Гродзеншчына
Гродзенская вобласць жыве напружаным жыццём, імкнучыся эфектыўна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял, актыўна ўкараняць сучасныя тэхналогіі і перадавыя метады гаспадарання для далейшага ўмацавання і працвітання сваёй зямлі.
Гродзенская вобласць размяшчаецца на паўночным захадзе Рэспублікі Беларусь і мяжуе з Літвой і Польшчай. Землі Прынёманскага краю былі засвоены яшчэ ў перыяд позняга палеаліту. Аднак вядомасць прыйшла да іх толькі ў пачатку XII ст. – час з'яўлення буйных гарадоў (Гродна – 1128 г., Навагрудак – 1212 г., Ваўкавыск і Слонім – 1252 г., Ліда – 1380 г.). Усе яны маюць цікавую і багатую гісторыю. Так, Навагрудак быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. У гэтым горадзе адбылася цырымонія каранавання першага караля ВКЛ Міндоўга.
На працягу сваёй гісторыі землі Прынёманскага краю не раз далучаліся да розных дзяржаў. Так, у XVIII ст. яны ўвайшлі ў склад Расіі, у 1921 г. згодна з Рыжскай дамовай адышлі да Польшчы, з верасня 1939 г. сталi ўваходзіць у склад БССР. 20 верасня 1944 г. быў падпісаны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, паводле якога была ўтворана Гродзенская вобласць, якая ўвайшла ў склад Беларускай ССР.
Сёння Гродзенская вобласць – гэта адміністрацыйная адзінка Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі якой 17 раёнаў, 15 гарадоў і 16 пасёлкаў гарадскога тыпу, 154 сельскіх саветы, якія аб'ядноўваюць вёскі. Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Гродна, асноўныя гарады – Ваўкавыск, Ліда, Масты, Навагрудак, Ашмяны, Слонім, Смаргонь, Шчучын.
Эканоміка Гродзенскай вобласці арыентавана на сельскую гаспадарку, вядучымі галінамі якой з'яўляюцца малочная і мясная жывёлагадоўля, вытворчасць збожжа, цукровых буракоў, рапсу, бульбы і плодаагародніннай прадукцыі. У склад аграрнага сектара вобласці ўваходзяць 204 арганізацыі і звыш 300 фермерскіх гаспадарак.
Сельскагаспадарчыя арганізацыі вобласці, займаючы 14,6% сельскагаспадарчых угоддзяў рэспублікі, вырабляюць 16,4% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, ажыццяўляюць экспартна-імпартныя аперацыі з 131 краінай свету, пры гэтым прадукцыя экспартуецца на рынкі 104 дзяржаў. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі з'яўляюцца: Расія, Польшча, Украіна, Германія, Кітай, Турцыя, Літва.
У прамысловым комплексе дамінуе вытворчасць харчовых прадуктаў, будаўнічых матэрыялаў, тэкстыльных і швейных вырабаў, хімічная вытворчасць. У вобласці засяроджаны ўвесь рэспубліканскі аб'ём выпуску капралактаму, практычна ўвесь рэспубліканскі аб'ём вытворчасці сухога дзіцячага харчавання на малочнай аснове, корднай тканіны для шын і інш.
Далёка за межамі краіны вядома прадукцыя найбуйнейшых прадпрыемстваў вобласці – акцыянерных таварыстваў «Гродна Азот», «Белкард», «Лакафарба», «Краснасельскбудматэрыялы», «Кіруючая кампанія холдынгу «Лідсельмаш», «Шклозавод «Нёман» і інш.
Па тэрыторыі вобласці пракладзены магістральныя газаправоды: Ямал – Еўропа, Івацэвічы – Слонім – Ліда – дзяржаўная мяжа Літвы, Івацэвічы – Слонім – Гродна.
Выдатна развіта транспартная інфраструктура. Чыгуначныя дарогі, якія праходзяць па тэрыторыі вобласці, звязваюць яе з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з іншымі абласцямі краіны. Найбуйнейшыя чыгуначныя вузлы знаходзяцца ў гарадах Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск.
У апошнія гады на Гарадзеншчыне вядуцца маштабныя пераўтварэнні ў энергетыцы, звязаныя перш за ўсё з пераходам на аднаўляльныя крыніцы энергіі. Уведзены ў строй Гродзенская ГЭС на Нёмане, ветраэнергетычныя ўстаноўкі ў Навагрудскім, Дзятлаўскім, Смаргонскім раёнах, газатурбінная ўстаноўка на Гродзенскай ЦЭЦ-2, сонечная электрастанцыя ў Шчучынскім раёне. 10 чэрвеня 2021 г. уведзены ў прамысловую эксплуатацыю першы блок Беларускай АЭС, будаўніцтва якой пачалося ў 2013 г. у Астравецкім раёне.
У Гродзенскай вобласці функцыянуюць 50 устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.
Плошча вобласці складае 25,1 тыс. кв. км (12% ад усёй плошчы рэспублікі). Гэта, у асноўным, раўнінная мясцовасць. Самым нізкім пунктам вобласці і ўсёй краіны з'яўляецца кропка, размешчаная пры выхадзе ракі Нёман за межы Рэспублікі Беларусь. Яе адзнака знаходзіцца на вышыні 80 м над узроўнем мора. На паўночным усходзе і поўначы вобласці размешчана Ашмянскае ўзвышша, адзнакі якой дасягаюць у некаторых месцах 320 м. На Навагрудскім узвышшы размяшчаецца Замкавая гара – самая высокая ў вобласці кропка (323 м).
