Беларусь памятае і ганарыцца
Гісторыя беларускага народа поўная трагічных падзей. З часам многія з іх сціраюцца з памяці людзей і становяцца здабыткам архіваў. Аднак ёсць падзеі, якія забываць нельга. Адно з іх – Вялікая Айчынная вайна – небывалая па сваіх маштабах і жорсткасці барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая абярнулася для нашай краіны цяжкім выпрабаваннем, мільённымі чалавечымі ахвярамі і вялізнымі матэрыяльнымі і культурнымі стратамі.
На беларускай зямлі Вялікая Айчынная вайна доўжылася 3 гады 1 месяц і 6 дзён – з 22 чэрвеня 1941 па 28 ліпеня 1944 года.
Пад акупацыяй, якая доўжылася амаль тры гады, апынуліся каля 8 млн. жыхароў Беларусі і каля 900 тыс. савецкіх ваеннапалонных. Праводзячы палітыку генацыду і масавага крывавага тэрору, фашысцкія захопнікі за час акупацыі знішчылі звыш 1,4 млн мірных грамадзян і больш за 810 тыс. ваеннапалонных. Каля 400 тыс. чалавек (у тым ліку 24 тыс. дзяцей) былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію, каля паловы з іх не вярнуліся, памерлі ці загінулі. Канцлагеры, турмы, гета дзейнічалі практычна ў кожным раёне Беларусі. Усяго на тэрыторыі рэспублікі было створана 260 лагераў смерці і 70 гета. Лагер смерці Трасцянец, які знаходзіўся пад Мінскам, лічыцца найбуйнейшым па колькасці ахвяр (206,5 тыс. чалавек) пасля Асвенцыма, Майданека і Трэблінкі. У масавым парадку ўчыняліся забойствы яўрэйскага насельніцтва Беларусі і яўрэяў, вывезеных з іншых краін Еўропы. Устаноўлена больш за 530 месцаў іх знішчэння.
Нягледзячы на жорсткасць акупацыйнага рэжыму, з першых дзён вайны пачалася барацьба насельніцтва Беларусі супраць нямецкіх захопнікаў, пашыраўся патрыятычны рух, супраціўленне ворагу прымала арганізаваныя формы і метады барацьбы. Ужо ў ліпені на акупаваную тэрыторыю былі накіраваныя групы партыйных і камсамольскіх працаўнікоў для арганізацыі камуністычнага падполля і партызанскіх атрадаў. Першыя партызанскія атрады налічвалі 25–40 чалавек, складаліся з 2–3 груп. Большую частку іх склалі салдаты і афіцэры Чырвонай арміі, якія трапілі ў акружэнне. У ліку першых партызанскіх атрадаў, сфарміраваных на тэрыторыі Беларусі на пачатковым этапе вайны, былі партызанскія атрады В.3. Каржа (Пінская вобласць, у цяперашні час Брэсцкая вобласць), Ц.П. Бумажкова (Палеская вобласць, у цяперашні час тэрыторыя Брэсцкай вобласці), М.Ф. Шмырова (бацькі Міная), У.Е. Лабанка (Віцебская вобласць), Ф.Р. Маркава (Вілейская вобласць, у цяперашні час тэрыторыя Мінскай вобласці). Ужо ў жніўні 1941 г. кіраўнікам Палескага партызанскага атрада «Чырвоны Кастрычнік» Ц.П. Бумажкову і Ф.І. Паўлоўскаму было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза.
Усенародны рух супраціўлення, які развярнуўся ў Беларусі, па сваім маштабе і размаху не мае аналагаў у сусветнай гісторыі. Паводле звестак Беларускага штаба партызанскага руху, 374 тыс. партызан і звыш 70 тыс. падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупаванай ворагам тэрыторыі. Усяго дзейнічала 213 партызанскіх брыгад, у якія ўваходзіла каля 1000 атрадаў, і 258 атрадаў дзейнічалі самастойна. Яшчэ каля 400 тыс. мясцовых жыхароў можна аднесці да партызанскіх рэзерваў. У радах беларускіх партызан супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў змагаліся прадстаўнікі 70 нацыянальнасцей і народнасцей Савецкага Саюза і замежных краін (каля 4 тыс. выхадцаў з еўрапейскіх дзяржаў: сотні палякаў, чэхаў і славакаў, югаславаў, дзесяткі венграў, французаў, бельгійцаў, аўстрыйцаў). Да канца 1943 г. 60% тэрыторыі рэспублікі знаходзілася пад партызанскім кантролем.
За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага, з чэрвеня 1941 г. па ліпень 1944 г., партызаны і падпольшчыкі забілі і паранілі каля паўмільёна нямецкіх акупантаў і іх памагатых, пусцілі пад адхон 11 128 варожых эшалонаў і 34 бронепоезды, разграмілі 29 чыгуначных станцый, 948 штабоў і гарнізонаў ворага, падарвалі і знішчылі больш за 18700 аўтамашын, больш за 300 тыс. рэек, падарвалі і спалілі 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, разбурылі звыш 7300 км тэлефонна-тэлеграфных ліній сувязі, збілі і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, падбілі 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 939 ваенных складоў, 438 гармат рознага калібра.
