Транспартна-лагістычная сістэма
Беларусь з'яўляецца важным транспартным калідорам, які злучае Захад і Усход, рэгіёны Чарнаморскага ўзбярэжжа з краінамі Балтыйскага мора. Штогод праз тэрыторыю краіны перемяшчаецца звыш 100 млн тон еўрапейскіх грузаў, з іх каля 90% – паміж Расійскай Федэрацыяй і Еўрапейскім саюзам. Транспартныя паслугі аказваюцца чыгуначным, аўтамабільным, паветраным, рачным і трубаправодным відамі транспарту.
Беларуская чыгунка забяспечвае рэгіянальныя, міжрэгіянальныя і міжнародныя перавозкі пасажыраў. Яна валодае развітай транспартнай інфраструктурай, сучаснымі транспартнымі сродкамі, выкарыстоўвае прагрэсіўныя інфармацыйныя тэхналогіі пры кіраванні перавозкамі і рабоце з карыстальнікамі транспартных паслуг. Чыгунка ахоплівае больш за 2 100 населеных пунктаў рэспублікі, а таксама звязвае Беларусь з Парыжам, Ніцай, Берлінам, Варшавай, Прагай, Венай, сталіцамі і адміністрацыйнымі цэнтрамі Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Казахстана. Працягласць чыгуначных магістраляў складае каля 6 тыс. км.
Ключавымі для чыгуначнага комплексу Беларусі з'яўляюцца транзітныя перавозкі грузаў. На яе тэрыторыі паспяхова ажыццяўляюць транспартна-лагістычную дзейнасць прадпрыемствы: "Брэстгрузтранслагістык" , "Баранавіцкі грузавы цэнтр транспартнай лагістыкі", «Bremino-Orsha» і інш. У рэспубліцы функцыянуе звыш 50 лагістычных цэнтраў рознай скіраванасці.
Разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог дазваляе забяспечваць круглагадовую сувязь з усімі населенымі пунктамі. Аўтамабільным транспартам перавозіцца каля 60 % ад агульнага аб'ёму перавозак пасажыраў і каля 40% ад агульнага аб'ёму перавозак грузаў. Працягласць беларускіх аўтадарог з павышаным хуткасным рэжымам складае больш за 1,5 тыс. км. На паляпшэнне транспартна-эксплуатацыйнага стану аўтамабільных дарог агульнага карыстання на аснове росту прыцягнення інвестыцый у транспартную інфраструктуру для задавальнення патрэб эканомікі і грамадства ў транспартных сувязях накіравана Дзяржаўная праграма "Дарогі Беларусі" на 2021-2025 гады, якая ўключае дзве падпраграмы: «Рэспубліканскія аўтамабільныя дарогі» і «Мясцовыя аўтамабільныя дарогі».
Важнае значэнне надаецца развіццю паветранага транспарту як найбольш мабільнаму складніку транспартнай інфраструктуры сучаснай дзяржавы. Найбуйнейшым аэрапортам з'яўляецца Нацыянальны аэрапорт «Мінск», які прадастаўляе ўвесь комплекс аэрапортавых паслуг, у 2015 г. стаў членам Міжнароднай асацыяцыі аэрапортаў. Узлётна-пасадачная паласа (даўжыня 3 641 м, шырыня 60 м) і сігнальнае абсталяванне, якое выпускаецца вядомай кампаніяй “Siemens”, дазваляюць ажыццяўляць пасадку ўсіх тыпаў паветраных судоў. Нацыянальная авіякампанія «Belavia», якая з 1997 г. з'яўляецца членам Міжнароднай асацыяцыі авіяперавозчыкаў (ІATA), інтэгравана ў сучасную структуру еўрапейскіх авіяперавозак. Кампанія «Трансавіяэкспарт» спецыялізуецца на перавозках грузаў у краіны Еўропы, Паўднёвай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Бліжняга Усходу. Акрамя таго працуюць аэрапорты «Гомель», «Брэст», «Гродна», «Віцебск», «Магілёў». Існуючая маршрутная сетка забяспечвае перавозкі пасажыраў на міжнародных, міжрэгіянальных і рэгіянальных лініях. У аэрапортавых комплексах працягваецца абнаўленне спецтэхнікі, тэхналагічнага абсталявання і сродкаў механізацыі, тэхнічнае перааснашчэнне службаў авіяцыйнай бяспекі сучасным абсталяваннем для дагляду.
