Беларусы і ўраджэнцы Беларусі
![](https://infocenter.nlb.by/upload/images/content-img(2).jpeg)
АЛЯКСЕЙ КАСЬЯНАВІЧ АНТОНЕНКА (1911 – 1941)
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 ліпеня 1941 года за «узорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з германскім фашызмам і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства».
Аляксей Антоненка (ураджэнец Віцебшчыны) уступіў у Вялікую Айчынную вайну на Балтыйскім флоце, маючы баявы вопыт у бітвах з японцамі на Халхін-Голе і ў Савецка-фінскай вайне. За месяц баёў капітан Антоненка ажыццявіў каля сотні баявых вылетаў і збіў 11 самалётаў праціўніка. «Наш балтыйскі Чкалаў» – так менавалі яго ў лётным асяродку за найвышэйшую тэхніку пілатавання і меткую стральбу па мішэнях.
Аляксей Касьянавіч Антоненка стаў першым ураджэнцам Беларусі, які быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
ПАВЕЛ ЯКАЎЛЕВІЧ ГАЛАВАЧОЎ (1917–1972)
Званне Героя Савецкага Саюза Паўлу Якаўлевічу Галавачову прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 лістапада 1943 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў Камандавання па прарыве ўмацаванай паласы немцаў і вызваленні горада Мелітопаль і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства”, званне двойчы Героя СССР прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 чэрвеня 1945 года “за мужнасць і гераізм, праяўленыя падчас Берлінскай аперацыі”.
Павел Якаўлевіч Галавачоў (ураджэнец Гомельшчыны) з першых дзён прыняў удзел у Вялікай Айчыннай вайне, прайшоў шлях ад лётчыка да камандзіра эскадрыллі. Смелы, рашучы пілот, добра валодаючы самалётам, ён свой першы ордэн Чырвонага Сцяга атрымаў у жніўні 1942 г. Галавачоў ваяваў пад Харкавам, прымаў удзел у Сталінградскай бітве, вызначыўся ў баях пад Растовам-на-Доне і ў Данбасе, удзельнічаў у вызваленні Беларусі і Літвы, у Берлінскай аперацыі. 25 красавіка 1945 г. у небе над сталіцай Нямеччыны гвардыі капітан Галавачоў здзейсніў свой апошні баявы вылет і збіў два самалёты праціўніка. Ён ажыццявіў 457 баявых вылетаў, у 125 паветраных баях знішчыў 31 самалёт праціўніка.
АЛЯКСАНДР КАНСТАНЦІНАВІЧ ГАРАВЕЦ (1915–1943)
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 28 верасня 1943 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства”, пасмяротна.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна А.К. Гаравец (ураджэнец Віцебшчыны) як вопытны лётчык-інструктар быў прызваны ў армію для падрыхтоўкі пілотаў. У ліпені 1942 г. ён стаў непасрэдным удзельнікам бітвы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За кароткі тэрмін, кіруючы самалётам ЛаГГ-3, знішчыў 40 варожых аўтамашын з боепрыпасамі і жывой сілай, 24 вазы са зброяй, вывеў са строю паравоз. 27 лютага 1943 г. за баявыя заслугі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
У час Курскай бітвы 6 ліпеня 1943 г. гвардыі старшы лейтэнант Аляксандр Канстанцінавіч Гаравец у паветранай бітве здзейсніў тое, што тэарэтычна лічылася немагчымым: знішчыў 9 самалётаў праціўніка. Ён застаецца адзіным савецкім лётчыкам, які збіў такую колькасць самалётаў у адным баі. Гэта ўнікальная паветраная бітва ўвайшла ў гісторыю сусветнай авіяцыі.
ВІТОЛЬД МІХАЙЛАВІЧ ГІНТАЎТ (1922–1987)
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 красавіка 1944 года «за ўзорнае выкананне баявых задач камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства».
