2020
У 2020 годзе спаўняецца:
Рагнеда Рагвалодаўна (Гарыслава, духоўнае імя Анастасія; 960?, г. Полацк – 1000), полацкая князёўна, асветніца – 1060 гадоў з дня нараджэння.
Тураў, горад у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці (980) – 1040 гадоў з часу першага ўпамінання ў «Аповесці мінулых гадоў».
Звеніслава Барысаўна (у манастве Еўпраксія; пасля 1110, г. Полацк – 1202), князёўна, асветніца, першая на Беларусі жанчына-пісьменніца, стрыечная сястра і паплечніца Ефрасінні Полацкай – 910 гадоў з дня нараджэння.
Кірыла Тураўскі (каля 1130 ці 1113, г. Тураў – каля 1182 ці пасля 1190), беларускі і ўсходнеславянскі царкоўны дзеяч, пісьменнік-прапаведнік, святы Беларускай Праваслаўнай Царквы – 890 гадоў з дня нараджэння.
Лаўрэнцій Тураўскі (1130-я гг., г. Тураў – 1194), манах, пустэльнік, тураўскі епіскап, святы Беларускай Праваслаўнай Царквы – 890 гадоў з дня нараджэння.
Сімяон Полацкі (1220, г. Полацк – 1289), царкоўны дзеяч, епіскап полацкі і цвярскі, святы Беларускай і Рускай Праваслаўных Цэркваў – 800 гадоў з дня нараджэння.
Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ), феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе (1240-я гг. – 1795) – 780 гадоў з часу ўтварэння.
Кіпрыян (каля 1330–1406), царкоўны і грамадскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай Русі, пісьменнік, перакладчык, святы Рускай Праваслаўнай Царквы – 690 гадоў з дня нараджэння.
Вітаўт (у хрышчэнні Аляксандр; 1350–1430), князь гродзенскі, трокскі, вялікі князь ВКЛ, адзін з самых выдатных дзяржаўных дзеячаў ВКЛ – 670 гадоў з дня нараджэння.
Быхаў, горад, цэнтр раёна Магілёўскай вобласці (1370) – 650 гадоў з часу першага ўпамінання ў гістарычных крыніцах.
Свідрыгайла (каля 1370–1452), вялікі князь ВКЛ – 650 гадоў з дня нараджэння.
Астрожскі Канстанцін Іванавіч (1460? – 1530), военачальнік, дзяржаўны дзеяч ВКЛ – 560 гадоў з дня нараджэння.
Вілейка, горад, цэнтр раёна Мінскай вобласці (1460) – 560 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах.
Гусоўскі Мікола (1470-я – 1533?), беларускі і польскі паэт-гуманіст, мысліцель і асветнік эпохі Адраджэння – 550 гадоў з дня нараджэння.
Жыровіцкі абраз Маці Божай, адна з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі (1470) – 550 гадоў з часу з’яўлення.
Вісліцкі Ян (1480 ці каля 1485 – 1520-я гг.), паэт-лацініст ВКЛ і Польшчы – 540 гадоў з дня нараджэння.
Радзівіл Юрый (мянушкі Віктар, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480–1541), дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ – 540 гадоў з дня нараджэння.
Сапега Павел Іванавіч (каля 1490–1579), дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ – 530 гадоў з дня нараджэння.
Скарына Францыск (Францішак; каля 1490, г. Полацк – 1551?), першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, мастак-графік, медык, батанік і астраном – 530 гадоў з дня нараджэння.
Вед (Від) Антоній (1500–1558), нямецкі картограф, мастак і гравёр, аўтар карты ўсходняй часткі Беларусі і Маскоўскага вялікага княства, якая дала пачатак беларуска-літоўскай картаграфіі XVІ ст. – 520 гадоў з дня нараджэння.
