамічная зона «Магілёў». Перавагу рэалізацыі тут інвестыцыйных праектаў па заслугах ацанілі рэзідэнты, у ліку якіх прадпрыемствы, створаныя буйнымі кампаніямі з сусветным імем.
Транспартная інфраструктура Магілёўскай вобласці прадстаўлена шырокай сеткай аўтамабільных, жалезных, паветраных дарог. Міжнародны аэрапорт «Магілёў», які знаходзіцца ў 17 км ад горада, забяспечвае грузаперавозкі і пасажырскія чартарныя рэйсы ў Егіпет, Турцыю, Балгарыю. Для перавозкі грузаў выкарыстоўваюцца філіялы «Беларускае рачное параходства» – «Рачны порт Магілёў» на рацэ Днепр і «Рачны порт Бабруйск» на рацэ Бярэзіна.
Развіццё краю забяспечвае і разгалінаваная сетка ўстаноў адукацыі, якая ўключае ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі дзяцей і моладзі. У вобласці знаходзяцца ўстановы вышэйшай адукацыі: Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій, Магілёўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь.
Магілёўская вобласць – найбуйнейшы культурны рэгіён рэспублікі, які валодае вялікім турыстычным патэнцыялам. У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь больш за тысячу матэрыяльных нерухомых аб'ектаў Магілёўскай вобласці, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, трынаццаць аб'ектаў – статус духоўнай нематэрыяльнай каштоўнасці. Архітэктурнымі жамчужынамі з'яўляюцца Ратуша, Сабор Трох Свяціцеляў, Сабор Успення Дзевы Марыі і Святога Станіслава ў Магілёве, Палац Пацёмкіна ў Крычаве, Крэпасць часоў Айчыннай вайны 1812 года ў Бабруйску. Адзін з самых вядомых турыстычных аб'ектаў – Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», прысвечаны абароне Магілёва ў гады Вялікай Айчыннай вайны
Сярод помнікаў прыроды – Магілёўскі Заасад, Гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Заазер'е» у Бялыніцкім раёне, унікальны па эстэтычнай і прыроднай каштоўнасці Дубоўскі каскад азёр у Бабруйскім раёне, Палыкавіцкая крыніца ў Магілёве. У Быхаўскім раёне размешчана Чыгірынскае вадасховішча – месца заняткаў вяслярным, водна-маторным і іншымі відамі спорту, папулярнае месца рыбалкі; Каскад крыніц «Захаранкі», а таксама 300-гадовы дуб і 150–160-гадовыя сосны.
Захавальнікамі гісторыі і культуры Магілёўшчыны з'яўляюцца музеі: Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава, Мастацкі музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі – філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музей гісторыі горада Магілёва.
Радуе сваіх гледачоў Магілёўскі абласны драматычны тэатр, які працягвае тэатральныя традыцыі Магілёва, закладзеныя яшчэ ў XVII ст. Рэпертуар Магілёўскага абласнога тэатра лялек складаюць пастаноўкі для дзяцей і дарослых, створаныя па творах класікаў і сучасных драматургаў. У Бабруйску дзейнічае Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча.
Магілёўская абласная філармонія аб'ядноўвае высокапрафесійных вакалістаў, інструменталістаў, многія з якіх з'яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі прэстыжных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў. Філармонія штогод праводзіць больш за тысячу канцэртаў у канцэртных залах вобласці, Рэспублікі Беларусь і далёка за яе межамі, праводзіць рэспубліканскія і міжнародныя фестывалі.
Візітнымі карткамі вобласці сталі многія яркія фэсты, у ліку якіх – «Залаты шлягер», Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.art.контакт», фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы», дзіцячы фестываль «Залатая пчолка», фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка», пленэр «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве» і інш.
Асаблівы гонар краю – яго людзі. Больш за сто ўраджэнцаў Магілёўскай вобласці сталі Героямі Савецкага Саюза. Палкоўнік Гусакоўскі, палкоўнік Шутаў, палкоўнік Якубоўскі двойчы ўдастоены гэтага высокага звання. За працоўныя дасягненні таксама больш за сто перадавікоў вытворчасці атрымалі званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Магілёўшчына стала радзімай для многіх таленавітых празаікаў і паэтаў: Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Альгерда Абуховіча, Максіма Гарэцкага, Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Аляксея Пысіна і інш.
Слаўныя старонкі ў спартыўнае жыццё краіны ўпісалі спартсмены – ураджэнцы Магілёўшчыны, якія ў розныя гады сталі чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпіяд. У іх ліку Святлана Баітава (гімнастыка), Аляксандр Масяйкоў, браты Андрэй і Аляксандр Багдановічы (веславанне на байдарках і каноэ), Аксана Мянькова (лёгкая атлетыка), Андрэй Рыбакоў (цяжкая атлетыка), Сяргей Новікаў (біятлон).
Падрыхтоўка спартсменаў вядзецца ў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах. У вобласці дзейнічаюць фізкультурна-спартыўныя клубы і цэнтры фізкультурна-аздараўленчай работы, у тым ліку, хакейны клуб «Магілёў», хакейны клуб «Бабруйск», Горацкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.
Больш падрабязна пра гісторыю, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё вобласці можна даведацца на афіцыйных сайтах Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскага гарвыканкама, сайце «Архівы Беларусі».
Бібліятэчную сетку рэгіёна ўзначальвае Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна, якая па праву з'яўляецца ў Беларусі лідэрам па стварэнні краязнаўчых рэсурсаў.
Спасылкі на краязнаўчыя рэсурсы бібліятэк
Быхаў – старажытная зямля на беразе Дняпра
Гісторыя вёсак Крычаўскага раёна
Жывапіс, які гучыць. Павел Дзімітрыядзі
Жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага
Зялёная старонка Бяседавіцкай бібліятэкі флоры і фауны
Знаёмцеся: Ржаўская бібліятэка-філіял
Іх мужнасць і подзвіг нам прыклад
Кароткая краязнаўчая энцыклапедыя Галоўчынскай зямлі
Край мой – Магілёўшчына
Легенды і паданні роднага краю
Літаратурная карта Бялыніцкага раёна
Літаратурныя імёны Слаўгарадчыны
Літаратурныя таленты Клімаўшчыны
Магілёў: вядомы і невядомы
Малая радзіма. Вёсачкі з вялікай гісторыяй
Навукоўцы Слаўгарадскай зямлі
Пётр Алейнікаў: гады вялікага жыцця
Радзімая прыдруцкая зямля, часцінка нашай любай Беларусі
Шклоўшчына: гісторыя і сучаснасць
Больш iнфармацыi на сайце Зводнага электроннага каталога бiблiятэк Магiлёўскай вобласцi
Сайты арганiзацый, устаноў
Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт
Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў
Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання
Магілёўскі завод палімерных труб
Свабодная эканамічная зона «Mагілёў»
Установы вышэйшай адукацыі
Беларуска-Расійскі ўніверсітэт
Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій
Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова
Магілёўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь
Культура, турызм, спорт
Горацкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа
Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна
Магілёўская абласная філармонія
Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава
Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча
Магілёўскі абласны тэатр лялек
Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава
Хакейны клуб «Магілёў»