Вітольд Міхайлавіч Гінтаўт (ураджэнец Міншчыны) па дасягненні 18 гадоў у 1940 г. быў прызваны ў армію, дзе яго застала Вялікая Айчынная вайна. Баявы шлях Гінтаўта, механіка-вадзіцеля танка, пачаўся ў снежні 1941 г. Ён удзельнічаў у Арлоўска-Курскай бітве, баях на тэрыторыі правабярэжнай Украіны, асабліва вызначыўся падчас Жытомірска–Бярдзічаўскай наступальнай аперацыі, вызваляў тэрыторыю Румыніі і Польшчы, у складзе 45-й гвардзейскай танкавай дывізіі дайшоў да Балтыйскага мора, удзельнічаў у штурме Берліна, дзе і застаў Перамогу.
У ходзе шматлікіх баёў танкіст дэманстраваў прыклады стойкасці, мужнасці і гераізма. На яго баявым рахунку 100 танкавых атак, 21 выведзены са строю танк, чатыры самаходныя гарматы «Фердынандс», 23 артылерыйскія гарматы, 80 аўтамашын, 17 кулямётаў, каля 150 салдат і афіцэраў праціўніка.
ІОСІФ ІРАКЛІЕВІЧ ГУСАКОЎСКІ (1904–1995)
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнога Савета СССР ад 23 верасня 1944 года «за ўзорнае выкананне баявых заданняў Камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства» і Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 красавіка 1945 года.
Баявы шлях у Вялікай Айчыннай вайне для І.І. Гусакоўскага (ураджэнца Магілёўшчыны) пачаўся ў ліпені 1941 г. пад Ельняй. У званні камандзіра танкавага батальёна ён абараняў рубяжы Масквы, у снежні 1941 г. быў на перадавой у бітвах пад Тулай і за вызваленне Калугі, камандаваў танкавай брыгадай на Курскай дузе. Іосіф Іракліевіч асабліва вызначыўся ў час Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944 г., за якую яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. За арганізацыю фарсіравання ракі Піліца, актыўныя і баявыя дзеянні на іншых рубяжах І.І. Гусакоўскі атрымаў другую «Залатую Зорку».
Танкісты І.І. Гусакоўскага першымі ўступілі на тэрыторыю Германіі і штурмавалі Берлін, дзе на адной з вуліц 27.04.1945 г. камандзір брыгады быў цяжка паранены.
У ліпені 1945 г. І.І. Гусакоўскаму было прысвоена званне генерал-маёра танкавых войск.
ЛЕЎ МІХАЙЛАВІЧ ДАВАТАР (1903–1941)
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 снежня 1941 года «за ўзорнае выкананне баявых заданняў Камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства», (пасмяротна).
Леў Міхайлавіч Даватар (ураджэнец Віцебшчыны) ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на Заходнім фронце, камандаваў асобнай кавалерыйскай групай, якая ў жніўні–верасні здзейсніла глыбокі рэйд па тылах праціўніка ў Смаленскай вобласці і нанесла яму вялікі ўрон. Толькі за два тыдні ў жніўні было знішчана звыш 2,5 тыс. варожых салдат і афіцэраў, 9 танкаў, звыш 200 аўтамабіляў і некалькі ваенных складоў. Шмат трафейнай зброі і боепрыпасаў было перададзена партызанам.
ПЁТР ІВАНАВІЧ КУПРЫЯНАЎ (1926–1944)
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства”, пасмяротна.
У першыя дні фашысцкай акупацыі пятнаццацігадовы Пётр (ураджэнец Міншчыны) стаў сувязным і разведчыкам партызанскага атрада “Радзіма”, а ў лістападзе 1943 г. ужо быў яго байцом. Ён удзельнічаў ва ўсіх буйных аперацыях па разгроме варожых гарнізонаў і карных атрадаў, у час «рэйкавай вайны» пускаў пад адхон варожыя эшалоны, з супрацьтанкавай зброі вывеў са строю тры паравозы, якія везлі да фронту склады з боепрыпасамі, танкамі і жывой сілай. Адначасова заставаўся выдатным разведчыкам: лёгка пранікаў у фашысцкія гарнізоны, збіраў важныя звесткі. За адвагу, мужнасць і гераізм быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” 2-й ступені.