Фёдараў Іван (сапр. Масквіцін Іван Фёдаравіч; каля 1510–1583), асветнік, адзін са стваральнікаў Заблудаўскай друкарні, заснавальнік кнігадрукавання ў Расіі і Украіне – 510 гадоў з дня нараджэння.
Валовіч Астафій (Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына – 1587 ці 1590), дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, правазнавец, мецэнат-асветнік – 500 гадоў з дня нараджэння.
Віленская друкарня, першая ў Вялікім Княстве Літоўскім, заснаваная Францыскам Скарынам (пачатак 1520-х – 1525) – 500 гадоў з часу заснавання.
Шклоў, горад, цэнтр раёна Магілёўскай вобласці (1520) – 500 гадоў з часу першага ўпамінання ў дакументах.
Кавячынскі Мацей (1520-я – 1572), кнігавыдавец, адзін з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, перакладчык, рэфармацыйны дзеяч – 500 гадоў з дня нараджэння.
Будны Сымон (каля 1530, Беластоцкае ваяводства – 1593), дзеяч беларускай культуры, мысліцель-гуманіст, філосаф, асветнік, рэлігійны рэфарматар, філолаг, паэт – 490 гадоў з дня нараджэння.
Волан (Волян) Андрэй (пасля 1530–1610), палітычны дзеяч, філосаф, правазнавец, ідэолаг рэфармацыйнага руху ў Беларусі і Літве – 490 гадоў з дня нараджэння.
Дарагастайскі Мікалай Мікалаевіч (каля 1530–1597), дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, адзін з рэдактараў Статута ВКЛ 1566 г., удзельнік падрыхтоўкі Люблінскай уніі 1569 г. і абароны Полацка ў Інфлянцкую вайну 1558–1582 гг. – 490 гадоў з дня нараджэння.
Каханоўскі Ян (1530–1584), польскі паэт эпохі Адраджэння, жыццё і творчасць якога звязаны з Беларуссю – 490 гадоў з дня нараджэння.
Кміта-Чарнабыльскі Філон Сямёнавіч (каля 1530–1587), ваенны і палітычны дзеяч ВКЛ, аўтар эпісталярных твораў, якія з’яўляюцца помнікам старажытна-беларускай літаратуры – 490 гадоў з дня нараджэння.
Ланчыцкі Даніэль (Даніэль з Ланчыцы; каля 1530 – каля 1600), друкар (Нясвіж, Заслаўе, Вільня), які выдаў «Новы Запавет» (1564, 1570), «Катэхізіс» С. Буднага (1564) і інш. значныя выданні – 490 гадоў з дня нараджэння.
Цяпінскі (Амельяновіч) Васіль Мікалаевіч (1530-я ці пач. 1540-х г., Чашніцкі р-н) – 1599 ці 1600), гуманіст-асветнік, пісьменнік, кнігавыдавец, прадаўжальнік гуманістычных і культурна-асветніцкіх традыцый Ф. Скарыны – 490 гадоў з дня нараджэння.
Нікіфар Парасхес-Кантакузен (1540-я гг. – 1599), архідыякан, старшыня Брэсцкага царкоўнага сабору 1596 г., святы Беларускай Праваслаўнай Царквы – 480 гадоў з дня нараджэння.
Брэсцкая друкарня, першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі (г. Брэст; 1550-я – 1570) – 470 гадоў з пачатку дзейнасці.
Зізаній (Тустаноўскі) Лаўрэнцій Іванавіч (сапр., верагодна, Куколь; 1550–1560-я гг. – каля 1634), беларускі і ўкраінскі педагог, паэт, мовазнавец, перакладчык, царкоўны дзеяч – 470 гадоў з дня нараджэння.
Рымша Андрэй (каля 1550, Баранавіцкі р-н – пасля 1599), паэт, заснавальнік панегірычнай паэзіі ў старажытнай беларускай літаратуры – 470 гадоў з дня нараджэння.
Кіраўск, горад, цэнтр раёна Магілёўскай вобласці (1560) – 460 гадоў з часу першых звестак.
