Прамысловасць
Прамысловы комплекс Беларусі з’яўляецца буйнейшай галіной народнай гаспадаркі, які аказвае істотны ўплыў на дынаміку ўсіх паказчыкаў нацыянальнай эканомікі. Прамысловая вытворчасць фарміруе больш чвэрці валавога ўнутранага прадукту Беларусі. У 2023 г. гэты паказчык склаў 27,5%. Асноўныя галіны прамысловасці – металургічная, машынабудаўнічая, металаапрацоўчая, хімічная і нафтахімічная, харчовая, лёгкая, дрэваапрацоўчая і інш. З іх найбольш развітыя – машынабудаванне, лёгкая і харчовая прамысловасці.
Прадукцыя шэрага прамысловых прадпрыемстваў атрымала сусветную вядомасць. Сярод іх ААТ "Беларуськалій" – адзін з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце. Паводле даных Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на яго долю прыпадае пятая частка сусветнага аб'ёму вытворчасці калійных угнаенняў. Прадукцыя ААТ "Беларуськалій", адзначаная прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі, экспартуецца ў больш як 130 краін свету.
У васьмёрку сусветных вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ўваходзіць ААТ "МТЗ-Холдынг", у структуры якога 14 прадпрыемстваў. Цяпер ААТ "Мінскі трактарны завод" вядзе актыўную дзейнасць на рынках больш як 60 дзяржаў і мае зборачныя вытворчасці ў розных кутках планеты. Прадпрыемства распрацоўвае і вырабляе колавыя і гусенічныя трактары, мотаблокі, аказвае паслугі па наладжванні і правядзенні сэрвісу.
У лік пяці найбуйнейшых прадпрыемстваў рэспублікі па аб'ёме таварнай прадукцыі ўваходзіць ААТ "Беларускі металургічны завод – кіруючая кампанія холдынгу "Беларуская металургічная кампанія". БМЗ унесены ў дзяржаўны рэестр прадпрыемстваў рэспублікі з высокатэхналагічнай вытворчасцю. На падставе ацэнкі вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці прадпрыемства, у 2017 г. заводу прысвоены статус навуковай арганізацыі. 256 відаў інавацыйнай прадукцыі выпускаецца ААТ "БМЗ – кіруючая кампанія холдынгу "БМК", якая пастаўляецца ў дзясяткі краін свету.
ААТ "БЕЛАЗ" – кіруючая кампанія холдынгу "БЕЛАЗ-Холдынг" – найбуйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самасвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабываючай і будаўнічай прамысловасці. У склад холдынгу ўваходзяць 8 буйных прадпрыемстваў. Кампаніі належаць 30% сусветнага рынку кар'ерных самасвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Пастаўкі тэхнікі ажыццяўляюцца ў больш як 80 краін свету. 450 т – грузападымальнасць самага вялікага ў свеце кар'ернага самасвала БЕЛАЗ-75710, створанага на прадпрыемстве ў 2013 г.
Прадпрыемствы прамысловага комплексу вядуць актыўную работу па заваяванні новых рынкаў збыту, стварэнні інавацыйных прадуктаў, тэхнічнай перабудове і мадэрнізацыі вытворчасцей, павышэнні якасці і канкурэнтаздольнасці сваёй прадукцыі.
Галоўныя дакументы, якія вызначаюць развіццё галіны на бліжэйшую перспектыву – Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 07.05.2020 № 156 «Аб прыярытэтных кірунках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2021–2025 гады» і Дзяржаўная праграма «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка» на 2021–2025 гады, прынятая ў 2021 г. Дакументы арыентуць на рэалізацыю найбольш важных і значных кірункаў нацыянальнай эканомікі, у першую чаргу на стварэнне перадавых навукаёмістых тэхналогій і іх укараненне ў галіны эканомікі, сацыяльную і экалагічную сферы.
Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Белаз
Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя
Беларускі металургічны завод
Беларуськалій
Белдзяржхарчпрам
Беллегпрам
Беллесбумпрам
Белнафтахім
Белпалівагаз
Белрэсурсы
Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ)
Рэспубліканская асацыяцыя прадпрыемстваў прамысловасці (БелАПП)