Па тэрыторыі Беларусі праходзяць магістральныя нафта- і газаправоды, якія ўяўляюць сабой магутныя высокапрадукцыйныя сістэмы, што ўдзельнічаюць у транспартнай дзейнасці. Гэта стратэгічны від транспарту, які выконвае функцыі транзітнага. Працягласць магістральных газаправодаў складае 7,9 тыс. км.
У краіне функцыянуе таксама сістэма воднага транспарту, у якую ўваходзяць 10 рачных партоў рознага ўзроўню, а таксама транспартна-экспедыцыйныя кампаніі. Арганізацыі гэтай сферы ажыццяўляюць перавозку грузаў па рэках Рэспублікі Беларусь і па міжнародных лініях па Дняпры ў чарнаморскія парты, а таксама займаюцца праектаваннем, будаўніцтвам і рамонтам судоў. Надаецца ўвага перавозкам удзельнікаў розных экскурсій. У правядзенні актыўнага воднага адпачынку задзейнічаны Аўгустоўскі канал. На канале і яго прытоках распрацавана больш за 10 водных маршрутаў. Далейшае развіццё транспартна-лагістычнай сістэмы мае надзвычай важнае значэнне. У 2021 г. прынята новая Дзяржаўная праграма «Транспартны комплекс» на 2021–2025 гады, мэтай якой з'яўляецца забеспячэнне ўстойлівай мабільнасці і задавальненне патрэбы эканомікі ў канкурэнтаздольных і эфектыўных транспартных паслугах, павышэнне транзітнай прывабнасці дзяржавы, павелічэнне даходнасці ад экспарту лагістычных паслуг. На выкананне гэтай мэты накіраваны мерапрыемствы падпраграм: "Чыгуначны транспарт", "Аўтамабільны, гарадскі электрычны транспарт і метрапалітэн», «Унутраны водны і марскі транспарт», «Грамадзянская авіяцыя».
Транспартная дзейнасць ажыццяўляецца ў рэспубліцы ў рамках разгалінаванага прававога поля. Дзеючае профільнае заканадаўства вызначае прававыя, эканамічныя і арганізацыйныя асновы рэгулявання адносін, звязаных з карыстаннем аўтамабільнымі дарогамі, паветранай прасторай, чыгуначным і аўтамабільным транспартам і інш. Як комплексная галіна транспартная дзейнасць кіруецца не толькі сістэмай спецыяльных нарматыўных прававых актаў, але і актамі іншых галін заканадаўства або асобнымі іх часткамі (мытнае заканадаўства, заканадаўства аб фінансах і крэдыце і інш.), рэалізуючы задачы далейшага развіцця лагістыкі, удасканалення сістэмы перавозкі пасажыраў і грузаў.
Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы
Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь
Мытныя органы Рэспублікі Беларусь
Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў (БАМАП)
Асацыяцыя міжнародных экспедытараў і лагістыкі «БАМЭ»
Аб асновах транспартнай дзейнасці. Закон Рэспублікі Беларусь
Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках. Закон Рэспублікі Беларусь
Беларускі партал грузаперавозак
БелрусінвестБрэстзнештранс СООО
Дзяржаўная праграма "Дарогі Беларусі" на 2021-2025
Дзяржаўная праграма «Транспартны комплекс» на 2021–2025 гады
Транспартна-лагістычная інфраструктура Рэспублікі Беларусь
Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь
Трансавіяэкспарт
Транстэхніка
Цэнтр павышэння кваліфікацыі «БАМЭ-Экспедытар»
Logists