Рысінскі Саламон Фёдаравіч (каля 1560, Полацкае ваяводства – 1625), польскі і беларусі паэт-лацініст, філосаф, фалькларыст, этнограф, педагог – 460 гадоў з дня нараджэння.
Светлагорск, горад, цэнтр раёна Гомельскай вобласці (1560) – 460 гадоў з часу першага ўпамінання.
Чавусы, горад, цэнтр раёна Магілёўскай вобласці (1560) – 460 гадоў з часу першага ўпамінання.
Віленскі ўніверсітэт, найстарэйшая навучальная ўстанова Беларусі і Літвы (цяпер Вільнюскі ўніверсітэт; 1570) – 450 гадоў з часу заснавання.
Зізаній (Тустаноўскі) Стафан (Сільвестр) Іванавіч (сапр., верагодна, Куколь; каля 1570–1600), беларускі і ўкраінскі педагог, пісьменнік-палеміст, царкоўны дзеяч – 450 гадоў з дня нараджэння.
Карповіч Лявонцій (свецк. Лонгін (Логвін); каля 1580, г. Пінск – 1620), рэлігійны дзеяч, пісьменнік-палеміст, адзін з пачынальнікаў айчыннага сістэматычнага багаслоўя, першы архімандрыт Віленскага брацкага Свята-Духава манастыра, святы Беларускай Праваслаўнай Царквы – 440 гадоў з дня нараджэння.
Кунцэвіч Іасафат (свецк. Іван; 1580–1623), уніяцкі царкоўна-палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, святы Рымска-Каталіцкага Касцёла – 440 гадоў з дня нараджэння.
Баплан Гіём Левасэр дэ (каля 1600 – 1673 ці пасля 1675), французскі інжынер-фартыфікатар, картограф, які склаў карту «Вялікае Княства Літоўскае і Белая Русь», дзе ўпершыню назва «Беларусь» вынесена ў загаловак – 420 гадоў з дня нараджэння.
Семяновіч Казімір (каля 1600 – пасля 1651), інжынер і тэарэтык артылерыі, мысліцель-гуманіст – 420 гадоў з дня нараджэння.
Куцеінская друкарня, цэнтр беларускага кірылічнага кнігадрукавання пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры (г. Орша; 1630–1654) – 390 гадоў з пачатку існавання.
Вашчанка Максім Ярмалініч (1650-я гг., г. Магілёў – 1708), друкар (Слуцк, Магілёў) і гравёр па медзі, адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры – 370 гадоў з дня нараджэння.
Казырэўскі Іван Пятровіч (1680–1734), землепраходзец, першы даследчык Курыльскіх астравоў і паўднёвай часткі Камчаткі, які паходзіў з беларускай шляхты – 340 гадоў з дня нараджэння.
Вашчыла Васіль Мацвеевіч (1690, Клімавіцкі р-н – 1744), кіраўнік сялянскага руху і антыфеадальнага Крычаўскага паўстання 1743–1744 гг. – 330 гадоў з дня нараджэння.
Супрасльская друкарня, якая існавала пры Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры і выпусціла больш за 420 выданняў, сярод якіх буквары славянскай мовы, першы славяна-польскі друкаваны «Лексікон» (1772), першы кірылічны помнік нотадрукавання (1697) і інш. (Беластоцкае ваяводства; пач. 1690-х – 1803) – 330 гадоў з пачатку існавання.
Гескі Ксаверы Дамінік (1700? – 1764), жывапісец, гравёр – 320 гадоў з дня нараджэння.
Глаўбіц Іаган (Ян) Крыштоф (1700? – 1767), беларускі і літоўскі архітэктар, стваральнік шматлікіх каталіцкіх храмаў на Беларусі – 320 гадоў з дня нараджэння.
Агінскі Міхал Казімір (1730–1800), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат – 290 гадоў з дня нараджэння.
Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, прыдворны тэатр, які дасягнуў прафесійнага ўзроўню і стаў значнай старонкай у гісторыі тэатральнага мастацтва Беларусі (1740–1791 ці 1809) – 280 гадоў з пачатку існавання.
Главацкі Антоні (каля 1750 – 1811), тэатральны мастак і партрэтыст, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Літвы і Польшчы – 270 гадоў з дня нараджэння.
Нясвіжская друкарня, заснаваная Радзівіламі, першая на тэрыторыі Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай і выдала «Катэхізіс» С. Буднага – першую кнігу на беларускай мове (1750-я – 1790-я гг.) – 270 гадоў з пачатку існавання.
Анацэвіч Ігнат Сымонавіч (1780, Бераставіцкі р-н – 1845), гісторык, археограф, архівіст, даследчык гісторыі ВКЛ – 240 гадоў з дня нараджэння.
Дабравольскі Іван Вікенцьевіч (1780–1790-я гг., Магілёўшчына – 1851), музыкант, дырыжор, кампазітар, фалькларыст, педагог і музычны дзеяч – 240 гадоў з дня нараджэння.
Дамель Ян (1780–1840), жывапісец, рысавальшчык, які пакінуў значны след у мастацтве Беларусі і Літвы – 240 гадоў з дня нараджэння.
Баршчэўскі Ян (1790 ці 1794, 1796 ці 1799, Расонскі р-н – 1851), пісьменнік, фалькларыст, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры – 230 гадоў з дня нараджэння.
Кулакоўскі Ігнат Рыгоравіч (1800, Пружан. р-н – 1870), грамадскі і культурна-асветніцкі дзеяч, педагог – 220 гадоў з дня нараджэння.
Барычэўскі (Барычэўскі-Тарнава) Іван Пятровіч (1810, Мін. губ. – 1887), гісторык, археограф, фалькларыст, этнограф, які ўдзельнічаў у зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы выданняў Археаграфічнай камісіі – 210 гадоў з дня нараджэння.
Бяляеў Іван Дзмітрыевіч (1810–1873), першы расійскі гісторык, які даў этнаграфічнае апісанне беларусаў і назваў іх крывічамі, славянафіл – 210 гадоў з дня нараджэння.
Кукевіч Канстанцін Фадзеевіч (1810, г. Вільня – 1842), жывапісец, графік, аўтар жанравых кампазіцый, якія сталі каштоўнымі гістарычнымі выяўленчымі крыніцамі – 210 гадоў з дня нараджэння.
Гродзенская губернская друкарня (1820–1915) – 200 гадоў з пачатку існавання пры Гродзенскім губернскім праўленні.
Завіша Ян Казімір (Іван Фадзеевіч; 1820 ці 1852, Уздзенскі р-н – 1887), археолаг, пачынальнік даследавання каменнага веку на тэрыторыі Беларусі – 200 гадоў з дня нараджэння.
Аскерка Аляксандр Уладзіслававіч (1830, Хойніцкі р-н – 1911), грамадскі дзеяч, удзельнік паўстання 1863–1864 гг. – 190 гадоў з дня нараджэння.
Берман Іван Андрэевіч (1830-я гг. – 1893), этнограф, краязнавец, фалькларыст, член Рускага геаграфічнага таварыства – 190 гадоў з дня нараджэння.
Вярыга Эдмунд Іванавіч (каля 1840–1902), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. у Беларусі, Польшчы і Літве – 180 гадоў з дня нараджэння.
Мінейка Зыгмунт (Мінейка-Газдава Сігізмунд Станіслававіч; 1840, Ашмянскі р-н – 1925), беларускі, польскі і грэчаскі грамадскі дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. у Ашмянскім павеце, гісторык, археолаг, публіцыст, інжынер-будаўнік, першы прадстаўнік Беларусі на І Алімпійскіх гульнях (1896), ганаровы грамадзянін Грэцыі – 180 гадоў з дня нараджэння.