Пасля вызвалення Мінска Пётр прыняў удзел у легендарным партызанскім парадзе 16 ліпеня 1944 г. і ў гэтым жа месяцы пайшоў добраахвотнікам на фронт. Ваяваў у званні яфрэйтара ў 53-й мотастралковай брыгадзе 5-й гвардзейскай танкавай арміі. 2 лістапада 1944 г. у вельмі цяжкім баі за вышыню 107,7 каля пасёлка Нікрацэ Кулдыгскага раёна Латвіі Пётр Купрыянаў закрыў сабой амбразуру дзота, здзейсніўшы бяспрыкладны подзвіг, дзякуючы якому батальён змог авалодаць стратэгічна важнай вышынёй.
СЦЯПАН ФЁДАРАВІЧ ШУТАЎ (1902–1963)
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 студзеня 1944 года «за ўмелае кіраванне часцямі брыгады пры фарсіраванні Дняпра і ў баях на плацдарме на поўнач ад Кіева» і Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 верасня 1944 года «за ўмелае камандаванне брыгадай у ходзе Ясса-Кішынёўскай аперацыі».
Сцяпан Фёдаравіч Шутаў – ураджэнец Магілёўшчыны, кадравы ваенны. З ліпеня 1941 г. узначальваў батальёны 104-й танкавай дывізі, са снежня 1941 г. камандаваў танкавымі брыгадамі на Паўднёва-Заходнім і Заходнім франтах.
У кастрычніку 1943 г. брыгада гвардыі палкоўніка Шутава першай переправілася на Люцежскі плацдарм, 3 лістапада 1943 г. смелым прарывам за адны суткі дасягнула прыгарадаў Кіева. На наступны дзень яна ўжо змагалася на вуліцах горада. У сакавіку-красавіку 1944 г. брыгада паспяхова дзейнічала ва Уманска-Баташанскай аперацыі, у ходзе Яска-Кішынёўскай наступальнай аперацыі за 2 дні прайшла з баямі звыш 100 км і 27 жніўня 1944 г. прарвала абарончы вузел у раёне «Факшанскіх варотаў». 30 жніўня 1944 г. танкістамі быў узяты горад Плаешці – цэнтр найбольш важнага нафтапрамысловага раёна Румыніі.
ІВАН ІГНАЦЬЕВІЧ ЯКУБОЎСКІ (1912–1976)
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 студзеня 1944 года «за ўзорнае выкананне баявых заданняў Камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства» і Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 верасня 1944 года «Аб узнагароджанні герояў Савецкага Саюза другім медалём «Залатая Зорка» за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання, што дае права на атрыманне звання Героя Савецкага Саюза, узнагародзіць герояў Савецкага Саюза другім медалём «Залатая Зорка», стварыць бронзавыя бюсты і ўстанавіць іх на пастаментах на радзіме ўзнагароджаных»
Іван Ігнацьевіч Якубоўскі (ураджэнец Магілёўшчыны) у красавіку 1941 г. у званні капітана прыняў камандаванне танкавым батальёнам. У снежні 1941 г. атрымаў званне маёра, са студзеня 1942 г. пад Масквой камандаваў у бітвах у якасці намесніка камандзіра танкавай брыгады. Вясной гэтага года Іван Ігнацьевіч, ужо ў званні падпалкоўніка, быў прызначаны камандзірам 91-й танкавай брыгады, якая ўнесла вялікі ўклад у разгром варожых войск пад Сталінградам, паспяхова дзейнічала ў ходзе Арлоўскай наступальнай аперацыі. Асабліва вызначылася брыгада 7 лістапада 1943 г. пры вызваленні горада Фастава. Будучы наместнікам камандзіра 6-га гвардзейскага танкавага корпуса, Якубоўскі асаблівы праявіў сябе пры ўзяцці Перамышля, захопе Сандамірскага плацдарма і ў Берлінскай аперацыі.