Беларускія партызаны выдавалі ў глыбокім тыле ворага больш за 170 найменняў газет і сотні тысяч улётак. У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і гістарычных архіваў захаваліся ўнікальныя рукапісныя партызанскія часопісы, газеты і плакаты.
За гераізм і адвагу, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у тыле ворага, каля 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 91 з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Навечна ўпісаны ў народную памяць імёны такіх герояў партызан і падпольшчыкаў, як А.С. Азончык, К.С. Заслонаў, Е.С. Зянькова, І.К. Кабушкін, В.З. Корж, А.Р. Мазанік, К.П. Арлоўскі, З.М. Партнова, В.З. Харужая, М.П. Шмыроў і інш.
У выніку стратэгічнага наступлення Чырвонай арміі ў 1943 г. фронт наблізіўся да Беларусі. 23 верасня 1943 г. быў вызвалены першы населены пункт – раённы цэнтр Камарын (Гомельская вобл.). 23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 года праведзена Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай «Баграціён», у выніку якой была разгромлена магутная групоўка армій вермахта «Цэнтр», цалкам вызвалена тэрыторыя Беларусі, а ваенныя дзеянні перанесены на тэрыторыі Літвы, Латвіі і Польшчы. Гэта стала магчымым дзякуючы бяспрыкладнай мужнасці, гераізму, рашучасці і самаахвяраванню сотняў тысяч савецкіх воінаў і партызан, многія з якіх загінулі смерцю адважных на беларускай зямлі ў імя перамогі над ворагам. Аперацыя «Баграціён» па праве лічыцца найбуйнейшай наступальнай аперацыяй Другой сусветнай вайны.
1,3 мільёна беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі прынялі ўдзел у баявых дзеяннях на франтах Вялікай Айчыннай вайны ў радах Чырвонай арміі. За гераічныя подзвігі звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 449 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, 74 сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы, 4 беларусы сталі двойчы Героямі Савецкага Саюза (П.Я. Галавачоў, І.І. Гусакоўскі, С.Ф. Шутаў, І.І. Якубоўскі). Звыш 400 генералаў і адміралаў з ліку ўраджэнцаў Беларусі ваявалі ў радах Чырвонай Арміі і Ваенна-марскога флота. Многія з іх у пасляваенны перыяд сталі вядомымі военачальнікамі, у тым ліку В.Д. Сакалоўскі, І.І. Якубоўскі, І.І. Гусакоўскі, В.А. Пянькоўскі, П.І. Івашуцін, В.Ф. Маргелаў, І.Я. Шаўроў, С.А. Красоўскі, І.І. Пстыга і інш.
Перамога дасталася нашаму народу дарагой цаной. Наступствы Вялікай Айчыннай вайны для Беларусі аказаліся надзвычай цяжкімі. Беларусь страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця. Велізарны матэрыяльны ўрон, нанесены Беларусі акупацыяй, вылічаецца ў 75 млрд рублёў (у цэнах 1941 г.), што ў 35 разоў перавышала бюджэт краіны 1940 г. Фашысты спалілі, разбурылі і разрабавалі 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў (на 80–90% былі разбураны Мінск, Гомель, Віцебск); правялі звыш 140 карных аперацый, падчас якіх поўнасцю або часткова знішчылі звыш 9 тыс. вёсак, у тым ліку каля 630 разам з жыхарамі. Разбурана і спалена было 100 465 прамысловых і вытворчых будынкаў. 10338 прамысловых прадпрыемстваў, уключаючы ўсе буйныя электрастанцыі (85% іх даваеннай колькасці), былі знішчаны або вывезены ў Германію. Знішчана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 машынна-трактарных станцый, 1200 тыс. сельскіх будынкаў, у тым ліку 421 тыс. жылых дамоў калгаснікаў.
Гітлераўцамі планамерна знішчаліся і рабаваліся ўстановы культуры, навукі і адукацыі: былі знішчаны Беларуская акадэмія навук і 24 навуковыя ўстановы, 10 беларускіх музеяў і яшчэ 8 былі разрабаваны, большасць тэатраў, клубаў і школ. З 1941 г. па 1944 г. у краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы былі вывезены многія творы беларускага, рускага і заходнееўрапейскага мастацтва. Толькі з Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР вывезена каля 1700 твораў жывапісу і ікон, больш за 50 скульптур, а таксама шматлікія малюнкі, гравюры, музычныя інструменты, мэблевыя вырабы. Сярод іх работы знакамітых майстроў: І. Айвазоўскага, К. Брулова, В. Бялыніцкага-Бірулі, М. Урубеля, І. Левітана, І. Рэпіна, В. Сурыкава, а таксама Мікеланджэла, К. Растрэлі і інш. Беларусь пазбавілася свайго нацыянальнага сімвала – Крыжа Ефрасінні Полацкай, унікальнай каштоўнасці, створанай у 1161 г. Згублена была і знакамітая калекцыя слуцкіх паясоў. Толькі невялікая частка выкрадзенага была вернутая Беларусі. Урон склаў 163,4 млн. рублёў.
