Сельская гаспадарка
Сельская гаспадарка з'яўляецца адной з важнейшых галін эканомікі Беларусі і галоўным складнікам аграпрамысловага комплексу (АПК) краіны. Гэты сектар эканомікі захоўвае сваю значнасць у забеспячэнні насельніцтва рэспублікі харчаваннем і захаванні харчовай бяспекі дзяржавы.
Прыярытэтным напрамкам развіцця АПК застаецца буйна-таварная вытворчасць. Сельскагаспадарчыя арганізацыі, уключаючы фермерскія гаспадаркі, вырабляюць каля 80% прадукцыі аграрнага сектара, гаспадаркі насельніцтва (асабістыя падсобныя і іншыя) – звыш 17%.
У рэспубліцы на пачатак 2021 г. зарэгістравана каля 3,5 тыс. сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, 955,2 тыс. асабістых падсобных гаспадарак грамадзян. Асноўным напрамкам вытворчай дзейнасці фермерскіх гаспадарак з'яўляецца сфера раслінаводства, на долю якой прыпадае больш як 90 % ад усёй выпускаемай імі прадукцыі.
Беларусь практычна поўнасцю забяспечвае сябе харчаваннем, якога дастаткова для задавальнення ўнутраных патрэб з улікам плацёжаздольнага попыту насельніцтва краіны. Імпарт прадуктаў харчавання складае менш за 10% ад усяго аб'ёму спажывання.
Асноўнымі відамі прадукцыі беларускай сельскай гаспадаркі з'яўляюцца малако, мяса жывёлы і птушкі, збожжа, бульба, гародніна, цукровыя буракі і льняная сыравіна. Каб павысіць давер спажыўцоў да сваёй прадукцыі, беларускія вытворцы ўкараняюць сістэмы забеспячэння якасці і бяспекі харчовай прадукцыі. Тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў мясной і малочнай прамысловасці дазволіла сертыфікаваць у звыш 80 падраздзяленнях прадпрыемстваў міжнародную сістэму якасці.
Па аб'ёмах вытворчасці асноўных відаў сельгаспрадукцыі Беларусь з'яўляецца адным з лідэраў сярод краін постсавецкай прасторы. Вытворчасць сельгаспадарчых прадуктаў на душу насельніцтва адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях (вытворчасць бульбы, цукровых буракоў, мяса, малака) перавышае паказчыкі, дасягнутыя ў краінах СНД. Прадпрыемствы АПК працуюць як на ўнутраны, так і на знешні рынкі, гатовы да плённага і ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва па ўсім спектры кірункаў сваёй дзейнасці. Каталог прадпрыемстваў харчовай прамысловасці нашай краіны і замежных кампаній, з якімі наладжана супрацоўніцтва, прадстаўлены на Беларускім харчовым гандлёва-прамысловым партале Прадукт. by.
У мэтах стварэння ўмоў для ўстойлівага развіцця аграпрамысловага комплексу прынята Дзяржаўная праграма «Аграрны бізнес» на 2021–2025 гады. Выкананне яе мерапрыемстваў павінна забяспечыць станоўчую дынаміку вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы
Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь
Беларускі аграпрамысловы тыдзень "Белагра"
Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі
Рэспубліканская лесапрамысловая асацыяцыя