Тэатр Дуніна-Марцінкевіча, першы беларускі нацыянальны тэатр сучаснага тыпу, які пакінуў прыкметны след у гісторыі беларускага сцэнічнага мастацтва, садзейнічаў яго станаўленню і развіццю (1840–1850-я гг.) – 180 гадоў з часу стварэння.
Камбураў Пётр Георгіевіч (1860 – пасля 1917), архітэктар, па праектах якога пабудаваны шэраг аб’ектаў у Магілёве і Магілёўскай губерні – 160 гадоў з дня нараджэння.
«Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы», філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынга “Беларускія шпалеры”» (1870) – 150 гадоў з пачатку будаўніцтва.
«Чырвоны харчавік», у складзе канцэрна «Белдзяржхарчпрам», старэйшае прадпрыемства кандытарскай галіны прамысловасці Беларусі (г. Бабруйск, 1870) – 150 гадоў з часу стварэння.
Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», адно з буйнейшых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі (1880) – 140 гадоў з часу стварэння.
Іаан (свецк. Вячорка Іван Марцінавіч; 1890, Глускі р-н – 1933), рэлігійны дзеяч, святы Беларускай Праваслаўнай Царквы – 130 гадоў з дня нараджэння.
Ляжневіч Алесь (Аляксандр Францавіч; 1890, Смаргонскі р-н – 1937), дзеяч тэатральнага мастацтва, тэатразнавец, драматург, дзеяч культуры – 130 гадоў з дня нараджэння.
Мятла Пётр Васільевіч (1890, Мёрскі р-н – 1936), дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст, педагог – 130 гадоў з дня нараджэння.
Гродзенская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка праваслаўнай царквы на Беларусі (1900) – 120 гадоў з часу ўтварэння (адноўлена ў 1992 г.).
Крошнер Міхаіл Яўхімавіч (Яфімавіч; 1900–1942), кампазітар, аўтар першага нацыянальнага балета «Салавей», заслужаны артыст Беларусі – 120 гадоў з дня нараджэння.
Станказавод «Чырвоны барацьбіт» (г. Орша; 1900) – 120 гадоў з часу заснавання.
Мінскі касцёл святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл; 1910) – 110 гадоў з часу пабудовы.
Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей (1920) – 100 гадоў з часу заснавання.
«Беларусь. Belarus», грамадска-палітычны часопіс (г. Мінск; 1930) – 90 гадоў з пачатку выдання.
Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўная навуковая ўстанова (г. Мінск; 1930) – 90 гадоў з часу стварэння.
«Славянка», адно з буйнейшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці Беларусі (г. Бабруйск; 1930) – 90 гадоў з часу стварэння.
«Элема», у складзе канцэрна «Беллегпрам», лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2012) (г. Мінск; 1930) – 90 гадоў з часу стварэння.
Брэсцкая цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С. Пушкіна (1940) – 80 гадоў з часу заснавання.
Мінскі камбінат хлебапрадуктаў, адно з буйнейшых прадпрыемстваў па перапрацоўцы збожжа і вытворчасці мукі ў Рэспубліцы Беларусь (1950) – 70 гадоў з часу выпуску першай прадукцыі.
«Дываны Брэста», буйнейшы вытворца тканых дываноў у Беларусі (1960) – 60 гадоў з пачатку дзейнасці.
Навагрудскі завод газавай апаратуры (1960) – 60 гадоў з часу заснавання.
Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў (1960) – 60 гадоў з часу заснавання.
«Архитектура и строительство», спецыялізаваны навукова-папулярны часопіс (г. Мінск; 1970) – 50 гадоў з пачатку выдання.
Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2005) (г. Мінск; 1970) – 50 гадоў з часу стварэння (першы тэатральны сезон адкрыты 17.01.1971 г.).
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск; 1970) – 50 гадоў з часу стварэння.
«Неруш», фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (1998) (г. Мінск; 1980) – 40 гадоў з часу стварэння.