Амаль поўнасцю была знішчана рэспубліканская сістэма бібліятэк, разрабаваны яе кніжны фонд, які складаў 10 млн экзэмпляраў. Толькі з фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (зараз Нацыянальная бібліятэка Беларусі, у 1941 г. фонд налічваў 2 млн тамоў) было страчана больш за паўтара мільёна тамоў, сярод якіх больш за 15 тыс. рэдкіх і старадрукаваных выданняў, звыш 400 тамоў беларускіх старадрукаў, уключаючы 7 кніг “Бібліі” беларускага першадрукара Францыска Скарыны, першае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага, рукапісы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі і інш. Каля 1 млн тамоў так і не былі вернуты.
Сімвалам гераізму, вернасці прысязе і любові да Радзімы стала Брэсцкая крэпасць, якая ў 1965 годзе была ўдастоена звання «Крэпасць-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». У 1974 г. за ўклад у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне вышэйшай ступені адзнакі – звання «Горад-Герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» – удастоена і сталіца Беларусі г. Мінск. Ордэнам Айчыннай вайны І ступені ўзнагароджаны Магілёў, Орша і Барысаў. Шэраг гарадоў Беларусі ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
У мэтах захавання памяці аб вялікім подзвігу савецкага народа ў Беларусі рэалізуецца комплекс разнапланавых мерапрыемстваў: рэспубліканскія патрыятычныя праекты «Беларусь памятае», «Кветкі Вялікай Перамогі», «Мы – спадчыннікі Перамогі», сотні іншых патрыятычных акцый, ініцыіраваных установамі культуры і адукацыі, грамадскімі арганізацыямі. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ініцыявала ўсебеларускую акцыю «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!» У рамках акцыі ва ўзаемадзеянні з кіраўніцтвам абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, установамі адукацыі і культуры, грамадскімі арганізацыямі, усімі зацікаўленымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь разгорнута работа па зборы захаваных успамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны. У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі ажыццяўляецца збор інфармацыі і навуковая апрацоўка атрыманых звестак, падрыхтоўка на іх аснове адпаведных выданняў, а таксама стварэнне электроннай базы даных. Аб ахвярах вайны і подзвігу народа сведчаць шматлікія абеліскі, помнікі, мемарыяльныя комплексы, Курганы Славы. У Беларусі іх амаль 6 тысяч. Важная роля ў захаванні, вывучэнні і прапагандзе дакументальных і матэрыяльных сведчанняў аб подзвігу і ахвярах беларуского народа ў гады вайны ў імя захавання міру на зямлі належыць Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з фондам звыш 140 тыс. экспанатаў. Выдатным помнікам подзвігу беларускага народа стала 146-томнае выданне гісторыка-дакументальных хронік «Памяць». У іх паіменна называюцца байцы Чырвонай Арміі, якія загінулі ў баях за Беларусь, воіны-землякі, якія аддалі жыццё на франтах вайны, партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары – ахвяры нацысцкага генацыду, а таксама ўдзельнікі вайны, якія вярнуліся на радзіму.
Памяць аб вайне захоўваюць 29 беларускіх дзяржаўных архіваў. Найбольшая колькасць дакументаў, якія датычацца Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь і Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў. Акрамя таго, дакументальныя крыніцы аб Вялікай Айчыннай вайне ёсць у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі, 6-ці дзяржаўных абласных архівах, 3-х дзяржаўных абласных архівах грамадскіх аб'яднанняў і 16-ці занальных.
Архівамі, бібліятэкамі, іншымі установамі і арганізацыямі ствараюцца інфармацыйныя банкі і базы даных аб гераічных падзеях і іх удзельніках. Агляд асноўных інфармацыйных рэсурсаў прадстаўлены ніжэй у падраздзеле «Анлайн-рэсурсы аб Вялікай Айчыннай вайне». У раздзеле таксама змешчаны: аглядны матэрыял пра апошнія мірныя дні чэрвеня 1941 г. (па публікацыях з перыядычных выданняў); праект «100 дзён да Вялікай Перамогі» (па матэрыялах беларускіх газет 1945 г.), рэалізаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў 2020 г., і інш. Кантэнт раздзела знаходзіцца ў пастаянным развіцці і будзе дапоўняцца новымі старонкамі і спасылкамі на матэрыялы, якія сведчаць аб тым, што Беларусь памятае пра трагічныя падзеі сваёй гісторыі і ганарыцца подзвігам народа.