Прырода Гродзеншчыны багатая і разнастайная. У прыбярэжных зонах вадаёмаў, а таксама ў лясах і на палях расце каля паўтары тысячы розных відаў раслін. Змешаныя і хвойныя лясы займаюць каля трыццаці працэнтаў усёй яе тэрыторыі. Вобласць знакамітая сваімі прыроднымі заказнікамі: 17 рэспубліканскага значэння, 42 мясцовага, 222 помнікі прыроды. Тут знаходзіцца таксама частка Белавежскай пушчы. Агульная плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый складае 261,8 тыс. га (10% ад тэрыторыі вобласці).
Самыя буйныя рэкі вобласці – Нёман з яго прытокамі (Бярэзіной, Шчарай, Котрай, Лебядой, Дзітвай), а таксама Нараў і Вілія. Упрыгожваюць гэты край і цудоўныя азёры. З іх найбольшую плошчу займаюць Белае, Рыбніца і Свіцязь.
Клімат у Гродзенскай вобласці ўмераны і некалькі цяплейшы, чым у Віцебскай вобласці, але не гарачэйшы, чым у Гомельскай і Брэсцкай.
Гродзенская вобласць мае вялікую турыстычную прываблівасць. Яна багата на гістарычныя славутасці, сапраўдная архітэктурная жамчужына краіны. Унікальная спадчына вобласці – цудоўныя архітэктурныя ансамблі. У іх па суседстве знаходзяцца помнікі розных стыляў і эпох, якія адлюстроўваюць складаную гісторыю прынёманскай зямлі. Адным са старажытных помнікаў архітэктуры, якія захаваліся, з'яўляецца Царква святых Барыса і Глеба (Каложская царква), пабудаваная ў пачатку XII ст. У ліку асноўных славутасцей Бернардынскі касцёл (XVI–XVIII стст.), кафедральны касцёл святога Францішка Ксаверыя (Фарны) (XVII ст.), Стары замак (канец XI–XIX стст.). Будынкамі, пабудаванымі яшчэ ў першым і пачатку другога тысячагоддзяў, можна палюбавацца ў Слоніме і ў Лідзе. У Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўнесены Мірскі замак (XVI ст.).
Вобласць вядома таксама помнікамі абарончага дойлідства: замкамі ў Лідзе, Навагрудку, Крэве, Гальшанах, Геранёнах; цэрквамі-крэпасцямі ў вёсках Сынковічы (XV ст.) і Мураванка (XVI ст.). Помнікам горадабудаўніцтва з'яўляецца гістарычны цэнтр Гродна – адзін з найстарэйшых і найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі. Да выдатных мясцін адносіцца і Аўгустоўскі канал. Гэты ўнікальны помнік гідратэхнічнага будаўніцтва быў узведзены ў пачатку XIX ст.
Установы культуры, адукацыі, краязнаўцы прыкладаюць нямала намаганняў, накіраваных на адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны сваёй малой радзімы. Так, напрыклад, у дзейнасці бібліятэк Гродзеншчыны традыцыйна трывалае месца займае збор і захоўванне бібліяграфічнай і фактаграфічнай краязнаўчай інфармацыі, што дае магчымасць прапаноўваць на сучасным інфармацыйным рынку запатрабаваную і канкурэнтаздольную прадукцыю. Пры гэтым неабходна адзначыць як важнейшы прыярытэт арганізацыю аддаленага доступу да яе праз прадстаўленне на сваіх сайтах. Гэта адна з перспектыўных форм задавальнення краязнаўчых інтарэсаў не толькі карыстальнікаў бібліятэк, але і ўсіх зацікаўленых ў любы час, у любым аб'ёме і з любога месцазнаходжання.
Сёння краязнаўчая інфармацыя аб жыцці Гродзеншчыны прадстаўлена ва ўнікальных і, галоўнае, даступных шырокай грамадскасці электронных інфармацыйных рэсурсах. Іх адрознівае тэматычная і структурная разнастайнасць, вялікі аб'ём інфармацыі з магчымасцю пошуку па розных параметрах.
Спасылкі на электронныя краязнаўчыя рэсурсы бібліятэк
Віртуальны музей Ларысы Ляшэнка
Віртуальны музей Уладзіміра Церабуна
Віртуальны музей Яўгена Петрашэвіча
Ганаровыя грамадзяне горада Гродна
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Прынёманскага краю
Легенды Гродзеншчыны: галерэя знакамітых асоб
Манументальная памяць горада Гродна
Навагрудак у выяўленчым мастацтве
Больш краязнаўчай iнфармацыi на сайце Зводнага электроннага каталога бiблiятэк Гродзенскай вобласцi
Сайты арганiзацый, ўстаноў i прадпрыемстваў рэгiёна
Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт
Гродзенская табачная фабрыка «Нёман»
Гродзенскі абласны драматычны тэатр
Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі
Гродзенскі абласны тэатр лялек
Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэтГродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей
Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт
Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы
Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання
Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў
Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод
Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці
Лідскі малочна-кансервавы камбінат
Музей сучаснай народнай творчасці Гродзеншчыны
Навагрудскі завод газавай апаратуры
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна
Слонімскі кардонна-папяровы завод «Альбярцін»
«Гродно», тэлерадыёкампанiя